Gazeta Wyborcza: Горад перастане ўпускаць на сваю тэрыторыю цыркі, якія рыхтуюць нумары з удзелам жывёлы. Праціўнікі цыркаў заклікалі да гэтага гадамі.
Гарадзкая ратуша ўжо апрацоўвае падрабязнасьці распараджэньня, якое зьявіцца на днях. Гэта азначае, што ніводзін гарадзкі суб’ект, у гэтым паасобныя раёны, ня змогуць здаць у арэнду ўчасткі цыркам, якія выкарыстоўваюць жывёл.
Колькі дакладна цыркаў наведвае Варшаву, невядома. Па цэлай Польшчы сэзонна перамяшчаецца іх 17. Яны выкарыстоўваюць, між іншым, сланоў, львоў, тыграў, вярблюдаў, цюленяў, каней, зьмей і інш.
«Хоць забарона не абавязвае прыватныя ўчасткі зямлі, то й так будзе моцным ударам па цырках. Можна сьцьвердзіць, што іх дні палічаныя», – кажа Цэзары Вышыньскі з Фонду Viva, які дзейнічае на карысьць аховы жывёл.
Цыркі плянуюць пратэсты супраць такога рашэньня й называюць яго бяспраўем. «У нас ёсьць юрыдычныя ацэнкі, што гэта абмежаваньне гаспадарчай дзейнасьці. Акрамя таго, гэта тэрарызм. У імя нейкіх поглядаў нам забараняюць працаваць», – кажа Эва Залеўска з Цырку "Залеўскі". «Мы кахаем нашых зьвяроў. Выхоўваем іх так, як выхоўваюць хатняга сабаку», – дадае.
Пратэсты супраць цыркаў у Варшаве адбываюцца апошнія 20 гадоў. У апошнім сэзоне эколягі пратэставалі перад цыркам "Карона", які ў праграму ўключыў выступ марскіх львоў.
Адзін з найноўшых контраргумэнтаў эколягам далі навукоўцы з Польскай акадэміі навук, публікуючы заклік супраць цыркаў. У ім навукоўцы асьцерагаюць, што «цыркавыя паказы пазбаўленыя адукацыйных элемэнтаў, а таксама зьяўляюцца патэнцыйна небясьпечнымі для працэсу выхаваньня дзяцей і моладзі».
Адкуль зацікаўленьне цыркавымі справамі ў варшаўскіх чыноўнікаў? Хваля падобных рашэньняў пракацілася па цэлай Польшчы, а распачаў яе Слупск. Апошнім часам пра забарону цыркаў з жывёламі заявілі Ўроцлаў і Познань, яшчэ раней Лодзь, Калобжэг, Бельска-Бяла.
Гарадзкія ўлады адзначаюць, што рашэньне не азначае адмовы ад цыркаў. Надалей выступаць могуць цыркі, якія ў праграме ня маюць нумароў з жывёлай.
Gazeta Wyborcza/ав