Карэспандэнты заходніх СМІ ў Беларусі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
03.12.2014 12:33
Яны працуюць без акрэдытацыі, і рэгулярна атрымліваюць штрафы.
СМІ – вораг Лукашэнкі. У Беларусі пашыраюцца рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў. На прыцэле перш за ўсё супрацоўнікі польскіх мас-мэдыяў. Аб гэтым піша Анджэй Пачобут у выданьні Gazeta Wyborcza.
Андрэй Мялешка, журналіст Радыё Рацыя, якое вяшчае з Польшчы, атрымаў штраф у памеры 600 даляраў за працу без акрэдытацыі.
Праца для замежных СМІ без акрэдытацыі зьяўляецца недазволенай, але раней спэцслужбы глядзелі на яе праз пальцы. У апошнія месяцы сытуацыя зьмянілася. Мялешку цягам паўгоду пакаралі штрафам ужо трэці раз. І кожны раз суд дае яму вышэйшы штраф.
МЗС не выдае акрэдытацыі журналістам Радыё Рацыя. “Мы спрабавалі яе атрымаць, але не ўдалося. Таму працуем без дазволу”, - гаворыць Андрэй Мялешка, які намераны далей працаваць на радыё Рацыя.
З падобнымі праблемамі сустракаюцца іншыя супрацоўнікі Радыё Рацыя ды Тэлевізіі Белсат, якая таксама вяшчае з Польшчы. За апошнія паўгоду штрафы атрымалі 9 журналістаў, у тым ліку некаторыя два або тры разы.
Аднак нават акрэдытацыя не дае гарантыі спакойнай працы. Карэспрандэнт амэрыканскай станцыі Радыё Свабода Міхаіл Карневіч, у якога ёсьць акрэдытацыя, атрымаў тыдзень таму штраф памерам у 200 даляраў быццам бы за ўдзел у нелегальнай дэманстрацыі. Ён рабіў рэпартаж падчас ускладаньня вянкоў на магілы паўстанцаў.
Палітоляг Валеры Булгакаў мяркуе, што перасьлед журналістаў узмоцніўся ў сувязі з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў. Службы пачынаюць дзейнічаць перад пачаткам перадвыбарчай кампаніі. Незалежныя СМІ для іх – традыцыйны вораг, - мяркуе Булгакаў і адзначае, што ўдар накіраваны як правіла ў мэдыі, якія вяшчаюць з Польшчы.
Рэжым Лукашэнкі лічыць Польшчу абсалютным ворагам, нават яе дэманізуе. Нядаўна на сустрэчы зь кіраўніком КДБ прэзыдэнт зноў намякнуў, што Польшча хоча забраць у Беларусі частку тэрыторыі. І таму дзяржава змагаецца з Радыё Рацыяй і Тэлевізіяй Белсат.
Gazeta Wyborcza/нг