Logo Polskiego Radia
Print

Страйк у польскіх школах у Летуве

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.09.2015 12:26
Уніфікацыя праграмаў навучаньня вельмі ўскладніла польскім дзецям шлях да вышэйшай адукацыі.
Foto: wikimedia

Сёньня ў польскіх школах у Летуве пачынаецца бестэрміновы страйк – паведамляе выданьне Rzeczpospolita. Дзеці ідуць не на ўрокі, а маліцца да Маці Божай Вострабрамскай, прасіць яе, каб быў адменены закон аб асьвеце, які дыскрымінуе нацменшасьці. Закон быў прыняты чатыры гады таму, нягледзячы на пратэсты мясцовых палякаў. Пад пагрозай ліквідацыі цяпер самыя вядомыя польскія школы ў Вільні.

Справа ў тым, што згодна закону, цяпер вучні польскіх і летувіскіх школаў павінны здаваць іспыты па летувіскай мове паводле аднолькавых прынцыпаў. Дагэтуль навучаньне польскай і летувіскай мовам адбывалася паводле розных праграмаў. Розьніца складае каля 800 урокаў. Цяпер, каб вывучыць летувіскую мову, дзецям прыходзіцца намнога больш часу прысьвячаць гэтаму прадмету, чым іншым. Праблемы пачынаюцца ўжо ў першым клясе. Уніфікацыя праграм навучаньня прадбачвае, што першаклясьнікі ведаюць летувіскую мову з роднага дому. А дзеці палякаў часта пачынаюць яе вучыць толькі ў школе, паколькі дома размаўляюць па-польску.

Летувіскія палякі разьлічваюць, што польскія ўлады падтрымаюць іх дзеяньні, хаця ня ўсе мяркуюць, што страйк прынясе пазытыўныя вынікі. Бацькі намераны да канца змагацца за сваіх дзяцей, паколькі ўніфікацыя праграмаў навучаньня вельмі ўскладніла польскім дзецям шлях да вышэйшай адукацыі.

У Летуве працуе прыкладна 90 школаў з польскай мовай навучаньня. У іх ходзіць каля 12 тысяч вучняў.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт