Logo Polskiego Radia
Print

25 гадоў таму Польшча была на ўзроўні Беларусі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 04.06.2014 13:15
Я. К. Бялецкі: Праз 25 гадоў мы ў тры разы багацейшыя, чым беларусы й украінцы.

4 чэрвеня 1989 году з 6-ай раніцы ў Польшчы можна было ўжо галасаваць на выбарах, якія аказаліся першымі часткова дэмакратычнымі за больш чым палову стагодзьдзя. Палякі масава скарысталіся гэтым правам – у галасаваньні ўдзельнічала больш за 60% асобаў з правам голасу. Для параўнаньня – на апошніх выбарах дэпутатаў Эўрапарлямэнту яўка склала толькі каля 23%.

На выбарах перамогу атрымаў рух Салідарнасьць. Яго кандыдаты здабылі ўсе месцы, якія дазволілі яму заняць тагачасныя ўлады Польскай Народнай Рэспублікі. І таму сёньня 4 чэрвеня лічыцца тым момантам, калі ў Польшчы закончыўся камунізм. А праз 25 гадоў адзін з выбарчых участкаў а 6 раніцы наведала сьпікер Сэйму Эва Копач.

Э. Копач: Я запрасіла вас сюды а 6-ай раніцы, каб нагадаць той момант 25 гадоў таму. Тады а 6-ай раніцы пачаўся важны плебісцыт. Упершыню за пасьляваенныя часы палякаў запыталі, ці яны згодныя, каб імі кіравалі гэтыя ўлады, ці яны хацелі б нешта зьмяніць.

З таго часу Польшча прайшла важны і доўгі шлях да свабоды. Цяпер гэта зусім іншая дзяржава, – сказала Эва Копач.

Э. Копач: Людзі, якія тады кінулі свой бюлетэнь у ўрну, прайшлі вельмі вялікі шлях – ад краіны, дзе ў крамах на паліцах стаяў толькі воцат, усё было дэфіцытам, да краіны, дзе свабодны рынак. Ад краіны, у якой кіравала адна – камуністычная – партыя, да краіны, у якой парлямэнцкая дэмакратыя. Тады людзі вырашылі, што яны хочуць свабоды, дэмакратыі і салідарнасьці. Дзякуючы гэтаму рашэньню сёньня мы жывем у іншай дзяржаве.

Нагадаем, што на гэтых выбарах 25 гадоў таму рашучую перамогу здабыў прафсаюз Салідарнасьць пад кіраўніцтвам Леха Валэнсы, пазьнейшага прэзыдэнта свабоднай ужо Польшчы. Людзі галасавалі за людзей Салідарнасьці, паколькі хацелі нешта зьмяніць у сваёй краіне, – адзначае гісторык прафэсар Ежы Эйслер.

Е. Эйслер: Калі б так здарылася, што ў маёй выбарчай акрузе Лех Валэнса быў бы на фатаграфіі з каровай, то я галасаваў бы за карову. Гэта было пытаньне дзіцячай, бязьмежнай надзеі – цяпер або ніколі. А тое, што мы скарысталіся гэтым шанцам, зьяўляецца нашым самым вялікім посьпехам за апошнія, бадай, стагодзьдзі, а напэўна за час пасьля другой сусьветнай вайны.

Апазыцыя заваявала 99 месцаў у Сэнаце і 161 у Сэйме – гэта была максымальная колькасьць мандатаў, на якую раней згадзіліся ўлады. Для камуністаў гэта была вялікая параза, паколькі яны тады ня думалі пра тое, каб аддаць уладу ў іншыя рукі, а хацелі толькі правесьці рэформы, – нагадвае гісторык Пётр Длуголэнцкі.

П. Длуголэнцкі: Улады ішлі на перамовы з Салідарнасьцю з такой думкай, што ўдасца ўключыць прафсаюзны рух у сыстэму. Яны ня думалі пра зьмену палітычнага ладу, спадзяваліся, што сыстэма застанецца камуністычнай, адбудуцца толькі невялікія зьмены. Улады пакінулі за сабою 65% месцаў у парлямэнце, а таксама пасаду прэзыдэнта. Таму яны былі перакананыя, што і пасьля выбараў улада застанецца ў іх руках. Кіруючыя эліты не спадзяваліся, што гэтыя выбары закончацца такім дрэнным вынікам для ўладаў.

Якія самыя важныя дасягненьні Польшчы за гады свабоднай дэмакратычнай дзяржавы? Меркаваньнем Яна Кшыштафа Бялецкага, былога прэм’ер-міністра ўраду, а цяпер дырэктара Эканамічнай рады пры прем’ер-міністры, самае важнае – пачуцьцё бясьпекі дзякуючы таму, што Польшча зьяўляецца незалежнай дзяржавай, а таксама вышэйшы ўзровень жыцьця. Бялецкі падкрэсьлівае, што 25 гадоў таму Польшча была на ўзроўні разьвіцьця Беларусі й Украіны.

Я. К. Бялецкі: Жыхар Польшчы ў сярэднім вырабляў столькі ж нацыянальнага даходу, колькі жыхар Беларусі ды Ўкраіны. Праз 25 гадоў мы ў тры разы багацейшыя, чым беларусы й украінцы. На маю думку, гэта вялікі посьпех палякаў. Некаторым краінам не ўдалося дасягнуць столькі, колькі нам. Напрыклад, нашы суседзі за ўсходняй мяжой праз 25 гадоў знаходзяцца ў тым жа месцы.

Вельмі важная падзея, на думку Яна Кшыштафа Бялецкага, гэта тое, што Польшча была першай краінай на сьвеце, якая прызнала незалежнасьць Украіны ў сьнежні 1991 году. “Гэта не было выпадковым. Мы вельмі хацелі быць першымі, каб даць нашым суседзям сыгнал”, - дадаў Бялецкі. Ягоным меркаваньнем, моцная і незалежная Ўкраіна – гэта агромная зьмена ў Эўропе.

IAR/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт