Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы на фэстывалі бардаў OPPA ў Варшаве

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.11.2015 17:20
  • OPPA 2015.mp3
Сёлета на ўдзел у конкурснай частцы падалі заяўкі і прайшлі ў паўфінал чацьвёра беларускіх бардаў - Натальля Нікіціна, Вольга Калмакова, Вольга Акуліч і Юрый Дубавік.

У гэтую суботу 14 лістапада, у чарговы раз – ужо трыццаць трэці - пачынаецца ў Варшаве Міжнародны фэстываль аўтарскай песьні OPPA. А з намі спадар Пётр Бакаль, які ад самага пачатку зьвязаны з гэтым мерапрыемствам і ў значнай меры прычыніўся да яго ўзьнікненьня. Скажыце, калі ласка, калі гэта адбылося?

Пётр Бакаль: Гэта было ў 1978 годзе ў студэнцкім клюбе «Hybrydy» у Варшаве. Сапраўды, я ініцыяваў гэты фэстываль. Першыя чатыры гады я ім кіраваў, потым перанялі гэтую ролю мае калегі з клюбу. Калі ў Польшчы пачалася трансфармацыя, у нас быў перапынак, клюб «Hybrydy» перастаў цікавіцца такімі мерапрыемствамі. І ўрэшце мы рэактывавалі гэты фэстываль ужо звонку студэнцкага асяродзьдзя, у 1997 годзе і з таго часу па сёньняшні дзень я зьяўляюся яго дырэктарам.

OPPA – гэтая абрэвіятура на польскай мове азначае «Агульнапольскі агляд аўтарскай песьні», але, нягледзячы на гэта, у фэстывалі ўжо некалькі гадоў прымаюць удзел замежнікі. Калі зьмяніўся фармат мерапрыемства?

П.Бакаль: У 2006 годзе мы зьмянілі назоў, мы захавалі абрэвіятуру OPPA, і дадалі дапаўненьне «Міжнародны фэстываль бардаў», таму што з году ў год павялічвалася колькасьць замежных удзельнікаў фэстывалю і мы вырашылі адлюстраваць рэчаіснасьць. Мы дадалі слова «бардаў», таму што акрэсьленьне «аўтарская песьня» недакладна перадае сутнасьць, бо аўтарскай песьняй можа быць таксама «папса», для якой нехта сам напісаў словы і музыку – гэта таксама аўтарская песьня. Але нам выключна залежыць на бардах, гэта значыць на такіх людзях, якія сьпяваюць разумныя паэтычныя тэксты.

У OPPA актыўна прымаюць удзел беларускія артысты. Першым быў шырокавядомы гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч. І ён быў госьцем у 2005 годзе, яшчэ перад тым, як фэстываль пераўтварыўся ў Міжнародны фэстываль бардаў. Як вы даведаліся пра Шалкевіча?

П.Бакаль: Нашыя знаёмыя зь Беларусі, актывісты Саюзу палякаў сказалі нам пра яго. Сказалі, што ёсьць такі беларус, бард, класны артыст і скантактавалі нас зь ім.

Віктар Шалкевіч у 2005 годзе на OPPA ў конкурснай частцы ўвайшоў у «Залатую Пяцёрку».

П.Бакаль: Гэта група раўнапраўных ляўрэатаў. Мы не прызнаем 1,2,3 месца. «Залатая Пяцёрка» - гэта выбраныя найлепшыя. І сярод іх журы можа вылучыць ляўрэата Гран Пры імя Ёнаша Кофты. І так часта бывае. На самой справе, вельмі рэдка здараецца, што журы не прызнае Гран Пры.

І так, з 2005 году на конкурс OPPA пачынаюць прыяжджаць беларусы і адразу зь вялікім посьпехам, бо ў 2006 годзе галоўную ўзнагароду атрымала Тацьцяна Беланогая.

П.Бакаль: Як да гэтай пары, гэта быў адзіны такі выпадак, калі госьць з–за мяжы атрымаў самы высокі прыз фэстывалю, гэта значыць Гран Пры імя Ёнаша Кофты. Пасьля гэтага, з нашай дапамогай Тацьцяна запісала свой першы дыск, потым другі. Ведаю, што актыўна дзейнічае бардэсай. Мы ў пэўнай ступені да гэтага прычыніліся і мы вельмі рады.

З 2006 году беларусы, бадай, штогод падаюць заяўкі на ўдзел у конкурсе OPPA і выступаюць зь меншым ці большым посьпехам. Здаецца, што 2009 год быў для іх зусім нядрэнны, бо ў «Залатую Пяцёрку» увайшло двое беларусаў - Яўген Барышнікаў і Кацярына Ваданосава зь Менска. Ці вы назіраеце за лёсам сваіх ляўрэатаў?

П.Бакаль: За ўсімі нам не ўдаецца назіраць. Толькі на столькі, колькі да нас паступае інфармацыя з інтэрнэту ці мэйлы. Мы не распрацавалі адмысловай праграмы, якая б высочвала, што робяць нашыя ляўрэаты, але я ведаю, што бальшыня зь іх надалей дзейнічае ў гэтай галіне, сьпяваюць, ствараюць новыя песьні, новыя праграмы.

Часам таксама самі вяртаецеся да іх, бо ў 2009 годзе, у гэты добры год для беларускіх бардаў, Тацьцяна Беланогая была запрошана ў якасьці госьці галоўнага канцэрта. Адзначым, што фэстываль OPPA - гэта шырокае мерапрыемства, якое ахоплівае ня толькі конкурсную частку, але яго суправаджае шэраг дадатковых імпрэзаў. Сёлета фэстываль працягнецца з 14 лістапада па 22 лістапада. Гэта шмат часу. Што за гэты час адбудзецца?

П.Бакаль: Ужо некалькі гадоў фэстываль працягваецца 9 дзён. Спачатку ў нас конкурсная частка – два дні – паўфінал і фінал. Затым рэчыталы артыстаў, якія цягам году выдалі дыск, або рэалізавалі сваю новую праграму. Канцэрты праходзяць у розных дамах культуры ў Варшаве. Пастаянным пунктам праграмы зьяўляецца канцэрт, прысьвечаны сусьветнаму барду, якога ўжо няма ў жывых. Сёлета канцэрт прысьвячаецца Ўладзіміру Высоцкаму. А на заканчэньне фэстывалю праходзяць два галоўныя канцэрты: «Прэм’еры ды інтэрпрэтацыі», у якіх барды сьпяваюць свае прэм’ерныя песьні і выконваюць песьні вядомых замежных бардаў на польскай мове. Гэты канцэрт звычайна праходзіць у студыі імя Агнешкі Асецкай, або ў залі імя Вітальда Лютаслаўскага Польскага радыё. І на завяршэньне адбываецца канцэрт зоркі фэстывалю. Летась гэта была шырокавядомая чэская бардэса Радуза, а сёлета польскі артыст, які піша і спявае свае песьні, Станіслаў Сойка.

Сёлета на ўдзел у конкурснай частцы Міжнароднага фэстывалю бардаў OPPA падалі заяўкі і прайшлі ў паўфінал чацьвёра беларускіх бардаў - Натальля Нікіціна, Вольга Калмакова, Вольга Акуліч і Юрый Дубавік. Яны будуць выступаць у суботу 14 лістапада ў «Dom Kultury Śródmieście» па вуліцы Смольнай, 9 у Варшаве, пачатак а гадзіне 16. Пераможная «Залатая Пяцёрка» будзе абвешчана ў нядзелю 15 лістапада.

Сёлета Гран Пры OPPA – прэмія імя Ёнаша Кофты - дае дафінансаваньне студыйнага запісу кружэлкі да 9 тысячы злотых брута ды выпуск 600 экзэмпляраў дыскаў ляўрэата.

Гутарыла Яланта Сьмялоўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт