Улады Голдапі выступілі ў абарону неафіцыйнага гандлю палівам у памежнай зоне
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
20.08.2013 15:37
У траўні мытнікі абмежавалі масавы ўвоз у Польшчу таннага расейскага паліва.
foto:goldap.org
Рашэньне Мытнай палаты аб дадатковым кантролі асобаў, якія перасякаюць польска-расейскую мяжу больш за 10 разоў у месяц, абмяжоўвае права на свабодны рух. Гэтак гаворыцца ў юрыдычнай ацэнцы дзеяньняў Мытнай палаты, якую заказалі ўлады мястэчка Голдап, разьмешчанага блізу мяжы з Калінінградзкай вобласьцю.
У траўні мытнікі абмежавалі масавы ўвоз у Польшчу таннага расейскага паліва расейцамі і палякамі, якія перасякалі мяжу паводле правіл аб малым памежным руху.
Мытная служба ўвяла прынцып, што адзін чалавек мае права 10 разоў у месяц перасякаць мяжу і перавозіць паліва ў баку машыны ды ў каністры, але перасякаючы мяжу 11-ты раз, ён павінен даказаць, што паездка не насіла гандлёвага характару. У іншым выпадку павінен заплаціць падаткі ПДВ і акцызны ды паліўную аплату. Агулам 200-270 злотых.
Адзін літар дызельнага паліва ў Калінінградзкай вобласьці каштуе каля 30 рублёў, гэта каля 3 злотых, у Польшчы – больш за 6 злотых. Кіроўца, які перасякае мяжу звыш дзясятка разоў у месяц, на продажу паліва можа зарабіць 1 тысячу злотых (315 даляраў).
Улады Голдапі выступілі супраць дзеяньняў мытных службаў у абарону эканамічнага дабрабыту свайго насельніцтва. Голдап доўгія гады займаў першыя месцы па ўсёй краіне па ўзроўні беспрацоўя. Нават 45% жыхароў заставалася без працы. Трагічную сытуацыю выратавала разбудова КПП у Голдапі і ажыцьцяўленьне правіл малога памежнага руху.
яс/PAP