Logo Polskiego Radia
Print

Тэрмін няспоўненых надзеяў!?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 05.08.2015 15:05
  • Тэрмін.mp3
50% апытаных лічыць, што Камароўскі быў горшым прэзыдэнтам, чым яны спадзяваліся.
Photo: Prezydent.plPhoto: Prezydent.plhttp://www.prezydent.pl

Сёньня апоўдні, у апошні дзень тэрміну сваіх паўнамоцтваў прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі сустрэўся з камандуючымі польскімі ўзброенымі сіламі. Ад імя польскіх жаўнераў з саступаючым прэзыдэнтам разьвітаўся кіраўнік Міністэрства абароны Томаш Сямоняк.

Нагадаем, заўтра на прэзыдэнцкай пасадзе Браніслава Камароўскага заменіць новаабраны прэзыдэнт Анджэй Дуда.

Учора ўвечары прэзыдэнт падзякаваў сваім выбаршчыкам і падсумаваў пяць гадоў свайго прэзыдэнцтва.

Браніслаў Камароўскі нагадаў, што ён пачынаў тэрмін сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў у крызысе, які ўзьнік пасьля катастрофы прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам у 2010 годзе.

Браніслаў Камароўскі: Нягледзячы на гэта, удалося хутка стабілізаваць сытуацыю ў краіне. Прапанову супрацы па найважнейшых для Польшчы справах я накіраваў да ўсіх парлямэнцкіх сілаў. Між тым, я запрасіў да ўдзелу ў Радзе нацыянальнай бясьпекі прадстаўнікоў апазыцыі.

У сваім звароце Браніслаў Камароўскі шматразова падкрэсьліваў, што ён рабіў стаўку на дыялёг і паразуменьне.

Браніслаў Камароўскі: Фундамэнтам далейшага разьвіцьця Польшчы зьяўляецца менавіта дыялёг, які яднае людзей, што прадстаўляюць розныя, а часам нават супярэчлівыя інтарэсы й імкненьні.

Браніслаў Камароўскі падкрэсьліў, што асабліва важнымі для яго былі пытаньні бясьпекі й абароны Польшчы.

„У гэтай галіне ўдалося дасягнуць сапраўды шмат”, - пераконваў прэзыдэнт Камароўскі.

Браніслаў Камароўскі: Гаворка ідзе ня толькі пра ўзмацненьне адзінкаў Паўночнаатлянтычнага пакту ў Цэнтральнай Эўропе перад абліччам пагрозы на Ўсходзе Эўропы, але таксама пра паскарэньне працэсу тэхнічнай мадэрнізацыі польскай арміі. Менавіта гэтаму павінна паспрыяць фінансаваньне войска на ўзроўні 2% ВУП.

Прэзыдэнт пераконваў, што павелічэньне бясьпекі Польшчы шляхам, між іншым, мадэрнізацыі арміі павінна быць надалей прыярытэтам.

„Гэта было мала актыўнае прэзыдэнцтва”, - лічыць Бэата Шыдла - віцэ-старшыні найбуйнейшай апазыцыйнай партыі „Права й справядлівасьць” і кандыдатка на прэм’ер-міністра ў выпадку перамогі ПіС на восеньскіх выбарах.

Бэата Шыдла: Не хапала такой актыўнасьці прэзыдэнта, якая павінна выпраўляць памылковыя рашэньні ўраду. Прэзыдэнт не выступаў на баку грамадзянаў, толькі абараняў ідэі кіроўнай „Грамадзянскай плятформы”. На жаль, паколькі я думаю, што па справе зьмены пэнсійнай сыстэмы ці грамадзянскіх праектаў, якія адхіляліся ў Сэйме, прэзыдэнт павінен пратэставаць.

Паводле камэнтатара Рамана Куркевіча зь інфармацыйнага тэлеканалу TVN24, увогуле варта задумацца, ці ў Польшчы пасада прэзыдэнта патрэбная.

Раман Куркевіч: Я бачу нейкі ейны сэнс, калі роляй гэтай пасады зьяўляецца, скажам так, даваць адпор ураду ў сытуацыі, калі прэзыдэнт прадстаўляе іншыя палітычныя сілы, чым урад. Аднак у сытуацыі, калі прэзыдэнт карыстаецца падтрымкай партыі, якая непадзельна кіруе краінай, то ўсе паўнамоцтвы гэтай пасады, апрача прадстаўнічых, недзе губляюцца.

Нагадаем, папярэднікам Браніслава Камароўскага быў Лех Качыньскі, які трагічна загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам.

Браніслаў Камароўскі, які быў тады сьпікерам Сэйму, часова пераняў абавязкі загінулага кіраўніка дзяржавы. У другім туры датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў ён перамог зь Яраславам Качыньскім – братам трагічна загінулага прэзыдэнта Леха Качыньскага.

Паводле часткі камэнтатараў, асноўнай памылкай прэзыдэнта Камароўскага былі яго моцныя сувязі з палітыкай ураду.

Браніслаў Камароўскі стаў ахвярай мысьленьня, што прэзыдэнт і ўрад павінны заўсёды гаварыць адным голасам. Гэта скончылася для яго катастрофай, паколькі падчас прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх ён змагаўся за перавыбар, выбаршчыкі прадэманстравалі сваю незадаволенасьць палітыкай ураду.

Неадкладна пасьля выбарчай паразы рэкордная дагэтуль падтрымка Браніслава Камароўскага пачала падаць.

Паводле найноўшага апытаньня, праведзенага цэнтрам „TNS Polska”, больш чым палова палякаў (51%) незадаволеная спосабам кіраваньня краінай. Уладай Браніслава Камароўскага задаволеныя толькі 37% апытаных.

50% апытаных палякаў заяўляе, што Камароўскі быў горшым прэзыдэнтам, чым яны спадзяваліся. У сваю чаргу паводле 47% рэспандэнтаў, ён таксама рэалізаваў толькі частку сваіх выбарчых абяцаньняў.

Нагадаем, Браніслаў Камароўскі быў першым польскім прэзыдэнтам, які разам з урадам пад кіраўніцтвам сваёй партыі, кіраваў краінай на працягу цэлага тэрміну паўнамоцтваў.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт