Пра гэта заявіў маршалэк Сэната Польшчы Богдан Барусэвіч падчас афіцыйнага візыту ў Грузію.
11 ліпеня – гэта апошні дзень афіцыйнага візыта дэлегацыі польскага Сэнату ў Грузію. Польскія палітыкі прыехалі ў Батумі на 11-ую міжнародную канфэрэнцыю “Грузінскі шлях да ЭЗ”, у якой бяруць удзел прадстаўнікі МЗС і парлямэнтаў краін ЭЗ, а таксама аналітыкі эўрапейскіх экспэртных цэнтраў. Падчас свайго выступу на канфэрэнцыі Богдан Барусэвіч пазытыўна ацаніў зьмены, які адбыліся ў гэтай краіне. Польскі палітык павіншаваў грузінскі народ ды ўрад з падпісаньне дамовы аб Асацыяцыі з ЭЗ.
Богдан Барусэвіч: Віншую грузінскі ўрад ды народ з падпісаньнем дамовы. Таксама віншую з хуткім прымяненьнем гэтай дамовы. З польскага боку ня будзе затрымкі ў ратыфікацыі дамовы.
Старшыня Сэнату зазначыў, што моцна ўражаны там, колькі грузін падтрымлівае інтэграцыю з ЭЗ.
Богдан Барусэвіч: Апытаньні грамадзкай думкі сьведчаць, што 81% грузін падтрымлівае імкненьне ўраду да інтэграцыі з эўрапейскімі структурамі. Гэта вельмі высокі адсотак. Тым ня менш, нельга занядбаць інфармацыйную кампанію пра плюсы ад падпісаньня дамовы аб асацыяцыі. Таксама трэба не забывацца пра мовы этнічных меншасьцяў, якія жывуць у гэтай краіне. Размаўляць трэба ў першую чаргу з тымі, хто мае іншае меркаваньне.
У адказ прэм’ер Грузіі Іраклі Гарыбашвілі падкрэсьліў, што ягоная краіна будзе прытрымлівацца ўсіх дамоўленасьцяў з ЭЗ. Гэта працэс мае незваротны характар. У сваю чаргу Богдан Барусэвіч ад імя палякаў выказаў грузінам спачуваньні з нагоды сьмерці Эдуарда Шэварнадзэ.
Богдан Барусэвіч: Я пакінуў спачуваньні сыну спадара прэзыдэнта Шэварнадзэ, упісаў, што шкадую з нагоду сьмерці бацькі, якому палякі ўдзячныя за роспуск Савецкага Саюза.
Польскі палітык таксама наведаў тэрыторыі, дзе 6 гадоў таму ішла вайна з Расеяй. Ён завітаў у горад Горы ў аддзел Назіральніцкай місіі ЭЗ. Сёньня тэрыторыі, дзе некалі жылі грузіны, пераўтвараюцца ў вайсковы пляцдарм Масквы. З Горы перадае карэспандэнтка Польскага радыё Эдыта Позьняк.
Эдыта Позьняк: Мяшкі з пяском, калючы дрот ды жаўнеры, гатовыя да стральбы - так выглядае адзін з пастарункаў непадалёк Горы. Асэтынскі бок будуе разгалінаваныя аб’екты вайсковага прызначэньня. Лінія адміністарцыйнага падзелу часта дзеліць дарогі ды вёскі. За апошнія гады палі ды вінаграднікі зараслі пустазельлем.
Колішняя адміністрацыйная мяжа паміж Паўднёвай Асэтыяй ды Грузіяй паступова пераўтвараецца ў шчыльна закрытую мяжу. Мясцовыя жыхары ніяк ня могуць да гэтага прызвычаіцца. Гаворыць палкоўнік Раймунд Цьвёк з эўрапейскай місіі ў Горы.
Раймунд Цьвёк: Я ня быў сьвядомы таго, што ў 21 стагодзьдзі праблемай можа быць адстунасьць дроў для ацяпленьня. Мы езьдзім па памежных вёсках, дзе няма электрычнасьці, вады ды газу, а людзі там жывуць. Чаму? Таму што гэта іх бацькаўшчына. Яны ходзяць у лес, каб зьбіраць дровы, а там мяжа, іх ловяць. Таксама ходзяць у лес па ягады. Хочаш выжыць, патрабуеш дроў, мусіш перакрочыць мяжу.
Наракаюць на паўсталую сытуацыю й самі жыхары. Яны жывуць у страху, кажа мясцовы жыхар Валодзя.
Валодзя: Вельмі кепска. Кожны дзень баімся, што ў любы момант можа нешта здарыцца. Вёскі пусьцеюць, шмат кінутых дамоў. Шмат зь іх пашкоджаныя ад апошняй вайны.
Польскі палітык заклікаў краіны ЭЗ не забываць пра тое, што здарылася ў Паўднёвай Асэтыі.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч