Немцы ў Варшаве
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
28.04.2015 11:58
Адзін з вынікаў сустрэчы – рашэньне наладзіць польска-нямецкі гуманітарны канвой, які адправіцца ва Ўкраіну.
Мы надта доўга аддавалі расейцам ініцыятыву – сказаў выданьню Gazeta Wyborcza ўдзельнік польска-нямецкіх міжурадавых кансультацый, якія адбыліся ў панядзелак. Адзін з важнейшых вынікаў сустрэчы – рашэньне наладзіць польска-нямецкі гуманітарны канвой, які ў траўні адправіцца ва Ўкраіну. Не павінна быць так, што дапамога для людзей, якія пакутуюць ад вайны, ідзе толькі з Расеі – адназначна пастанавілі ўдзельнікі.
Прэм’ер-міністар Эва Копач і канцлер Ангела Мэркель згодныя, што трэба ўрэшце выіграць ва Ўкраiне прапагандную вайну і пазбавіць сэпаратыстаў статусу важных гульцоў. Паводле інфармацыі выданьня, Польшча хацела б, каб Нямеччына не была надта патрабавальнай у адносінах да Ўкраіны і глядзела крыху праз пальцы на тое, што Кіеў не сьпяшаецца праводзіць глыбокія рэформы. Неабходна карыстацца менш бізуном, а больш пернікам – мяркуе суразмоўца газэты.
Немцы падтрымліваюць Украіну, але бачна ўжо, што іх пачынае раздражняць павольны тэмп зьменаў. Палякі нагадваюць немцам, што да Ўкраіны патрэбны асаблівы падыход. З іншага боку, Мэркель казала ў Варшаве, што яна глыбока расчараваная Расеяй. Вінаваціла Пуціна ў вераломнасьці, а нават нянавісьці да Ўкраіны і Эўразьвязу.
Яшчэ тыдзень таму здавалася, што польска-нямецкія кансультацыі стануць толькі палітычным рытуалам. Праўда, столькі нямецкіх міністраў у адзін дзень ніколі не прыяжджала ў сталіцу Польшчы. (Бэрлін хацеў паказаць, наколькі важныя для яго польска-нямецкія адносіны). Але ў пятніцу нечакана памёр прафэсар Уладыслаў Барташэўскі, упаўнаважаны прэм’ер-міністра па пытаньнях міжнароднага дыялёгу, які вельмі шмат зрабіў у карысьць польска-нямецкага прымірэньня. Ягоны выступ прадставіла Эва Копач. Лейтматыў дакладу – добрыя ўзаемадачыненьні неабходна разьвіваць і падтрымліваць, яны не дадзены на заўсёды.
Gazeta Wyborcza/нг