Logo Polskiego Radia
Print

Грамадзкасьць абмяркуе зьмены ў дзейнасьці партый

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 30.09.2013 14:18
  • грамадзкія слуханьні.mp3
Няўрадавыя арганізацыі ладзяць грамадзкія слуханьні па законапраекту аб зьменах у дзейнасьці палітычных партый краіны.

Паводле іх, законапраект не вырашае асноўных праблем.

У траўні Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні законапраект "Аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх аб'яднаньняў". Цяпер адбываецца дапрацоўка законапраекта й яго падрыхтоўка да другога чытаньня. Канчатковае прыняцьцё закона чакаецца на восеньскай сэсіі парлямэнта.

Аднак, нягледзячы на тое, што праект закона накіраваны непасрэдна на арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, абмеркаваньня з грамадзкасьцю ў дачыненьні да гэтага праекта не праводзілася. Прапанова 25 арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці правесьці напярэдадні другога чытаньня законапраекта грамадзкія слуханьні засталася не падтрыманай парлямэнтам.

Зыходзячы з важнасьці выказваньня пазыцыі некамэрцыйных арганізацыяў па праектам нарматыўных актаў, якія закранаюць іх дзейнасьць, Цэнтар прававой трансфармацыі й Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый ладзяць грамадзкія слуханьні па гэтай тэме.

Юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў кажа, што асноўная заўвага да законапраекту заключаецца ў тым, што ён не вырашае асноўных праблем разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Юры Чавусаў адзначае: мы ня кажам, што законапраект дрэнны ці добры, ён ніякі.

Ю. Чавусаў: Па-першае, мы зьвяртаем увагу на складаную працэдуру рэгістрацыі, якая дазваляе адмовіць у рэгістрацыі нават без прычыны. Былі выпадкі, калі адмаўлялі па прычыне “дрэннага” шрыфту. І гэта трэба выпраўляць.

Другая праблема - гэта адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У 1999 годзе пачаткова была ўведзена адміністрацыйная адказнасьць, а з 2005 году – гэта крымінальная адказнасьць нават да 2 гадоў пазбаўленьня волі.

Трэці блёк праблем тычыцца фінансаваньня арганізацый. Шмат кажуць, што ёсьць вялікая праблема фінансаваньня арганізацый замежнымі суб’ектамі. Гэта праўда. Але яшчэ большая праблема ў тым, што значна абмежаваная магчымасьць атрыманьня сродкаў унутры Беларусі. Ёсьць указ 300, які ўстанаўлівае мэты, на якія можна ахвяраваць сродкі, існуе складаны парадак афрамленьня ахвяраваньняў і яшчэ больш складаны парадак справаздачы. У практыцы бізнэсоўцы ахвяруюць сродкі неафіцыйна. Гэта пераводзіць беларускую дабрачынную дзейнасьць у шэрую, нерэгуляваную сфэру.

Гэта тры асноўныя праблемы, а законапраект, які разглядае парлямэнт, гэтыя праблемы не вырашае.

Грамадзкія слуханьні адбудуцца 9 кастрычніка ў памяшканьні Цэнтра прававой трансфармацыі. Запрашаюцца ўсе зацікаўленыя арганізацыі.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт