Logo Polskiego Radia
Print

Куды Польшча дзене яблыкі, якія ня хоча купляць Расея?

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 05.08.2014 17:14
  • Куды Польшча дзене яблыкі, якія ня хоча купляць Расея.mp3
Польшча ацэньвае страты садаводаў на 500 млн эўра.
www.polfrut.pl

Расея вядзе гандлёвую вайну з крытыкамі яе палітыкі адносна Ўкраны. Напрыклад, Рассельгаснагляд знайшоў кішэчную палачку ў бутэрбродах МакДоналдса й небясьпечнае рэчыва ў амэрыканскім віскі. У выпадку Польшчы Масква здаўна балюча б’е па польскай сельска-гаспадарчай прадукцыі. Варшава страты адных толькі садаводаў ацаніла на сотні мільёнаў эўра. І такой кампэнсацыі патрабуе ад Эўразьвязу.

У чацьвер у Брусэлі адбудзецца сустрэча польскіх экспэртаў з Эўрапейскай камісіяй па пытаньні выплаты кампэнсацый садаводам у сувязі з расейскім эмбарга на польскую садавіну й агародніну, сказаў міністар сельскай гаспадаркі Марэк Савіцкі.

М.Савіцкі: Будзе абмяркоўвацца пытаньне, куды накіраваць садавіну й агародніну, якія не паступяць на расейскі рынак. Колькі мы зможам прадаць на іншых рынках, колькі паставім на рынак Эўрапейскага Зьвязу, а колькі прызначым на нехарчовае выкарыстаньне й колькі нам прыдзецца ўтылізаваць. Пасьля вызначэньня гэтых лічбаў мы вызначым, колькі мы патрабуем фінансавых сродкаў.

Ужо вядома, што Польшча ацэньвае страты садаводаў на 500 млн эўра.

Раней міністар Савіцкі запэўніваў, што ён шукае новыя рынкі збыту й заявіў, што ў польскіх яблыках зацікаўлены Алжыр.

Тым часам экспэрты раяць польскаму ўраду стварыць брэнд „Польскі яблык” і выкарыстаць дзеля гэтага акцыю „На злосьць Пуціну ешце яблыкі” ў сацыяльных сетках. Аднак гэтая кампанія будзе дарагой, зазначае Кшыштаф Дважыньскі, спэцыяліст па рэклямных кампаніях.

К.Дважыньскі: Брэнд „Польскі яблык” у прынцыпе магчыма стварыць. Неабходнай стане буйная кампанія й немалыя сродкі для таго, каб збудаваць сьвядомасьць адносна якасьці польскага яблыка.

Паводле спэцыялістаў, іншыя буйныя вытворцы яблык у сьвеце - Кітай і ЗША, - не дапусьцяць Польшчы на свае рынкі збыту.

Расейскае эмбарга ўвайшло ў сілу ў пятніцу. Яно ахоплівае яблыкі, сьлівы, вішні, чарэшні й капусту. Раней Расея ўводзіла эмбарга на польскія яблыкі ў 2005-2007 гадах.

Прэс-сакратар Эўракамісіі Фэдэрык Вінсэнт зазначае, што правілы ЭЗ даюць магчымасьць выплаты кампэнсацый.

Ф.Вінсэнт: У межах агульнай сельскагаспадарчай палітыкі прымяняецца сыстэма кампэнсацый за фінансавыя страты. Аднак раней нам трэба дакладна прааналізаваць, ці сапраўды назіраюцца праблемы на рынку дадзенай краіны.

Якія рашэньні ў такой сытуацыі прыме Беларусь, улічыўшы агульную эканамічную прастору з Расеяй?

Менск яшчэ ня вырашыў, далучыцца ці не да расейскага эмбарга на польскую садавіну й агародніну.

Гэтак вынікае з артыкула пад назвай „Польскія яблыкі нязгоды”, які надрукавала “Беларусь сегодня”. Аўтарка публікацыі Натальля Тышкевіч задае пытаньне, якім чынам прытрымлівацца расейскага эмбарга ў сытуацыі, калі паміж Расеяй і Беларусьсью існуе толькі сымбалічная мяжа.

Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі не дае камэнтароў па гэтай справе, спасылаючыся на адсутнасьць афіцыйных дакумэнтаў.

У мінулым годзе Беларусь была другім па Расеі імпартэрам польскіх яблык. Купіла іх 145 тысяч тон.

Эмбарга на польскія прадукты адназначна зьяўляецца адказам Масквы на прынятыя тыдзень таму эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Расеі за дэстабілізацыю ва Ўкраіне.

Прадстаўнікі 28 краін-чальцоў ЭЗ вырашылі перакрыць доступ расейскіх фірмаў да фінансавых рынкаў Эўропы, прынялі эмбарга на пастаўкі зброі ў Расею, дамовіліся аб забароне продажу Расеі сучасных тэхналёгій для энэргетыкі ды тэхнікі для ваеннага й мірнага выкарыстаньня.

Яланта Сьмялоўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт