Logo Polskiego Radia
Print

Знойдзеныя штэмплі для татуіроўкі вязьняў Auschwitz

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 12.03.2014 15:28
Гісторыя можа прамовіць нават шмат дзесяцігодзьдзяў пасьля драматычных фактаў.

Былі знойдзеныя штэмплі для татуіроўкі вязьняў гітлераўскага канцлягера Auschwitz-Birkenau. Яны знаходзяцца ўжо ў дзяржаўным Музэі Auschwitz-Birkenau ў Асьвенціме.

„Гісторыя вельмі загадкавая. Я магу толькі сказаць, што яны былі знойдзены ў апошні час на тэрыторыі Польшчы. Чалавек, які іх знайшоў, хоча застацца ананімным”, - кажа прэс-сакратар музэя Барташ Бартызэль у размове з выданьнем „Gazeta Wyborcza”.

Прылада для татуіроўкі зьняволеных складаецца зь некалькіх частак. Гэта мэталічныя пласьціны са зьменнымі іголкамі даўжынёй у некалькі мілімэтраў, якія трэба было ўстаўляць у штэмпаль, падабраўшы адпаведны нумар.

Прадметы, знойдзеныя хутчэй за ўсё на шляху эвакуацыі канцлягера, няпоўныя.

„Гэта адна з самых важных знаходак апошніх гадоў”, - кажа дырэктар музея Пётр Цывіньскі. - Мы не спадзяваліся, што пасьля такога доўгага часу ўдасца знайсьці арыгінальную прыладу для татуіроўкі зьняволеных(…) Аднак гэта доказ таго, што гісторыя можа прамовіць нават шмат дзесяцігодзьдзяў пасьля драматычных фактаў”, - дадае дырэктар музэйнай установы.

Гітлераўскі канцлягер Auschwitz-Birkenau быў адзіным, у якім зьняволеным рабілі татуіроўку ў выглядзе ідэнтыфікацыйных нумароў. Татуіраваць сталі ў 1941 годзе, спачатку толькі савецкіх ваеннапалонных. Першапачаткова татуіроўку зьмяшчалі на левай грудзі палоннага. Зь вясны 1942 кіраўніцтва канцлягера загадала рабіць яе на левым перадплеччы вязьняў, - нагадвае выданьне „Gazeta Wyborcza”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт