Logo Polskiego Radia
Print

Дыпляматы прыбіраюць Варшаву

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.04.2013 16:10
Яны тлумачаць, што хацелі сабрацца й папрацаваць разам, але прычына больш празаічная.

Пасол Фінляндыі ў Польшчы Яры Вілена паявіўся сёньня на працы не ў касьцюме, а ў рабочай вопратцы – чытаем у выданьні „Gazeta Wyborcza”. У такой уніформе можна яго сустрэць у Швайцарскай Далінцы, раёне Варшавы, які стаў папулярным месцам яшчэ ў 19 стагодзьдзі. Далінка была культурна-музычным салёнам польскай сталіцы, там адбываліся канцэрты, выставы. Цяпер жа гэта проста папулярнае месца прагулак. Фінскі пасол вырашыў яго прыбраць, але не адзін, а ў кампаніі калег з пасольстваў Швайцарыі, Чэхіі, Нарвэгіі, Румыніі, ЗША й Вугоршчыны.

Дыпляматы вельмі дыпляматычна кажуць, што вырашылі прыбраць тэрыторыю, каб сустрэцца ды папрацаваць разам. Але дастаткова кінуць позірк на Швайцарскую далінку, каб зразумець іх сапраўдныя матывы - там проста вельмі брудна. Усюды сьмецьце, сабачыя ды каціныя адходы. Гарадзкія ўлады тлумачаць, што ў гэтым годзе была доўгая зіма, яшчэ два тыдні таму ў Варшаве ляжаў сьнег, і немагчыма прыбраць горад за такі кароткі час.

Што пасол Фінляндыі параіць уладам Варшавы па пытаньні ўтрыманьня чысьціні? Яры Вілена адказаў як сапраўдны дыплямат: у Фінляндыі існуе арганізацыя пад назваю Roska рäivässä, што азначае “адно сьмецьце кожны дзень”. Сярод фінаў гэта папулярнае правіла: прыбраць зь зямлі хаця б адно сьмецьце штодзённа.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт