Палітолягі крытычна ацэньваюць учарашнія дэбаты, у якіх удзельнічалі дзейная прэм’ер-міністар польскага ўраду Эва Копач і кандыдатка на пасаду прэм’ера ад партыі Права й справядлівасьць Бэата Шыдла. У сутычцы прадстаўніц дзьвюх буйнейшых польскіх партый цяжка назваць адназначную пераможцу.
Перад выбарамі дэпутатаў парлямэнту, якія пройдуць 25 кастрычніка, у сродках масавай інфармацыі адбываецца шмат інтэрвію прадстаўнікоў розных груповак. Выступаюць палітыкі, кандыдаты, прапануюць свае праграмы, даюць як рэальныя, так і зусім пустыя абяцаньні.
Апытаньні сьведчаць аб тым, што ў Сэйм (ніжэйшую палату парлямэнту) увойдзе некалькі партый, дзьве найважнейшыя з іх – Грамадзянская плятформа, якая цяпер кіруе краінай у кааліцыі з Польскай сялянскай партыяй і буйнейшая апазыцыйная сіла Права і справядлівасьць. Учора на тэлебачаньне былі запрошаны прадстаўніцы гэтых дзьвюх партый – старшыня Грамадзянскай плятформы Эва Копач і віцэ-старшыня Права й справядлівасьці Бэата Шыдла.
Сустрэча была падзелена на некалькі тэматычных частак, якія датычылі эканомікі і сацыяльных пытаньняў, замежнай палітыкі, бясьпекі краіны, дзяржаўнага ладу. І Шыдла, і Копач адвольна падыходзілі да пытаньняў журналістаў, прадстаўлялі свае праграмы і стараліся пераконваць выбаршчыкаў, замест таго, каб адказваць на пытаньні вядучых. Копач шмат казала пра эканоміку, запрашала знаёміцца з праграмай партыі, якая абяцае людзям працу, вышэйшыя заробкі, ніжэйшыя падаткі.
Э. Копач: Наш падатак, вельмі просты і справядлівы, аддае перавагу сем’ям. Ён спалучаны з гэтак званым кантрактам на працаўладкаваньне, працоўнай дамовай. Мы ліквідуем часовыя кантракты, а маладым людзям прапануем, каб яны бралі крэдыты і куплялі ўласныя кватэры. Дзякуючы нашым новаўвядзеньням 10 мільярдаў застанецца ў кішэнях падаткаплатнікаў.
Шыдла некалькі разоў згадала пра найважнейшы праект Права і справядлівасьці, які прадугледжвае ўвядзеньне грашовай дапамогі на кожнае дзіця – у бедных сем’ях зь першага дзіцяці, у багацейшых – за кожнае другое і наступнае па 500 злотых у месяц. Таксама прадстаўніца ПіС хваліла свой праект падатковай сыстэмы, якая пакіне больш грошай грамадзянам і казала, што рабіць, каб затрымаць у Польшчы маладых людзей, многія з якіх мараць пра эміграцыю.
Б. Шыдла: Я падрыхтавала нацыянальную праграму працаўладкаваньня – закон, які павінен даць магчымасьць засноўваць уласную фірму, дасьць працу маладым людзям. Ёсьць праграма падтрымкі сем’яў «500 злотых на кожнае дзіця» і карысныя падатковыя зьмены для прадпрымальнікаў. Маладыя палякі ня зьедуць з краіны, калі якасьць іх жыцьця будзе такой жа, як за мяжой.
Пасьля заканчэньня дэбатаў Бэата Шыдла аб’явіла, што яна была лепшай, прыхільнікі віталі яе авацыямі і віншавалі зь перамогай. У сваю чаргу Эва Копач спакойна завяршыла сустрэчу, не было словаў пра тое, што яна, маўляў, стала пераможніцай.
Спэцыялісты па палітычным маркетынгу, палітолягі скептычна ставяцца да такога роду сустрэч. На думку прафэсара Рафала Хвэдорука, дэбаты нічога новага не ўнесьлі ў польскую палітыку.
Р. Хвэдорук: Такое ўражаньне, што абедзьве кандыдаткі прадэкламавалі дакладна тое, што ім падрыхтавалі спэцыялісты. Толькі некаторыя сказы былі іхнія, асабістыя. Канешне, былі цікавыя моманты, былі такія тэмы, якія ўдзельніцы добра ведаюць, былі і слабейшыя выказваньні. Але пры гэтым узьнікае пытаньне, ці такія дэбаты агулам маюць сэнс.
Выказваньні абедзьвюх удзельніц былі зьмястоўныя, нельга сказаць, хто быў лепшы. Таму важнейшае было ня тое, што казалі кандыдаткі, а тое, як яны выглядалі і сябе паводзілі, – мяркуе сацыёляг Адам Бобрык. На ягоную думку, лепшы быў імідж Бэаты Шыдла.
А. Бобрык: Відаць, што Права й справядлівасьць зрабіла акцэнт на імідж. Значна лепш выглядала кандыдатка гэтай партыі, чым дзейная прэм’ер-міністар. Адмыслоўцы паклапаціліся пра ўсе дэталі: вопратка, паводзіны, жэстыкуляцыя, позірк накіраваны ў камэру.
Іншыя групоўкі крытычна ставяцца да такой формулы сустрэчы палітыкаў. Меркаваньнем прадстаўнікоў розных партый, а на выбарах зарэгістравана 8 выбарчых камітэтаў, лідары ўсіх груповак павінны сустрэцца і разам дэбатаваць пра разьвіцьцё краіны. Такія дэбаты, з удзелам прадстаўнікоў усіх партый, пройдуць сёньня.
нг