Logo Polskiego Radia
Print

Нобэлеўская прэмія міру за барацьбу з хімзброяй

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 12.10.2013 14:39
Пра Арганізацыю па забароне хімічнай зброі большасьць з нас даведалася толькі ў аспэкце Сырыі.

/

Сёлетнім ляўрэатэм Нобэлеўскай прэміі міру стала Арганізацыя па забароне хімічнай зброі, пра якую няшмат хто ведаў да моманту, калі ейныя інспэктары накіраваліся зь місіяй у Сырыю.

Паводле камэнтарараў выданьня „Gazeta Wyborcza”, Нобэлеўскі камітэт прыняў „бясьпечнае” рашэньне, узнагароджваючы арганізацыю ААН, якая, несумненна, змагаецца за правільную справу.

Гэтае рашэньне можна ўспрымаць як спробу прыцягнуць увагу да канфлікту ў Сырыі , дзе цягам апошніх двух з паловай годоў было забіта каля 115 тысячаў чалавек.

Хімічная зброя перажывала свой „залаты век” падчас Першай сусьветнай вайны. Ідэя скліканьня глябальнай канвэнцыі аб забароне ейнага выкарыстаньня ўзьнікла ў 1968 годзе, падчас вайны ў Віетнаме. Тым ня менш, Канвэнцыя аб забароне хімічнай зброі ўступіла ў сілу толькі ў 1997 годзе, а Арганізацыя па забароне хімічнай зброі была створана ў якасьці ейнага выканаўчага органа.

У цяперашні час чальцамі арганізацыі зьяўляюцца 189 краіны, у якіх пражывае 98% насельніцтва сьвету. Па-за сфэрай уплыву канвэнцыі застаюцца Ангола, Эгіпет, Паўночная Карэя, Паўднёвы Судан, М’янма й Ізраіль - дзьве апошнія краіны падпісалі канвэнцыю, але не ратыфікавалі дакумэнту.

Да гэтай пары інспэктары арганізацыі правялі больш за 5 тысяч праверак у 86 краінах і дапамаглі зьнішчыць 57 тысячаў тон розных хімічных рэчываў, між іншым, у Іраку, Лібіі, Расеі й Злучаных Штатах Амэрыкі.

Першапачаткова меркавалася , што сусьветныя запасы хімзброі будуць нейтралізаваныя на працягу 10, максымум 15 гадоў з моманту заснаваньня арганізацыі. Тым часам, пасьля 16 гадоў ейнай дзейнасьці, гэта ўдалося толькі ў трох краінах - Індыі, Альбаніі й Паўднёвай Карэі. Расея пазбавілася трох чвэрцяў арсэналу, а Злучаныя Штаты Амэрыкі - на 90%. Абедзьве дзяржавы двойчы не выканалі тэрмінаў поўнага абясшкоджваньня баявых газаў. ЗША па- ранейшаму маюць у тры разы больш гэтых рэчываў, чым Сырыя.

„Утылізацыя хімічнай зброі ў дзесяць разоў даражэйшая, чым ейная вытворчасьць. У сваю чаргу зьнішчэньне яе без пагрозы здароўю людзей або навакольнаму асяродзьдзю - гэта складаны працэс, які патрабуе часу й грошай”, - кажа ў размове з выданьнем „Gazeta Wyborcza” Ральф Трап, незалежны кансультант і адзін з аўтараў ідэі стварэньня Арганізацыі па забароне хімічнай зброі.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт