Польская прэса пра беларускі "экстрэмізм"
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
19.04.2013 15:15
Працэс ініцыявала беларускае КДБ, якому не спадабаліся здымкі.
„Gazeta Wyborcza” піша пра рашэньне суду пасьля працэсу над альбомам “Belarus Press Photo 2011 – Прэс-фота Беларусі”. Працэс ініцыявала беларускае КДБ, якому не спадабаліся здымкі, прадстаўленыя ў альбоме. Фатаграфіі паказваюць разгон дэманстрацый, але таксама звычайнае жыцьцё жыхароў краіны.
“Гэта прэцэдэнс. Раней улады перасьледвалі за тэксты, але ніколі за здымкі”, - гаворыць юрыст Гары Паганяйла. Фатограф Юлія Дарашкевіч нагадвае, што калі яна вярталася ў лістападзе мінулага году зь Летувы, дзе была выстава, то на мяжы быў канфіскаваны 41 альбом. Празь нейкі час КДБ унесла справу ў суд, каб прызнаць альбом “экстрэмісцкім”. У ролі падсудных выступілі трое аўтараў здымкаў, а экспэртам быў кіраўнік аддзелу ідэялёгіі гарадзенскага выканкаму Павел Скрабко. Ён убачыў неадпаведнасьць нават у здымку, на якім двое жыхароў краіны прымяраюць галаўны ўбор на рынку. На думку Скрабко, аўтар адмыслова прадставіў дрэнна апранутых беларусаў на фоне прыгожых заходніх тавараў, што зьневажае ўвесь беларускі народ.
Экспэрты з КДБ не знайшлі ў здымках фотамантажу ці фальсыфікацыі, але й так суд у Ашмянах прызнаў альбом экстрэмісцкім. Інфармацыя пра гэта паявіцца ва ўрадавай прэсе, выданьне нельга прадаваць і нават раздаваць бясплатна. Дарэчы, яшчэ перад аб’яўленьне рашэньня суду кнігарні вывелі з продажу ўсе альбомы.
Паганяйла спадзяецца, што ўлады ня будуць перасьледваць аўтараў здымкаў. Ён нагадвае, што некалькі гадоў таму суд прызнаў экстрэмісцкім фільм “Урок беларускай мовы”. Але тады ніхто ня быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці.
нг