Logo Polskiego Radia
Print

Дажынкі па-польску

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.09.2014 18:39
У Дажынках у Польшчы прымаюць удзел таксама дзяржаўныя кіраўнікі.

/

Канец жніўня і пачатак верасьня – гэта для сялянаў добрая пара на падсумаваньне ўраджаю ды адпачынак пасьля цяжкай працы на палях. З гэтым часам зьвязаныя Дажынкі – традыцыйнае славянскае сьвята жніва. Па традыцыі яно суправаджалася народнымі абрадамі, танцамі, песьнямі. У сучаснай Беларусі абрад дажынак моцна трымаецца і ў нашыя часы, перш за ўсё дзякуючы кіраўніку краіны, які ўзьвёў Дажынкі да рангу дзяржаўных сьвятаў.

Але традыцыйны момант разьвітаньня лета, адзначэньне канца жніва і ўдзячнасьць “духам нівы” культывуецца таксама ў Польшчы. Зразумела, Дажынкі цяпер не суправаджаюцца магічнымі абрадамі, а адзначаюцца як сьвята ўраджаю. У мінулыя выходныя ў нацыянальных дажынках у Чанстахове прыняў удзел прэзыдэнт краіны Браніслаў Камароўскі. Ён зьвярнуўся да сялянаў з прамовай пра дасягненьні 25-ці гадоў дэмакратычных пераўтварэньняў у Польшчы.

Б. Камароўскі: Якія плады выдала праца за гэтыя 25 гадоў. Якія вынікі даў пасеў польскай свабоды на пачатку цяжкіх 90-ых гадоў. Кожны з нас сам павінен ацаніць гэтыя перамены. Хай кожны з нас паглядзіць на ўласнае 25-годзьдзе і адкажа сам сабе шчыра на пытаньне: што атрымаў ён, ягоная сям’я, ягоная гаспадарка, яго вёска і гміна.

Да сялянаў ды іншых гасьцей сьвята зьвярнуўся таксама міністар сельскай гаспадаркі Марэк Савіцкі. Паводле ягоных словаў, у плянах Эўрапейскага Зьвязу на бліжэйшыя 7 гадоў асаблівая ўвага зьвяртаецца на сямейныя гаспадаркі.

М. Савіцкі: Большыя сродкі атрымліваюць гаспадаркі да 30 гектараў. Непасрэднымі даплатамі мы будзем падтрымліваць жывёлагадоўлю, асабліва гадоўлю авечак, коз, быдла, а таксама вырошчваньне цукровых буракоў, бульбы, хмелю, тытуню, клубніцы ды высокабялковых раслінаў.

Падчас дажынак у Чанстахове прайшла таксама Сельскагаспадарчая выстава, на якой некалькі сотняў удзельнікаў прадстаўлялі свае вырабы.

Дажынкі адбываюцца ў гэтыя дні ў розных рэгіёнах Польшчы. Найлепшыя фэрмэры атрымліваюць узнагароды, выбіраюць самыя прыгожыя дажынкавыя вянкі. Сьвята ўраджаю прайшло таксама ў сувальскім павеце, на паўночным усходзе краіны, у мясцовасьці Даўспуда. Для сялянаў гэта час падсумаваць летні сэзон. Гаворыць Войцех Мацкевіч з гміны Еленева.

В. Мацкевіч: У мяне 40 гектараў зямлі. Гэта мая прыватная ўласнасьць. І яшчэ 40 гектараў я арэндую. Я хацеў бы павялічыць сваю гаспадарку, асабліва мяне цікавіць сьвінагадоўля. Чакаю, якія паявяцца прапановы з Эўрапейскага Зьвязу. Я з аптымізмам гляджу ў будучае, спадзяюся, што ўдасца пабудаваць новы аб’ект за вёскаю.

Польскія сяляне атрымліваюць агромную падтрымку з Эўрапейскага Зьвязу. Як адзначае Бажэна Яблоньска з Агенства мадэрнізацыі і рэструктурызацыі сельскай гаспадаркі ў Сувалках, цяпер ЭЗ кіруе ўвагу між іншым на тое, каб сяляне гуртаваліся ў групы вытворцаў.

Б. Яблоньска: Сёньня фэрмэр не ўяўляе сабе працы без падтрымкі з Эўрапейскага Зьвязу, без даплатаў. Гэта сур’ёзная фінансавая дапамога. У новай фінансавай пэрспэктыве мы пастараемся зацікавіць сялянаў тым, каб яны гуртаваліся ў групы вытворцаў. А для маладых фэрмэраў будзе дадатковая дапамога ў напрамку малых і сярэдніх гаспадарак.

Цягам бліжэйшых сямі гадоў, да 2020 году, на сельскую гаспадарку Польшчы ды разьвіцьцё польскай вёскі Эўрапейскі Зьвяз прызначыў амаль 42,5 млрд эўра. Гэта на звыш 3 млрд больш, чым раней.

Дажынкі ня могуць абыйсьціся бяз хлеба, як сымбаля дабрабыту і штодзённага харчаваньня, без якога немагчыма выжыць. А багацьцю разнавіднасьцяў польскага хлеба і ягонаму смаку могуць пазайздросьціць у розных кутках сьвету. Пшанічны, жытні, цёмны, белы, з мёдам, зь зернем... Жыхары Радама ўжо 16-ы раз адзначалі Нацыянальнае сьвята хлеба. Яны ганарацца сваім хлебам, паколькі хлебабулачныя вырабы з Радама лічацца самымі смачнымі ў Польшчы. Пекары падрыхтавалі некалькі дзясяткаў відаў хлеба, вучылі, як яго пячы і які самы карысны для здароўя. Сьпікер польскага Сэйму Эва Копач распавяла, які хлеб яна найбольш любіць. Гэта жытняе печыва зь семкамі сланечніка:

Э. Копач: Калі хлеб сьвежы, я не магу паўстрымацца і намазваю яго тоўстым слоем масла. Хаця я сама па адукацыі лекар і ведаю, што трэба клапаціцца аб нізкім узроўні халестрэрыну.

Першыя выходныя дні верасьня прайшлі ў Польшчы пад знакам падсумаваньня летняй працы сялянаў. А ўраджай у гэтым годзе выдаўся надзіва багаты. Так што можна цешыцца і сьвяткаваць.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт