Logo Polskiego Radia
Print

Эўрапейскія мільярды для Ўкраіны

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.03.2015 18:00
  • мільярды для Ўкраіны.mp3
Эўразьвяз прызнаў амаль 2 мільярды эўра на дапамогу Ўкраіне.
www.flickr.com/photos/councilofeurope/

Гэта далёка недастатковая сума, але лепш столькі, чым нічога - кажуць экспэрты.

Камісія замежных спраў Эўрапейскага парлямэнта выдала згоду на выдзяленьне фінансавай падтрымкі з боку Эўразьвязу для ахопленай крызысам Украіны. ЭЗ выдзяляе 1,8 мільярда эўра афіцыйнаму Кіеву ў форме нізкапрацэнтных крэдытаў. Падставай рашэньня стала справаздача эўрадэпутата Яцэка Сарыюш-Вольскага, якую адобрыў эўрапарлямэнт. Падрабязнасьці перадае з Брусэля карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Бэата Пламэцка: Найлепшым падарункам для Пуціна й Расеі ад Эўразьвязу і Захаду стала б згода на банкруцтва Ўкраіны. Такімі словамі аргумэнтаваў сваю пазыцыю польскі эўрадэпутат. Ён дадаў, што 2 мільярдамі эўра справа ня скончыцца. Эўразьвяз павінен павялічыць фінансавую падтрымку ды прапанаваць дапамогу экспэртаў пры рэформах. Прынамсі ў змаганьні з карупцыяй, альбо каб вярнуць грошы, скрадзеныя сям’ёй былога прэзыдэнта Януковіча. Эўрадэпутат заявіў, што награбленае майно ўкраінскіх алігархаў захоўваецца ў банках на тэрыторыі Эўразьвязу. У выпадку канфіскацыі гэтых сродкаў, эўрадэпутаты заклікаюць перадаць іх на разьвіцьцё Ўкраіне, а не на аплату расейскіх патрабаваньняў. 25-га сакавіка ўвесь Эўрапарлямэнт будзе галасаваць пытаньне далейшай падтрымкі для Ўкраіны.

Апроч пазытыўных меркаваньняў, у Эўропе поўна сумневаў адносна мэтазгоднасьці дапамогі Ўкраіне. На Захадзе стаміліся ад чаканьня рэформаў і зьменаў ва Ўкраіне. Гучалі нават галасы, што калі афіцыйны Кіеў не пяройдзе ад словаў да справы, то дапамогі ня будзе. Рашэньне Эўрапарлямэнту сьведчыць пра тое, што пакуль перамагаюць прыхільнікі больш пазытыўнага падыходу. Аднак пытаньні застаюцца. Ці варта выдзяляць дапамогу краіне, якая ахоплена вайною, дзе буксуюць рэформы?

Пшэмыслаў Жураўскі: Кожны мільярд спатрэбіцца, хаця, беручы пад увагу патрэбы Ўкраіны й магчымасьці ЭЗ, гэта сымбалічная сума. Дастаткова параўнаць яе хаця б з той дапамогай, якую атрымлівае Грэцыя. Але кожная падтрымка ўкраінскіх рэформаў, так ці інакш вызваляе ўкраінскія сродкі, якія могуць быць прызначаныя на абарону краіны. Таму кожная дапамога для Ўкраіны каштоўная, нават тая, што ня мае стратэгічнага значэньня. У дадзеным выпадку гэтага няма. Мільярд справы ня вырашыць. Гэта адна з цэглаў, перададзеных на добрую справу.

Дадатковым сумневам зьяўляецца высокая карупцыя ды засільле алігархаў. Ці дапамога ня будзе змарнавана?

Пшэмыслаў Жураўскі: Тут усё будзе залежыць ад таго, як будзе выдзяляцца гэтая дапамога. Гэта тут істотнае. Хто атрымае, на якіх умовах, як гэта будзе правярацца і т.д. Гэта самае істотнае. Для прыкладу, варта згадаць Албанію 1989-1997 гг. Гэтая краіна атрымала ад ЭЗ найбольшую дапамогу ў пераліку на кожнага жыхара. У выніку гэта прывяло да зьяўленьня фінансавых пірамід ды краху дзяржаўных структур. Таму нават вялізарная фінансавая дапамога, якая выдзяляецца карумпаванай сыстэме, нічога не палепшыць. Сумы тут ня самае галоўнае. Проста трэба адпаведным чынам падыйсьці да гэтага заданьня.

1,8 мільярда – гэта нестратэгічна ў сёньняшняй сытуацыі ва Ўкраіне. Якая дапамога была б стратэгічнай?

Пшэмыслаў Жураўскі: На маю думку, стратэгічнае значэньне мелі бы дзесяткі альбо і нават сотні мільярдаў эўра. Калі 10-мільённая Грэцыя на адбудову сваёй эканомікі, якая ў лепшым стане, чым украінская, атрымала спачатку 120 мільярдаў эўра, то яшчэ большыя сумы трэба скіраваць ва Ўкраіну, каб зьявіліся наступствы, адчувальныя для грамадзтва. Такая рэчаіснасьць, але такой дапамогі ня будзе. Тым больш для краіны, што не зьяўляецца чальцом ЭЗ. Разам з тым, няма чаго наракаць, што дапамогі замала. Трэба прыняць тое, што ёсьць, і спадзявацца, што будзе больш. Для 45-мільённай краіны, што балянсуе на мяжы эканамічнага каляпсу ды вядзе вайну, мільярд пазытыўных зьменаў ня дасьць, але добра, што ён ёсьць.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт