Logo Polskiego Radia
Print

Круглы стол па прыватызацыі

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 28.02.2013 20:23
АГП зладзіла сустрэчу пад назвай «Прыватызацыя ў Беларусі: паміж надзеяй, чаканьнем і рызыкамі, пагрозамі».
Foto: polskieradio.pl

27 лютага ў Менскім офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі прайшоў Круглы стол па тэме «Прыватызацыя ў Беларусі: паміж надзеяй, чаканьнем і рызыкамі, пагрозамі». Арганізатарам сустрэчы выступіла Экспэртная рада пры Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

У абмеркаваньні прынялі ўдзел выбітныя эканамісты: Станіслаў Багданкевіч, Леанід Заіка, Міхаіл Чыгір, Леанід Злотнікаў, Яраслаў Раманчук, Барыс Жаліба, Антон Балточка. Мадэраваў Круглы стол намесьнік старшыні АГП Леў Марголін.

Аб'яднаная грамадзянская партыя -- адзіная, бадай, партыя на беларускай палітычнай прасторы, якая перш за ўсё дбае пра стан эканомікі ў краіне, кажа Леў Марголін. І таму яна ладзіць такія дыскусіі.

Л. Марголін: Мы выступаем за прыватную ўласнасьць, а яе ў нашай краіне можна дасягнуць толькі праз прыватызацыю. Праўда, нашае разуменьне прыватызацыі карэнным чынам адрозьніваецца ад уяўленьня аб ёй сёньняшняй улады. Аднак мы — партыя, а не навукоўцы, таму мы павінны пэрыядычна, як кажуць, зьвяраць гадзіньнікі з экспэртамі.

Сёньня прыватызацыя зводзіцца да разьдзелу маёмасьці намэнклятурай, а атрыманыя сродкі ідуць на аплату пазык, зробленых некампэтэнтнымі чыноўнікамі, сьцьвярджае Леанід Заіка. Як тады павінна выглядаць прыватызацыя?

Л. Заіка: Прыватызацыя буйных прадпрыемстваў — толькі па асобных праектаx. Сярэднія, невялікія прадпрыемствы — трэба праводзіць іх рэструктурызацыю й прыватызацыю адкрыта й максымальна транспарэнтна. А на малых прадпрыемствах трэба праводзіць прыватызацыю зыходзячы з канкрэтнай спэцыфікі раёну. Іх можна проста перадаваць тым асобам, якія маглі б пасьпяхова імі кіраваць. І пры ўсім гэтым прыватызацыя павінна быць грашовай. Пачынаць можна з выкупаў тых плошчаў, памяшканьняў, якія сёньня арэндуюцца бізнэсам ад мясцовых органаў улады.

Неабходная структурная перабудова эканомікі, сьцьвердзілі экспэрты-ўдзельнікі круглага стала. Структурная — гэта значыць, што сама структура павінна зьмяніцца: асноўная доля ВУП павінна прыходзіцца на дробны й сярэдні бізнэс. Яна павінна вырасьці з 22% (цяперашні паказьнік у Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі) да хаця б 60%, як у Эўропе.

Л. Марголін:
Трэба, каб у краіне былі створаныя ўмовы для прыватызацыі. Гэта, па-першае, дэмакратычны й празрысты характар працэсу прыватызацыі, што наогул немагчыма пры сёньняшняй ўладзе. Па-другое. Для таго, каб прадпрыемствы маглі нармальна працаваць, трэба, каб інфляцыя была зьніжаная да разумных памераў. І трэцяе: немагчыма працаваць прамысловасьці, калі стаўкі па крэдытах перавышаюць 40% гадавых. Таму першае, што трэба зрабіць — трэба стварыць умовы. І па-другое, трэба адказаць на пытаньне: дзеля чаго мы робім прыватызацыю? Мы прыйшлі да высновы, што сёньняшняя ўлада мае асноўную мэту — зарабіць грошы й праесьці іх. На наш погляд і на погляд экспэртаў, галоўнай мэтай прыватызацыі павінна стаць эфэктыўная праца прадпрыемстваў і стварэньне новых працоўных месцаў. А тое, што тычыцца карысных выкапняў, то іх ў нас ня так і шмат, напр. Салігорскі калійны камбінат. Мы ўсе пагадзіліся, што трэба наогул заканадаўча забараніць прыватызацыю такіх прадпрыемстваў па меншай меры на 5-10 гадоў.

У пытаньні прыватызацыі ёсьць вельмі шмат спрэчных момантаў, якія трэба абмяркоўваць і знаходзіць кансэнсус, лічыць адзін з удзельнікаў сустрэчы, эканаміст Яраслаў Раманчук.

Я. Раманчук:
Нам трэба, перш за ўсё, браць пад увагу досьвед — і пазытыўны, і нэгатыўны — больш за 20-і краін Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. Трэба адмовіца ад практыкі, якая сёньня ёсьць, — спробы прадаваць па 10-20% акцый у закрытым рэжыме. Трэба, каб была адзіная працэдура, празрыстая, падкантрольная для паўнавартаснага парлямэнту, для незалежнага суду, для ўсіх тых, хто ўдзельнічаў у конкурсе. Ёсьць спосабы зрабіць так, каб малы й сярэдні бізнэс у Беларусі меў магчымасьць купляць тыя актывы, якія сёньня арэндуе, каб ён удзельнічаў у малой прыватызацыі. Ну, а буйную прыватызацыю трэба праводзіць вельмі асьцярожна, кропкава. Тут ёсьць вельмі шмат спрэчных пытаньняў. Карысьць ад такога спаткання заключаецца ў тым, што вядзецца дыскусія й такім чынам выпрацоўваюцца найлепшыя падыходы для нашай краіны.

Круглы стол — гэта тое месца, дзе адмыслоўцы могуць абмеркаваць канкрэтныя пытаньні, падзяліцца ўласным досьведам і поглядамі. На жаль, у Беларусі няма іншай пляцоўкі, на якой магло б ісьці грамадзкае абмеркаванне тых ці іншых праблем, а праблема прыватызацыі належыць якраз да тых, якія маюць неспрэдны ўплыў на заможнасьць і самой дзяржавы, і яе грамадзянаў.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт