Права і Справядлівасьць можа трапіць ва ўласную пастку
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
27.10.2015 12:26
Лідар ПіС бярэ ўладу ў свае рукі ў абставінах, якіх раней не было ў ніводнага кіраўніка дэмакратычнай партыі.
Bild: PAP/Paweł Supernak
Усе выданьні камэнтуюць вынікі парлямэнцкіх выбараў, на якіх перамагла партыя Права і Справядлівасьць Яраслава Качыньскага. Лідар ПіС бярэ ўладу ў свае рукі ў абставінах, якіх раней не было ў ніводнага кіраўніка дэмакратычнай партыі – піша Dziennik Gazeta Prawna. Яго партыя неўзабаве сфармуе ўрад, а прэзыдэнт – таксама прадстаўнік ПіС Анджэй Дуда. У якіх галінах у першую чаргу пачнуцца зьмены?
Ахова здароўя – сыстэма ўсеагульных узносаў будзе адменена, замест яе партыя намерана ўвесьці фінансаваньне зь бюджэту. Выдаткі на здароўе вырастуць з 4,6% да 6% ВУП. Бясплатнай мэдыцынай ПіС намераны ахапіць усіх палякаў, незалежна ад унесеных узносаў.
Адукацыя – яшчэ сёлета парлямэнт плянуе прыняць закон, які адменіць рэформу «шасьцігодкаў». Цяпер бацькі змогуць вырашаць, ці пасылаць дзіця ў першы кляс ва ўзросьце шасьці, ці сямі гадоў. Чарговы крок – ліквідацыя гімназіяў.
ПіС рыхтуецца да зьменаў таксама ў пэнсійнай сыстэме – вяртаньня да старога пэнсійнага ўзросту. У сваю чаргу на рынку працаўладкаваньня партыя будзе імкнуцца да зьмяншэньня часовых кантрактаў і росту працоўных месцаў для маладых.
У замежнай палітыцы прыярытэтам будзе разьмяшчэньне пастаянных ваенных баз NATO у Польшчы. Пакуль што супраць выступае Нямеччына, якая не хацела б раздражняць Расею. Новае кіраўніцтва краіны намерана таксама павысіць выдаткі на армію.
ПіС кажа, што грошы на гэтыя мэты знойдуцца, паколькі ў бюджэце ёсьць яшчэ некалькі мільярдаў злотых рэзэрваў. Дзе – пакуль што невядома, бо праект бюджэтнага закону, падрыхтаваны яшчэ Грамадзянскай плятформай, і так здаваўся надта аптымістычным у галіне даходаў.
Камэнтатар выданьня Rzeczpospolita Марцін Пясэцкі таксама адзначае, што няма дэталяў новаўвядзеньняў. Гэта і ня дзіўна, выбары адбыліся толькі два дні таму. Тым ня менш, многія прапановы даволі цяжка ажыцьцявіць у тэхнічным пляне. Напрыклад, гермэтызацыя падатковай сыстэмы паводле пляну ПіС, патрабуе стварэньня вялізнай базы дадзеных.
Права і справядлівасьць хутка можа трапіць у пастку ўласнага посьпеху, вельмі эфэктыўнай перадвыбарчай кампаніі. Перад выбарамі прагучала вельмі шмат абяцаньняў, людзі чакаюць ад ПіС амаль немагчымага. І як цяпер сказаць ім, што нейкую рэформу ўдасца ажыцьцявіць толькі праз два гады або і пазьней?
Rzeczpospolita/Dziennik Gazeta Prawna/нг