Logo Polskiego Radia
Print

Google можа атрымаць высокі штраф

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.04.2015 12:55
За несумленную бізнэс-практыку амэрыканскаму гіганту пагражае да 6 млрд эўра штрафу.
google.pl

Празь пяць гадоў сьледзтва Эўрапейская камісія прадставіла амэрыканскаму інтэрнэт-гіганту Google афіцыйнае абвінавачаньне – ён выкарыстоўвае сваю дамінуючую пазыцыю на рынку пашукавікоў, каб атрымаць карысьць у іншай галіне дзейнасьці – піша Rzeczpospolita.

Гаворка ідзе пра прыладу, якая дае магчымасьць параўнаць цэны розных тавараў. Калі мы хочам параўнаць у інтэрнэце цэны, скажам, патэльні, то хутчэй за ўсё скарыстаемся менавіта Google. Па тэорыі, алгарытм, створаны амэрыканскім канцэрнам, павінен нам прадставіць сьпіс адказаў у такой чарговасьці, якая найбольш адказвае зьместу запыту. Але часта, на думку Эўрапейскай камісіі, адбываецца інакш. І зьверху сьпісу паяўляецца Google Shoppping – уласная праграма канцэрну.

За такую дзейнасьць Google можа атрымаць пакараньне. Праўда, калі ён зьменіць свой падыход і ня будзе больш карыстацца ўласнай пазыцыяй, то штрафу ня будзе. Але ў іншым выпадку пакараньне можа скласьці да 10% гадавога даходу фірмы. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра агромную суму 6 млрд эўра. У гісторыі самы вялікі штраф заплаціў Microsoft – агулам амаль 2 млрд эўра.

Скаргі карыстальнікаў Google датычылі таксама сайтаў, на якіх можна купіць побыт у гатэлі і авіяквіткі. Пакуль што сьледзтва па гэтых пытаньнях працягваецца. Ад абвінавачаньня да штрафу далёкі шлях, але сам факт сьледзтва шкодзіць рэпутацыі фірмы. Злоўжываньне сваёй пазыцыяй манапаліста або несумленная змова з іншымі кампаніямі з мэтаю пашкодзіць канкурэнцыйным фірмам часта заканчваецца высокімі штрафамі, якія накладвае Эўрапейская камісія.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт