Logo Polskiego Radia
Print

Рытуальны забой пасварыў Польшчу ды Ізраіль

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 18.07.2013 16:00
  • Рытуальны забой пасварыў.mp3
Польскі Сэйм нядаўна прыняў закон, які забараняе прамысловы рытуальны забой у Польшчы.
ecoportal.su

Гэтае рашэньне раскрытыкаваў Ізраіль. Пакуль Варшава спрабавала супакоіць Тэль-Авіў, прагучалі галасы незадавальненьня з боку мусульман.

Справа рытуальнага забою вельмі хутка выйшла па-за межы Польшчы й атрымала міжнародны розгалас. Не далей як у мінулую пятніцу Сэйм Польшчы прыняў закон, які забараняе рытуальны забой жывёл у краіне. Ужо ў панядзелак ізраільскае МЗС выклікала польскага амбасадара ў гэтай краіне на размову. Падчас сустрэчы прагучалі словы незадавальненьня прынятым рашэньнем. Рашэньне было названым “абразай для польска-габрэйскай гісторыі”. Пазьней зьявілася адмысловая заява ізраільскага ўраду, які зазначыў, што чакае ад Польшчы канкрэтных крокаў па залагоджваньні спрэчкі. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Ізраіля Ігаль Пальмар.

Ігаль Пальмар: Безумоўна, мы чакаем далейшых крокаў, але не зьбіраемся казаць польскім уладам, што канкрэтна яны павінны рабіць. Мы нічога не дыктуем і да нічога не прымушаем. Мы толькі выказваем наш пратэст і расчараваньне сытуацыяй, да якой прывяло рашэньне парлямэнту. З гэтай сытуацыяй мы ня можам згадзіцца. Пры гэтым я перакананы, што польскія ўлады знойдуць выхад, і ведаюць, што рабіць.

У Польшчы вось ужо некалькі дзён не сьціхаюць пратэсты габрэйскай дыяспары ды сялян, якія агучваюць сваё незадавальненьне прынятым рашэньнем. Яны пагражаюць судовымі скаргамі й патрабуюць ад дэпутатаў яшчэ раз прыгледзецца дадзенай справе. Кіраўнік Аб’яднаньня сялянскіх прафсаюзаў Славамір Іздэбскі кажа, што прынятыя папраўкі азначаюць фінансавыя страты для сялян і дзяржавы.

Славамір Іздэбскі: З гэтага ж трэба заплаціць падатак у дзяржаўны бюджэт, а гэта блізу 30%. Адсюль страты бюджэту складуць каля 3 мільярдаў за мінулы год. У гэтым жа годзе магло быць 4-5-6 мільярдаў даходаў у бюджэт дзяржавы, калі б мы захавалі рытуальны забой, і калі б мы працягнулі павялічваць сыстэмна кантракты.

Польскія ўлады рыхтуюць інфармацыйную кампанію, каб супакоіць сытуацыю ў Польшчы ды за мяжой. Напрыклад, сёньня польскія чыноўнікі тлумачылі прынятыя папраўкі рабінам з усёй Эўропы падчас сустрэчы ў Брусэлі. У сваю чаргу польскае Міністэрства адміністрацыі заявіла, што Варшава нікому не абмяжоўвае права доступу да рэлігійных рытуалаў. Гэтае пытаньне абмяркоўвалася падчас дэбатаў над законам, але пра гэта мала гавораць у СМІ. Адсюль наша інфармацыйная ініцыятыва - гаворыць міністэрскі службоўца Артур Казёлэк.

Артур Казёлэк: Міністар адміністрацыі Міхал Боні ўжо размаўляў з амбасадарам, каб падчас сёньняшняй сустрэчы была прадстаўлена поўная інфармацыя эўрапейскіх рабінам і прадстаўнікам габрэйскіх суполак. Хутчэй за ўсё мы маем дачыненьне з пэўным недаінфармаваньнем наконт дзейснага заканадаўства ў гэтай сфэры. Адсюль наша жаданьне патлумачыць сытуацыю.

Са свайго боку экспэрты кажуць, што гэткую перабольшаную рэакцыю габрэйскай дыяспары можна было прадбачыць. Польскія ўлады запозна адрэагавалі, кажа былы амбасадар Польшчы ў Ізраілі Ян Войцех Пекарскі.

Ян Пекарскі: Дрэнна тое, што пры падрыхтоўцы гэтага закону былі зроблены памылкі. Напрыклад, недастаткова кансультаваліся з прадстаўнікамі канфэсій. Што тычыцца заявы ізраільскага МЗС, то яна зроблена непрафэсійна. Спачатку можна было папрасіць тлумачэньні ў амбасадара Польшчы, а толькі потым рэагаваць. У сваю чаргу польская дыпляматыя павінна была зарэагаваць хутчэй, кажучы, што заява неадпаведная, і патлумачыць сытуацыю. Справа рытуальнага забою яшчэ да канца нявырашаная. Польскі закон дае магчымасьць праводзіць рытуальны забой на рэлігійныя патрэбы. Намерам Сэйму было забараніць прамысловы рытуальны забой, калі кашэрнае мяса з Польшчы экспартавалася ў вялікай колькасьці ў арабскія краіны й крыху ў Ізраіль. Не забывайма, што далёка не ўсе там ядуць кашэрнае мяса й практыкуюць рытуальны забой.

Палякі крыху залагодзілі спрэчку вакол рытуальнага забою зь Ізраілем. У чацьвер у Брусэлі адбылася сустрэча польскага амбасадара ў ЭЗ з рабінамі з усёй Эўропы. Аднак усьлед за габрэямі скардзіцца пачынаюць мусульмане. Маўляў, іх свабода веравызнаньня абмяжоўваецца. Гаворыць муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Польшчы Томаш Міськевіч.

Томаш Міськевіч: Цяпер мы маем трыццацідзённы пост падчас Рамадану. Мы ўжо сутыкнуліся з праблемамі, ня можам здабыць мяса з рытуальнага забою. Пакуль што мы прывозім яго з-за мяжы. Ужо зьявіўся чорны рынак, вырасьлі цэны. Мы мусім забясьпечыць мясцовых мусульман, якія прытрымліваюцца правіл, адпаведным харчаваньнем падчас Рамадану.

Выглядае на тое, што польскаму ўраду давядзецца прысьвяціць шмат высілкаў на тлумачэньні прынятых паправак. Ня выключана сытуацыя, што закон зноў трапіць на разгляд у Сэйм.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт