Logo Polskiego Radia
Print

„Сон аб Варшаве” - першы поўнамэтражны біяграфічны фільм пра Чэслава Выджыцкага дакумэнтальная

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 20.11.2014 10:52
У пятніцу „Сон аб Варшаве” выходзіць на экраны польскіх кінатэатраў.

Сёлета споўнілася 10 гадоў з дня сьмерці Чэслава Немэна. У Польшчы зьнялі першы поўнамэтражны біяграфічны фільм пра Чэслава Выджыцкага з Васілішак. У пятніцу „Сон аб Варшаве” выходзіць на экраны польскіх кінатэатраў.

Рэжысэрам дакумэнтальнай стужкі пра выдатнага музыку стаў Кшыштаф Магоўскі. Гэта ажно дзіўна, што дагэтуль ніхто ня зьняў фільму пра Немэна, кажа ён.

Кшыштаф Магоўскі: Дагэтуль былі зьнятыя два рэпартажы, а Чэслаў Немэн, хіба што, заслугоўвае на нешта большае. І, магчыма, таму паўстаў гэты фільм.

У стужцы выкарыстаныя многія невядомыя дагэтуль архіўныя матэрыялы. Адзначым, што фільм апавядае пра Чэслава Немэна ў хрналягічным парадку.

К. Магоўскі: Гэты фільм скіраваны да пяці пакаленьняў палякаў, бо Немэн працаваў 40 гадоў. Для мяне было важна, каб асабліва маладое пакаленьне даведвалася пра ягонае жыцьцё. І я вырашыў, што мне трэба зьняць гэты фільм салідна. Праўда, у нас былі праблемы з пошукам новых архіўных матэрыялаў. Па-першае, яны раскіданыя, а па-другое, яны пазьнікалі з розных архіваў. Але мы знайшлі такія пярліны, як канцэрт Марлены Дытрых у Варшаве. Ніхто не чакаў, што гэты запіс існуе. Нагадаю, што Марлена Дытрых, пачуўшы сьпеў Чэслава Немэна за некалькі соцень даляраў купіла правы на яго песьню. Грошы атрымала дзяржаўная ўстанова PAGART. Дытрых напісала свае словы на музыку Немэна. І гэтай песьняй яна разьлічылася са сваёй радзімай – Нямеччынай.

У фільме зьмешчаныя шматлікія творы Немэна, што дапамагае маладым пазнаёміцца з яго найважнейшымі хітамі, а сьпеламу пакаленьню нагадвае маладосьць. З аднаго боку фільм паказвае біяграфічныя факты з жыцьця Немэна, а з другога — расказвае гісторыю польскай музыкі.

К.Магоўскі: Так, бо Немэн, калі прыехаў у Польшчу ў 1958 годзе ў межах рэпатрыяцыі зь Беларусі, паступіў у музычную кансэрваторыю ў Гданьску ў клясе фагота, ён уключыўся ў музычнае жыцьцё Польшчы і практычна прайшоў усе музычныя напрамкі ад блюзу па рок, а нават да прагрэсіўнага року. Гэты фільм – гэта гісторыя Чэслава Немэна і гісторыя польскай музыкі, бо ён зьмяняў свой артыстычны вобраз.

Стужка „Сон аб Варшаве” закранае яшчэ адзін важны момант у жыцьці Немэна – палітыку ПНР, бо яна ў вялікай ступені вырашала, ці артыст зробіць кар’еру, ці ён атрымае пашпарт, ці яго пакажуць па тэлебачаньні.

К.Магоўскі: Мы щ Польшчы назіраем сум па ПНР, і я паказаў, як адзін з лепшых польскіх музыкаў змагаўся са шматлікімі праблемамі. Пачынаючы з 1967 году — песьня „Дзіўны сьвет” была сьцертая, таму што Немэн падчас трансьляцыі з фэстывалю ў Аполі дазваляў сабе павучаць гукарэжысэраў, што раздражняла тагачасныя ўлады. І хаця ён заваяваў прэмію, запіс песьні сьцерлі. У Немэна былі таксама праблемы з экзаменамі на эстраднага сьпевака. У выніку за канцэрт ён атрымліваў 5 даляраў.

У дрэнным сьвятле несправядліва Немэна паказаў іншы рэжысэр Марэк Півоўскі ў стужцы „Посьпех”. А вы паказваеце пра маніпуляцыі падчас ваеннага становішча?

К. Магоўскі: Мы таксама згадваем фільм „Посьпех”, ваеннае становішча, але яшчэ раней была справа з Радомска, дзе Немэн нібыта паказаў публіцы голую задніцу. Яго высьмейвалі. Тады выйшла каля 170 публікацый. Яго паказвалі са спушчанымі штанамі. А ён гэтага ня мог зрабіць, бо яго там не было! Ён, праўда, выступаў, але два гады раней. Матэрыялы з судовага працэсу, бо Немэн падаў у суд супраць журналіста, ужо ў свабоднай Польшчы былі зьнішчаныя. Найбольш Немэн пацярпеў падчас ваеннага становішча. Яго прызналі калабарантам і зьмясьцілі на 11-м месцы сьпісу супрацоўнікаў камуністычнага рэжыму. За што? За выказваньне, якое маніпулявалі для запісу сьвяточнай праграмы па дзяржаўным тэлебачаньні. Яго словы аб працы такім чынам склеілі, што атрымалася, што ён падтрымлівае ваеннае становішча, а гэта была поўная хлусьня. Ён быў сьціплым, простым, сумленным чалавекам, але яго атачалі розныя дзіўныя людзі, якія яго выкарыстоўвалі дзеля сваіх мэтаў.

У пятніцу „Сон аб Варшаве” выходзіць на экраны польскіх кінатэатраў.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт