Logo Polskiego Radia
Print

“Bulbamovie” прымае заяўкі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.06.2013 17:18
Арганізатары нецярпліва чакаюць, якія стужкі прыйдуць на сёлетні фэстываль.

/

Пачаўся прыём заявак на Фэстываль беларускага кіно “Bulbamovie”, які адбудзецца ў Польшчы 19-20 кастрычніка гэтага году. Арганізатары чакаюць фільмаў ад маладых духам, незалежных беларускіх творцаў.

Фэстываль адбудзецца ў Варшаве ўжо трэці раз. Раней аматары беларускага кіно маглі пабачыць фільмы Кудзіненкі, Адамовіч, Канановіча ды іншых творцаў. Год таму на мерапрыемстве ўпершыню быў конкурс, але журы так і не змагло вызначыць пераможцу. У выніку ніхто не атрымаў галоўнага прызу – Залатой бульбы.

Дырэктар фэстывалю Януш Гаўрылюк шчыра кажа, што не спадзяваўся, каб эспэрымэнтальны прагляд беларускіх стужак, а так задумваўся фэстываль на пачатку, праіснаваў больш, чым адзін год. Але аказалася, што ідэя была вельмі патрэбнай.

Я. Гаўрылюк: Я сам ня верыў, што будзе трэці фэстывлаь. Гэта быў экпэрымэнт, больш прагляд. Але ідэя спадабалася, у мінулым годзе мы зрабілі конкурс, на які прыйшло каля 60 фільмаў. Нечакана прыйшло шмат мастацкага кіно, а мы спадзяваліся больш дакумэнтальнага. Фільмы былі самыя розныя – оффавае кіно, калі людзі дзесьці самі здымалі стужкі на лічбавыя камэры, але былі таксама творы студэнтаў Акадэміі мастацтваў зь Менску. Калі казаць пра гэты год, то мы зноў ня ведаем, чаго чакаць. Карта беларускага кіно нам да канца невядомая. Напрыклад, у мінулым годзе 15 чалавек, фільмы якіх увайшлі ў конкурсную частку й якія прыехалі ў Варшаву, ня ведалі раней адзін аднаго. А тут яны папілі піва, паелі бульбы, і цяпер падтрымліваюць кантакты.

Беларускі кінакрытык Андрэй Расінскі сачыў за абодвума фэстывалямі, назіраў за тым, як вырастала зацікаўленьне да прагляду беларускіх фільмаў, як маладыя творцы зь Беларусі займаюцца пошукам уласнай тэмы, каб паказаць яе гледачам.

А. Расінскі: Гэта пляцоўка, дзе зьбіраюцца беларускія фільмы па-за фарматам, па-за сыстэмай або якія створаныя толькі-толькі маладымі творцамі ў самой сыстэме. Гэта кіно, якое толькі расьце, спрабуе намацаць свае жанры, свае гісторыі, сваіх герояў. На гэтай пляцоўцы праяўляецца беларускае новае кіно. Я быў на абодвух фэстывалях. Першы – гэта была спроба намацаць глебу, яшчэ было мала людзей. На другі фэстываль ужо вялікая колькасьць маладых творцаў даслала свае карціны. Было цікава назіраць, як маладыя творцы спрабуюць знайсьці сваю тэму, новыя фарматы й жанры. Важна таксама, што на фэстывалі быў конкурс.

Паказы фільмаў у рамках “Bulbamovie” адбываюцца ў варшаўскім кінатэатры Luna. Януш Гаўрылюк адзначае, што гледачы прыходзяць, каб убачыць фільмы, якія нідзе ў іншым месцы паглядзець немагчыма. А цяпер гэтыя фільмы пачынаюць запрашаць у іншыя гарады Польшчы, дзе людзі даведваюцца чагосьці больш пра Беларусь, чым Лукашэнка.

Я. Гаўрылюк: Цяпер нас як праект “Bulbamovie” запрашаюць кінаклюбы ў цэлай Польшчы. Мы паказваем фільмы, а потым адбываюцца дыскусіі. Людзі сапраўды цікавяцца Беларусяй, але часта толькі ад нас пачынаюць даведвацца пра краіну больш, чым толькі Лукашэнка й апазыцыя. Людзі сапраўды нічога больш ня ведаюць пра Беларусь, а пасьля нашых фільмаў гэта зьмяняецца.

Апрача прэстыжу, пераможца конкурсу атрымае таксама грашовую ўзнагароду – за першае месца – 2,5 тыс. злотых. Прыём заявак працягнецца да 1 верасьня. Вядзецца таксама пошук спонсара, які ўручыць уласную ўзнагароду за найлепшы дакумэнтальны фільм.

У межах фэстывалю адбудуцца майстар-клясы, а таксама канцэрт гурту «NeuroDubel».

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт