Logo Polskiego Radia
Print

Дарагі амэрыканскі хаўрусьнік?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.02.2013 15:01
  • Дарагі амэрыканскі хаўрусьнік.mp3
Варшава плаціць высокую цану за супрацу з ЗША.
Photo: sxc.huPhoto: sxc.hu

/

Вось ужо 10 гадоў не сьціхае скандал, зьвязаны з абвінавачаньнем ва ўдзеле ў сакрэтных апэрацыях ЦРУ.

Інфармацыя пра тое, што ЦРУ арганізавала сетку сакрэтных турмаў у шэрагу эўрапейскіх краін зьявілася ў лістападзе 2005 году пасьля публікацыі ў амэрыканскай прэсе. Эўрапейскія арганізацыі, між іншым, Рада Эўропы ды Эўрапарлямэнт праводзілі сьледзтва па гэтай справе. Спачатку было заяўлена, што ЦРУ мела сакрэтныя турмы ў 54-х краінах, потым - у 14-ці. Канчаткова Рада Эўропу паведаміла, што ў 2003-2005 гадах ЦРУ мела сакрэтныя аб’екты ў Польшчы ды Румыніі, дзе ўтрымлівала падазраваных у тэрарызьме.

Усе гэтыя гады польскі бок заяўляў, што ніякіх сакрэтных турмаў на тэрыторыі краіне не было. Аднак на днях у справу ўмяшаўся Суд па правах чалавека ў Страсбурзе. Судзьдзі вырашылі рассакрэціць акты справы саудаўца Абд Аль-Рахіма Нашры. Гэта вязень Гуантанама, які абвінавачвае Польшчу, што быў нібыта катаваны ў сакрэтнай турме ЦРУ ў гэтай краіне. Падрабязнасьці са Страсбурга перадае карэспандэнт Польскага Радыё Войцех Цагельскі.

Войцех Цагельскі: Саудавец абвінавачваецца ў нападзе на амэрыканскі авіяносец у Емэне. Ягоны адвакат заяўляе, што на пачатку 2000-х гг. ён быў на тэрыторыі Польшчы, дзе амэрыканцы катавалі яго. Адвакаты паскардзіліся на польскую дзяржаву ў Страсбург. Суд па правах чалавека рассакрэціў дакумэнты справы ў зьвязку зь недастатковай супрацай з боку польскіх праваахоўных органаў. Польскія ўлады дамагаліся сакрэтнасьці слуханьня, бо адкрытая публікацыя дакумэнтаў можа паставіць пад пагрозу бясьпеку дзяржавы.

Усьлед за Нашры скаргу на Польшчу ў страсбурскі суд падаў яшчэ адзін вязень Гуантанама - палестынец Абу Зубайды, “нумар тры” Аль-Каіды. Ён заяўляе, што знаходзіўся ў Польшчы з 5-га сьнежня 2002-га году па 22-га верасьня 2003-га году. Ягоны адвакат Барталамей Янкоўскі кажа, што мае доказы незаконнага пазбаўленьня свабоды й катаваньняў ягонага кліента.

Барталамей Янкоўскі: Для мяне найлепшым доказам таго, што мой кліент зазнаў крыўду на тэрыторыі польскай дзяржавы, ёсьць факт прызнаньня яму статуса ахвяры. У лісьце ў пракуратуру я называю ўсе супрацьзаконныя дзеяньні ў дачыненьні да майго кліента. Іх вельмі шмат, таму цяжка сказаць, што было зроблена ў Польшчы. Тым больш, што я яшчэ не азнаёміўся з усімі матэрыяламі справы.

Польскі ўрад заяўляе, што ў Польшчы не было сакрэтных турмаў ЦРУ. З 2008-га году польская пракуратура вядзе сьледзтва ў гэтай справе. Рашэньне страсбурскага суду Варшава ацэньвае нэгатыўна. Гаворыць віцэ-міністар замежных справаў Мацей Шпунар.

Мацей Шпунар: У зьвязку з тым, што ўсе акты слуханьняў у судзе будуць у адкрытым доступе, нам будзе складана перадаць суду сакрэтную частку дакумэнтаў са сьледзтва ў справе турмаў ЦРУ. Мы вядзем расьследаваньне, якое пакажа, ці названыя факты мелі месца.

У самой Польшчы меркаваньні падзяліліся. Адны лічаць, што польскія органы й спэцслужбы ня маюць да гэтай справы ніякага дачыненьня. Адказнасьць ляжыць на амэрыканцах, зазначыў дэпутат партыі “Права й справядлівасьць” Вітальд Вашчыкоўскі.

Вітальд Вашчыкоўскі: Нават калі амэрыканцы перавозілі ды перадавалі падчас прыпынкаў у Польшчы й шматлікіх іншых эўрапейскіх краінах падазроных у тэрарызьме, аніводзін з тых вязьняў нават на хвіліну не перадаваўся польскаму агенту. Я ў гэтым перакананы. Уцягваньне ў гэтую справу польскіх агентаў – гэта глупства. Мы павінны адысьці ад гэтага й бараніць нашы службы.

Іншыя лічаць, што турмы ЦРУ былі ў Польшчы, а польская дзяржава мусіць пайсьці на супрацу з Судом па правах чалавека ў Страсбурзе. Гэта стандарт для эўрапейскай дзяржавы, заявіў сэнатар Юзэф Піньёр, які працаваў у сьледчай камісіі Эўрапарлямэнту па справе сакрэтных турмаў ЦРУ.

Юзэф Піньёр: Калі мы будзем сябе так паводзіць, то чым мы адрозьніваемся ад пуцінскай Расеі? Мы лічым, што пуцінская Расея не зьяўляецца ані лібэральнай, ані дэмакратычнай дзяржавай. Гэтаксама як і краіны Цэнтральнай Азіі. Менавіта таму, што яны так паводзяць сябе ў адносінах з Эўрапейскім судом па правах чалавека. Мы таксама можам пайсьці па іх шляху. Тады трэба быць падрыхтаваным да таго, што мы перастанем быць краінай ЭЗ і далучымся да дзяржаваў Усходняй Эўропы.

У сваю чаргу экспэрты перакананыя, што Польшча мусіць канчаткова высьветліць гэтую справу. Далейшае замоўчваньне будзе толькі паглыбляць нэгатыўныя наступствы. Гаворыць старшыня Хэльсінскага фонду Адам Боднар.

Адам Боднар: У гэтай палітыкі няма будучыні, таму што мы гаворым пра неляяльныя паводзіны Польшчы ў адносінах з Эўрапейскім судом па правах чалавека. Гэтым самым мы яшчэ больш шкодзім нашым інтарэсам на міжнароднай арэне, чым нежаданьнем любым коштам высьветліць справу турмаў ЦРУ ў Польшчы.

Справа сакрэтных турмаў ЦРУ загучала на ўвесь сьвет у 2005 годзе. З таго часу для Польшчы яна прынесла толькі нэгатыўныя наступствы, перш за ўсё ў міжнароднай палітыцы. Нядаўна пра гэтую справу нагадаў польскаму боку нават беларускі МЗС. Экспэрты заклікаюць польскі ўрад як мага хутчэй высьветліць гэтае пытаньне.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт