Мэдыцынскае абсталяваньне для пэдыятрычных і герыятрычных аддзяленьнях польскіх шпіталяў – гэта мэта сёньняшняй акцыі „Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі”(WOŚP).
Дабрачыннае мерапрыемства, якое праходзіць таксама за межамі Польшчы, сёлета адбываецца ўжо 24-ы раз.
Удзел у спартыўнай падрыхтоўцы польскай нацыянальнай зборнай па футболе, лыжы прэзыдэнта Анджэя Дуды, буцы вядомага футбаліста Робэрта Левандоўскага або адзін дзень у крэсьле прэзыдэнта гораду Слупск – гэта толькі некаторыя атракцыёны, якія можна здабыць на аўкцыёне.
Аднак падтрымаць дабрачынную акцыю „Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі” можна таксама некалькімі дзясяткамі іншых спосабаў.
Сабраныя падчас сёньняшняга мерапрыемства грошы пойдуць на мэдыцынскае абсталяваньне для пэдыятрычных і герыятрычных аддзяленьняў шпіталяў у Польшчы.
З гэтай мэтай у нядзелю ў 60 гарадах праводзяць сотні канцэртаў, мерапрыемстваў і гонак. На інтэрнэт-аўкцыёнах, апрача сотні традыцыйных залатых сэрцаў, можна купіць многія падарункі ад прадстаўнікоў асяродзьдзя культуры, спорту й палітыкі, у тым ліку прэзыдэнта Анджэя Дуды й яго папярэднікаў на пасадзе кіраўніка краіны.
Дарэчы, аўкцыёны залатых сэрцаў „Вялікага аркестра сьвяточнай дапамогі” праходзілі, між іншым, у эфіры Першай і Трэцяй праграмаў грамадзкага Польскага радыё.
Кожны са 120 тысяч валантэраў мае каляровую скарбонку, чырвоныя сэрцы-наклейкі для ахвяравальнікаў і ідэнтыфікацыйную картку.
Грошы, як штогод, зьбіраюць людзі рознага ўзросту, нагадаў кіраўнік фонду „Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі” Ежы Оўсяк.
Ежы Оўсяк: Наш найстарэйшы валянтэр - гэта спадарыня Крыстына з мясцовасьці Кэнты, якая нарадзілася ў 1932 годзе. Яна напэўна шмат памятае, шмат перажыла й яна з намі. У сваю чаргу самы малады, афіцыйна зарэгістраваны валянтэр – гэта Ольгерд з Варшавы, які нарадзіўся 1 сьнежня 2015 году.
Напрыклад, сёлета ў горадзе Кашалін чарговы раз у рамках акцыі ахвяраваньні зьбіраюць Аляксандар і Мацей.
Аляксандар: Я атрымаў наклейкі, скарбонку й ідэнтыфікацыйную картку. Год таму ўпершыню ўдзельнічаць у акцыі мяне ўгаварыў калега. Я пайшоў разам зь ім. Атмасфэра вельмі класная. Апрача таго, мне падабаецца дапамагаць іншым. Гэта дае радасьць.
Мацей: Мне падабаецца дапамагаць іншым людзям. Заўсёды, калі мы зьбіраем ахвяраваньні, то ёсьць такая добрая атмасфэра й пачуцьцё задавальненьня. Апрача таго, ахвяравальнікі бачаць сэнс у гэтай дапамозе. Яны бачаць, што сапраўды даюць людзям тое, што ім неабходнае, напрыклад, мэдыцынскае абсталяваньне.
„Дзякуючы „Вялікаму аркестру сьвяточнай дапамогі” бальніцы могуць дазволіць сабе купіць дадатковае, вельмі дарагое мэдыцынскае абсталяваньне”, - кажа Нацыянальны кансультант у галіне дзіцячай анкалёгіі й гематалёгіі Ежы Кавальчык.
Ежы Кавальчык: Мы хацелі б дагнаць найлепшых. У сувязі з гэтым, падтрымка ў выглядзе найбольш сучаснага абсталяваньня, час ад часу, нашай мэдыцыне вельмі патрэбная.
Ежы Кавальчык заявіў, што сабраныя сёлета ахвяраваньні будуць прызначаныя, між іншым, на набыцьцё абсталяваньня па дыягностыцы. Гаворка ідзе, між іншым, пра апараты для магнітна-рэзананснай тамаграфіі, камп'ютарныя тамографы, апараты ўльтрагукавога дасьледаваньня.
Нацыянальны кансультант у галіне дзіцячай анкалёгіі й гематалёгіі дадае, што лекары ў Польшчы таксама хочуць разьвіваць генэтычную дыягностыку.
Ежы Кавальчык: Цяпер генэтыка ці генэтычная дыягностыка адыгрывае вялікую ролю ў лячэньні анкалягічных захворваньняў. Таму мы хочам, каб гэтая галіна была ў Польшчы на самым высокім ўзроўні. Гаворка ідзе пра тое, каб мы маглі супрацоўнічаць і быць паўнацэннымі партнэрамі для мэдыцынскіх установаў за мяжой.
Кіраўнік Фонду „Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі” Ежы Оўсяк нагадвае, што ў іншых краінах таксама арганізоўваюцца публічныя зборы ахвяраваньняў, таму што грошай зь бюджэту ня хопіць на рэалізацыю ўсіх патрэбаў аховы здароўя.
Ежы Оўсяк: За бюджэтныя сродкі кожная краіна ўстане забясьпечыць толькі частку патрэбаў. Няма гэткай краіны ў сьвеце, якая была б у стане гарантаваць грамадзянам усё. Гэта не ўдалося нават Чавэзу ў Вэнэсуэле, які прапанаваў увядзеньне поўнасьцю бясплатнай сыстэмы аховы здароўя. Аднак гэта не атрымліваецца, нягледзячы на памер нафтавых радовішчаў. Ахова здароўя - гэта самая дарагая галіна ў сьвеце.
Зь першага мерапрыемства, якое прайшло ў 1993 годзе, WOŚP сабрала 650 млн злотых. Цягам васьмі апошніх гадоў кожная акцыя б’е рэкорд па колькасьці сабраных грошай.
У 2015 годзе валянтэры „Вялікага аркестра сьвяточнай дапамогі” сабралі больш за 53 млн злотых, крыху больш чым 2 мільёны з гэтай сумы пайшлі на правядзеньне самога мерапрыемства.
Паводле Цэнтра дасьледаваньня грамадзкай думкі (CBOS), цягам апошніх 12 гадоў давер палякаў да штогадовай дабрачыннай акцыі „Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі” вагаецца ад 85 да 89 працэнтаў.
ФОТА: PAP/Leszek Szymański
аз
„Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі” (па-польску: „Wielka Orkiestra Świątecznej Pomocy”) — дабрачынная некамэрцыйная грамадзкая арганізацыя, адна з найбуйнейшых у Польшчы, якая штогод ладзіць збор сродкаў, дзякуючы якім шпіталі Польшчы атрымоўваюць спэцыялізаванае мэдыцынскае абсталяваньне.
Упершыню акцыя прайшла ў 1993 годзе. Цяпер яна штогод праходзіць па ўсёй краіне, а нават па-за яе межамі.
Кожны, хто зрабіў унёсак, атрымлівае ад валянтэра наклейку ў выглядзе чырвонага сэрца.
аз/wikipedia.org