Logo Polskiego Radia
Print

Хэйту - не!

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.10.2015 14:37
У інтэрнэце назіраюцца самыя розныя праявы варожасьці да сапернікаў, часта далёкія ад палітычнай карэктнасьці.

У Беларусі выбары прайшлі спакойна, не было затрыманьняў, арыштаў, судоў, была крытыка, але вынік вядомы загадзя. Зусім інакш выглядае сытуацыя ў Польшчы перад парлямэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца 25 кастрычніка. Дзьве асноўныя партыі краіны, паводле апытаньняў грамадзкай думкі, могуць разьлічваць на некалькі дзесяткаў працэнтаў галасоў кожная. Палітыкі жорстка змагаюцца за галасы, паліваючы сапернікам брудам, у чым дапамагаюць ім гэтак званыя хэйтэры.

Вынік галасаваньня немагчыма прадбачыць да падліку галасоў. Таму важна авалодаць інтэрнэтам, які дазваляе цяпер перацягнуць шмат выбарцаў на свой бок. А ў інтэрнэце назіраюцца самыя розныя праявы нянавісьці да сапернікаў, часта далёкія ад палітычнай карэктнасьці. Таму ў дзяржаве была аб’яўлена кампанія супраць інтэрнэт-хэйтынгу. Гэты тэрмін новы, ён паходзіць ад ангельскага слова hate, што азначае «ненавідзець». Нельга памыляць хэйтэра з крытыкам. Калі хтосьці крытыкуе, ён карыстаецца ўзважанымі аргумэнтамі, а хэйтэр лаіцца, не зважаючы на аргумэнты і розныя рацыі.

Хваля хэйтынгу паднялася ня толькі пры нагодзе выбараў, таксама тэма імігрантаў – прыняць іх ці не прыняць – выклікае вялізныя эмоцыі. Неабходна задумацца, як палепшыць стаўленьне да тых, хто прадстаўляе ў інтэрнэце іншы погляд – адзначае эканамістка, былая віцэ-міністар культуры Агнешка Адаровіч, якая падключылася ў акцыю «Я выбіраю бяз хэйту».

А. Адаровіч: Тое, што адбываецца ў інтэрнэце, патрабуе хуткай рэакцыі. Неабходна адукаваць грамадзян. Я параўнала дыскусіі ў польскім інтэрнэце і ангельскім. У ангельскім назіраецца зусім іншая культура выказваньня. Трэба задаць пытаньне, адкуль столькі нянавісьці ў нашым сеціве. На маю думку, вялікая віна ў гэтым палітычных эліт, але таксама органаў правапарадку, якія павінны востра рэагаваць на заклікі да насільля або праявы расізму, сталкінг. Паліцыя мяркуе, што словы ня шкодзяць грамадзтву. На маю думку, гэта вельмі шкодна. Многія маладыя людзі прадпрымаюць спробы самагубства ў выніку таго, што адбываецца вакол іх у інтэрнэце. Сеціва – гэта грамадзкая прастора, як парк, як вуліца, дзе павінны быць нейкія нормы.

На думку Агнешкі Адаровіч, палякі зрабілі вялікую памылкі, што на самым пачатку, калі інтэрнэт толькі разьвіваўся, не былі абмеркаваныя і прынятыя агульныя нормы паводзінаў у сеціве. І цяпер усе прывыклі да таго, што ў інтэрнэце шмат нянавісьці.

А. Адаровіч: Мы дазволілі, каб людзі прывыклі да дрэнных паводзінаў – яны прыніжаюць адзін аднаго, не падпісваюцца сваім імём і прозьвішчам. Мы прывыклі да таго, што ў сеціве ніхто не бярэ на сябе адказнасьці за ўласныя словы, а той, каго прыніжаюць, ня мае магчымасьці бараніцца. Суды не бяруцца за такія справы. Гэтая мова нянавісьці заражае новыя пакаленьні дзяцей, якія пастаянна сядзяць у сеціве. Дома, у школе мы вучым дзяцей добрым манерам, а ў сеціве – рабі, што хочаш.

Палякі захліпнуліся свабодай, яны часта па-варожаму ставяцца да ўсіх спробаў абмежаваньня поўнай свабоды выказваньня і паводзінаў. Сапраўды, законы даюць грамадзянам свабоду слова, але таксама права ахоўваць сваё добрае імя, – кажа Агнешка Адаровіч.

А. Адаровіч: Свабода слова – гэта права, дадзенае Канстытуцый, таксама як права бараніць сваё добрае імя. Але праблема ў тым, што ў сеціве добрае імя немагчыма абараніць. Паспрабуйце абараніць сваю годнасьць у інтэрнэце – гэта нерэальна, паколькі няма нават доступу да пэрсанальных дадзеных тых асоб, якія пішуць расісцкія выказваньні, нягледзячы на тое, што законы прадугледжваюць пакараньне за такія паводзіны.

У Польшчы пачалася акцыя, прымеркаваная да парлямэнцкіх выбараў у краіне. Яна называецца «Я выбіраю бяз хэйту». Калі мы хочам быць адказнымі і свабоднымі людзьмі, то неабходна цывілізаваць тое, што адбываецца ў сеціве, – заклікае госьць Польскага радыё.

А. Адаровіч: Неабходная з аднаго боку грамадзкая адукацыя, зьвяртаньне ўвагі нават знаёмым на добрыя манеры, а зь іншага боку юрыдычныя нормы, крокі сілаў правапарадку, якія дазволяць людзям змагацца за сваю годнасьць. Я прывяду прыклад справы з Бэльгіі, дзе суд за расісцкія выказваньні прыгаварыў на 10-гадовую забарону займацца парлямэнцкай дзейнасьцю Даніэля Фэрэта, які зьяўляецца старшынёй Нацыянальнага фронту. Немагчыма сабе ўявіць, каб у Польшчы нейкі палітык, скажам, за выказваньні супраць бежанцаў, атрымаў забарону балятавацца ў парлямэнт.

У Польшчы ўзровень грамадзкага капіталу вельмі нізкі, малыя магчымасьці спакойнага ўспрыняцьця іншых людзей, калі яны прадстаўляюць погляды, якія нам не падабаюцца – падсумоўвае Агнешка Адаровіч, актывістка жаночага руху, былая віцэ-міністар культуры.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт