Logo Polskiego Radia
Print

NATO узмацняецца на Ўсходзе

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 24.06.2015 15:30
  • NATO узмацняецца на Ўсходзе.mp3
Амэрыканцы перакідваюць цяжкае ўзбраеньне ў Цэнтральную Эўропу.
 NATO BALTOPS USTKA PAP/Adam Warżawa NATO BALTOPS USTKA PAP/Adam Warżawa

NATO прыняло рашэньне пра ўзмацненьне сілаў хуткага рэагаваньня. Гэта робіцца дзеля ўзмацненьня ўсходняй мяжы альянса.

У Варшаве з задавальненьнем успрынялі заяву амэрыканскага міністра абароны Аштана Картэра. Вашынгтонскі чыноўнік заявіў пра тое, што ЗША накіруюць у Цэнтральную Эўропу цяжкае вайсковае ўзбраеньне. Гэта танкі, бронемашыны, артылерыя ды амуніцыя. Агулам амэрыканцы плянуюць у 6 краінах Цэнтральнай Эўропы разьмясьціць узбраеньне для 5-тысячнай групоўкі жаўнераў. Падрабязнасьці перадае карэспандэнтка Польскага Радыё Агнешка Дронжкевіч.

Агнешка Дронжкевіч: На вайсковых складах на польскай тэрыторыі амэрыканцы разьмесьцяць танкі, бронемашыны ды цяжкую артылерыю. Гэта важнае для бясьпекі Польшчы рашэньне, заявілі ў Варшаве. Маўляў, як мага большая вайсковая прысутнасьць амэрыканцаў у Эўропы ляжыць у інтарэсе Польшчы. Рашэньню папярэднічалі доўгія перамовы. Яшчэ ў траўні польскі міністар абмяркоўваў гэтую тэму ў Пэнтагоне. Пасьля палітычнага рашэньня бакі зоймуцца вырашэньне юрыдычных ды лягістычных пытаньняў. У Варшаве спадзяюцца, што канчатковае рашэньне – гэта справа бліжэйшых тыдняў. Месца разьмяшчэньня амэрыканскай тэхнікі афіцыйна не паведамляецца. Лічыцца, што найбольш верагодным месцам зьяўляецца Паўночна-Заходняя Польшча. Тут ёсьць марскія парты, лётнішчы ды вялізарныя вайсковыя палігоны.

Ёсьць пазытыўная рэакцыя на дадзенае рашэньне з боку польскіх уладаў. Міністар замежных спраў Польшчы Гжэгаж Схэтына заявіў, што дзякуючы гэтаму Варшава пачуваецца больш бясьпечна.

Гжэгаж Схэтына: Гэта вялікі посьпех міністра абароны Польшчы ды нас усіх. Нам удалося падчас перамоваў гарантаваць у дакумэнтах NАТО важны статус Польшчы ў абароне ўсходняга флянга. Нам удалося здабыць такую дапамогу. Яна мае для нас важнае значэньне і гарантуе далейшую падтрымку. Гэта вельмі важна.

У сваю чаргу ў Маскве рашэньне амэрыканцаў выклікала незадавальненьне. Крэмль выступіў з крытыкай, маўляў гэта парушэньне дамовы паміж Расеяй ды Паўночнаатлянтычным пактам.

Гэтым разам расейская крытыка не спыняе Альянс. Усьлед за Вашынгтонам пра ўзмацненьне вайсковага патэнцыялу загаварылі ў Брусэлі, у штаб-кватэры NАТО.

Узмацненьне сілаў хуткага рэагаваньня – гэта найважнейшы пункт нарады міністраў абароны NАТО, якая праходзіць сёньня ў Брусэлі. Краіны Альянса шукаюць мэханізмаў павялічэньня сваёй абароннай здольнасьці. Асноўная прычына заклапочанасьці пакта – агрэсіўная палітыка Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны і атмасфэра Халоднай вайны, якая ўсталявалася на лініі Захад-Масква.

Польскі віцэ-прэм’ер і міністар абароны Томаш Сямоняк заявіў, што ў Варшаве лічаць на тое, сілы хуткага рэагаваньня будуць большыя ды пашыраны на паветраны і марскі кампанэнты, а таксама спэцыяльныя войскі.

Томаш Сямоняк: Плянуем у два разы павялічыць асабовы склад да 20 тысяч жаўнераў. Адбыліся першыя вучэньні сілаў хуткага рэагаваньня. Цяпер можна сказаць, што сілы гатовыя да дзеяньняў. Істотным дапаўненьнем баявых здольнасьцяў сілаў будзе той факт, што ў іх будуць задзейнічаныя ня толькі сухапутныя войскі, але й іншыя віды войск.

Важным элемэнтам узмацненьня NАТО зьяўляецца павялічэньне абаронных выдаткаў у краінах Альянса. Не ўсе ўрады выконваюць абяцаньне выдаткоўваць на абарону 2% ВУП. Польшча сёлета павялічыла свае выдаткі з 1,95% да 2%. Праверка гатоўнасьці Альянса да абароны сваіх усходніх межаў адбудзецца праз год падчас саміта арганізацыі ў Варшаве. Польскі чыноўнік распавёў прадставіў стан падрыхтоўкі.

Томаш Сямоняк: Для нас галоўнае прадставіць асноўныя распрацоўкі Варшаўскай ініцыятывы стратэгічнай адаптацыі. Мы хочам працягнуць дэбаты, каб рашэньні прынятыя ў Варшаве будуць азначаць працяг рашэньняў з Ньюпорта. Мы хочам на стала адаптаваць NАТО да новых выклікаў на Ўсходзе Эўропы. Мы перакананыя, што тут патрэбныя салідныя і шматгадовыя дзеяньні, на дзесяткі галоў, а не аднаразовыя.

У выніку неўзабаве ў шасьці краінах Цэнтральнай Эўропы: у Польшчы, Румыніі ды Баўгарыі, Летуве, Латвіі ды Эстоніі будуць стала прысутнічаць амэрыканская вайсковая тэхніка ды жаўнеры.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт