Беларуска-польскую стужку “Жыве Беларусь!” пакажуць у сэрцы Эўразьвязу. Яна прыме ўдзел у конкурсе Брусэльскага кінафэстывалю. Як прадстаўнікі аддзелу культуры польскай амбасады ў Брусэлі, так і арганізатары кінафэстывалю ацэньваюць стужку вельмі пазытыўна і зьвязваюць зь ёй вялікія надзеі.
“Беларускага рокера Мірона сілай забралі ў войска, і ён напоўніцу расплочваецца за сваё вальнадумства! Каб расказаць грамадзтву пра зьдзекі, якія пераносіць хлопец, яго дзяўчына пачынае пісаць блёг, які падагравае супраціў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Суаўтар сцэнару Франак Вячорка ведае, пра што ён кажа: […]будучы апазыцыйным актывістам, ён сам дамагаўся права гаварыць па-беларуску ў войску. […] Ад жорсткасьцяў арміі ды беларускага КДБ у гледачоў бягуць па сьпіне мурашкі!” – так гучыць анонс кінастужкі Кшыштафа Лукашэвіча ды Франака Вячоркі, апублікаваны на сайце Брусэльскага кінафэстывалю.
Разам са стужкай “Baby Blues” рэжысэркі Касі Расланец, стужка “Жыве Беларусь!” будзе прадстаўляць у Бэльгіі польскае кіно. Дырэктарка культурнага аддзелу амбасады Польшчы ў Брусэлі Бэата Падгурска ўсьцешаная выбарам, які зрабілі арганізатары кінафэстывалю.
Б. Падгурска: Мы прапанавалі арганізатарам шмат фільмаў на розныя тэмы. І нас вельмі цешыць, што рада фэстывалю выбрала менавіта фільм “Жыве Беларусь!”. Гэтая стужка падкрэсьлівае нашу зацікаўленасьць усходнімі суседзямі Польшчы. Яна ня толькі закранае важныя палітычныя тэмы, але й проста зьяўляецца добрым фільмам. Гэта падкрэсьлілі чальцы праграмнай рады фэстывалю на нядаўняй прэс-канфэрэнцыі. Яны высока ацанілі мастацкія якасьці карціны.
Стужка моцная, таму выбар быў імгненны – кажа дырэктар брусэльскага кінафэстывалю Іван Карбюзье.
І. Карбюзье: Я лічу гэтую карціну вельмі моцнай. Яна распавядае пра падзеі, якія мала вядомыя ў Бэльгіі. Заўсёды будуць цікавымі фільмы, якія распавядаюць пра праблемы, зь якімі людзі сустракаюцца ва ўмовах дыктатуры, а тым больш дыктатуры ў нашыя дні. Аднак цікавая ня толькі тэма стужкі, але й яе рэалізацыя. На мой погляд, гэты фільм вельмі малады, дынамічны. Гульня галоўных герояў таксама вельмі добрая. Гэта быў выбар сэрца і выбар быў імгненны.
Дырэктар Брусэльскага кінафэстывалю мяркуе, што крытыкі й гледачы адрэагуюць на фільм “Жыве Беларусь!” пазытыўна.
І. Карбюзье: Мне вельмі цікава, што пра гэтую стужку будзе пісаць прэса. Гэта пакуль вялікае пытаньне. Гэта добры фільм: і з пункту гледжаньня тэматыкі, і з пункту гледжаньня рэалізацыі. Я спадзяюся, што яго добра ацэняць – як за тэматычныя, так і эстэтычныя якасьці.
Дырэктарка культурнага аддзелу амбасады Польшчы ў Брусэлі спадзяецца, што востры фільм пра Беларусь прыцягне ўвагу эўрапейскай публікі.
Б. Падгурска: Я ўскладаю вялікія надзеі на гэты фільм. Падчас прэс-канфэрэнцыі сябры праграмнай рады фэстывалю заявілі журналістам ды прадстаўнікам іншых кінаконкурсаў, што гэты фільм ашаломлівае й зачароўвае зь першага погляду. Так што мы разьлічваем на вельмі добрую рэакцыю крытыкаў. Як вядома, Брусэль – гэта выключны горад. Ён ня толькі зьяўляецца сталіцай шматмоўнай Бэльгіі, але й сталіцай Эўрапейскага зьвязу. Таму мы разьлічваем на прыцягненьне ўвагі эўрапейскай публікі.
Дырэктар фэстывалю Іван Карбюзье таксама спадзяецца, што дзякуючы фільму, пра Беларусь у Бэльгіі пачнуць гаварыць больш. “Жыве Беларусь!” будзе зразумелая бэльгійскаму гледачу таксама таму, што моўная палітыка тут зьяўляецца вельмі вострай тэмай.
І. Карбюзье: Галоўны герой змагаецца за права размаўляць на сваёй мове, тады як яго змушаюць размаўляць на іншай. У Бэльгіі, як вядома, тры мовы. Гэта вельмі далікатная тэма таксама і ў Бэльгіі. Таму праблематыка фільму сягае па-за беларускія межы. Фільм узбудзіць эмоцыі і ў бэльгійскага гледача. Тэма свабоды таксама сягае далёка за беларускія межы. На сьвеце шмат несвабодных краінаў. Нават у дэмакратычных краінах грамадзянскія свабоды часта парушаюць. Таму гэты фільм я лічу вельмі цікавым.
Брусэльскі кінафэстываль пройдзе з 19 да 26 чэрвеня. Стужкі “Жыве Беларусь!” і “Baby Blues” будуць паказаны 24 чэрвеня на вечары польскага кіно ў культурным цэнтры Flagey.
Аляксандар Папко