Logo Polskiego Radia
Print

Варшаўская бітва вачамі беларусаў

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 15.08.2013 07:19
  • Bitwa Warszawska -U.Lachouski.mp3
Сёньня адзначаецца 93-яя гадавіна Варшаўскай бітвы, названай „Цудам на Вісьле”.

/

Варшаўская бітва зьмяніла хаду польска-бальшавіцкай вайны 1919—1920 гадоў, вайны, якая пачалася неўзабаве пасьля заканчэньня Першай сусьветнай вайны ў 1918 г. і цягнулася ажно да часу заключэньня Рыскай мірнай дамовы (1921).

Чырвоная Армія ішла на Захад, каб там распаліць пажар сусьветнай рэвалюцыі. Асноўнай мэтай нападу бальшавікоў на Польшчу быў поўны яе разгром, усталяваньне савецкай улады й далейшы наступ на Захад.

12 жніўня пачаўся наступ на польскую сталіцу. Як бальшавікі, так і большасьць замежных экспэртаў лічылі, што Польшчу чакае параза.

У гэты час у Варшаве знаходзіліся ўлады БНР і прадстаўнікі Часовага беларускага нацыянальнага камітэту, якія эвакуяваліся разам з палякамі зь Менску ўлетку 1920-га года, прыгадвае беларускі гісторык Уладзімер Ляхоўскі.

Уладзімер Ляхоўскі: Якраз у гэты час у Варшаве знаходзіліся прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага камітэту і Рады БНР: Вацлаў Іваноўскі, Кузьма Цярэшчанка, Браніслаў Тарашкевіч і іншыя. І ў гэты час іх думкі падзяліліся. Тарашкевіч і больш за ўсё Кузьма Цярэшчанка – гэта міністар замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі, праяўлялі антыпольскія настроі, яны чакалі паразы Польшчы ў гэтай бітве. А вось Іваноўскі, як піша Тарашкевіч, адчуў сябе польскім патрыётам. Іваноўскі сьцьвярджаў, што Польшча ніколі ня спыніць барацьбы з саветамі, і нават калі Варшава будзе ўзятая, то пачнецца партызанцкі рух, і усё роўна чырвоных чакае параза. Такім чынам, адбыўся пэўны раскол у сьветапоглядзе людзей, якія збоку назіралі за супрацьстаяньнем Польшчы і Савецкай Расеі.

Абодва ваюючыя бакі ўспрымаліся беларусамі як варожыя. Ні Польшча, ні Расея не ўспрымалі ўсур’ёз незалежніцкіх памкненьняў беларусаў.

Уладзімер Ляхоўскі: Для такіх леваарыентаваных палітыкаў, як Цярэшчанка, Тарашкевіч і шэраг іншых, абодва бакі ўспрымаліся як ворагі Беларусі, гэта г.зв. сындром двух ворагаў. Але зыходзячы з таго, што яны былі левых перакананьняў, то ў той час для іх найгоршым ворагам была Польшча. Таму адступленьне польскіх войскаў да Варшавы яны лічылі станоўчым для беларускай справы. Калі два праціўнікі, якія не жадалі незалежнасьці Беларусі, ваююць між сабой, то ў такой сытуацыі можна было разьлічваць, што Беларусь атрымае шанец на незалежнасьць. Але горшым злом у лева-радыкальных колах лічылася Польшча. У сваю чаргу Вацлаў Іваноўскі раней быў арыштаваны, ён быў закладнікам у бальшавікоў. Вярнуўшыся, ён, вядома ж, шмат што памяняў у сваім сьветапоглядзе, у ім прачнуліся польскія карані. Ён быў у той час на баку Пілсудзкага.

Мяжа паміж Польшчай ды Расеяй пасьля Першай сусьветнай вайны не была вызначаная. Францыя й Англія чакалі адраджэньня Расеі ў дасавецкіх межах. Беларусы бачылі ў гэтым шанец на самастойнасьць, аднак большыя надзеі на адраджэньне Беларусі зьвязваліся з Савецкай Расеяй.

Уладзімер Ляхоўскі: Бальшавікі рэалізавалі ідэю сусьветнай рэвалюцыі. Ужо другі раз была абвешчаная Беларуская Савецкая Рэспубліка. Вядома было, што калі саветы прасунуцца далей, то межы гэтай рэспублікі пашырацца да Буга, таму левыя радыкалы пазытыўна глядзелі на наступ чырвоных. Ад Польшчы пасьля доўгіх перамоў нічога нельга было чакаць. Ні Пілсудзкі, ні Дмоўскі не ўпрымалі ўсур’ёз незалежнасьці Беларусі. Нават фэдэралісцкая канцэпцыя пасьля 1919-20 г. страціла актуальнасьць для левых радыкалаў, якіx, нагадаю, была большасьць у структурах БНР.

15 жніўня польскае войска пад каманадаваньнем Юзэфа Пілсудзкага здолела спыніць наступ бальшавікоў і прарваць савецкі фронт. У выніку далейшых удараў, савецкае войска было амаль цалкам разьбітае.

Ашаламляльная, нечаканая польская перамога зламала бальшавіцкі наступ на Захад.

У наступных месяцах шэраг польскіх перамогаў, якія пайшлі ўсьлед за Варшаўскай бітвай, захавалі незалежнасьць Польшчы і прывялі да мірнай дамовы з Савецкім Саюзам 1921 году, забясьпечваючы ўсходнія межы польскай дзяржавы.
Варшаўская бітва была названая „Цудам на Вісьле” і ўвайшла ў сьпіс 18 найбольш значных і пераломных бітваў сусьветнай гісторыі.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт