Як будуць разьвівацца польска-беларускія стасункі ў бліжэйшай будучыні? Ці зьменіцца “ледніковы пэрыяд” адлігай? Альбо, можа, стане яшчэ горш? На прэс-канфэрэнцыі, якую Аляксандар Лукашэнка правёў у аўторак, ён адказаў і на пытаньні, якія датычацца польска-беларускіх стасункаў. Пракамэнтаваць адказы кіраўніка Беларусі мы папрасілі польскіх і беларускіх экспэртаў.
Падпісаньня дамоваў аб малым памежным руху з Польшчай і Летувой, якога ўжо два гады чакаюць жыхары Гарадзеншчыны й Берасьцейшчыны, у бліжэйшы час не адбудзецца. Аляксандар Лукашэнка ўпершыню прызнаў, што не падпісвае гэтых дамоваў па палітычных матывах.
“У нас шмат пытаньняў да польскага боку, перш за ўсё палітычныя, ёсьць шэраг нявырашаных пытаньняў. Тэхнічныя пытаньні тут не галоўныя”, - заявіў Аляксандар Лукашэнка. Менск стараецца націснуць на Польшчу, а больш за ўсё губляюць у гэтай сытуацыі менавіта беларускія грамадзяне – кажа аналітык Цэнтра ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысіньскі.
К. Клысіньскі: Пытаньне малога памежнага руху не павінна быць палітычным, але беларускія ўлады яго вельмі палітызуюць. Менск не прымае да ўвагі інтарэсаў сваіх грамадзянаў, якія жывуць на памежных тэрыторыях. Беларускія ўлады ставяць палітычныя ўмовы. Прыгадаю толькі, што Польшча запрасіла колішняга міністра замежных справаў Сяргея Мартынава на падпісаньне гэтай дамовы ў 2010 годзе, падчас канфлікту вакол Польскага дому ў Івянцы. Тады стасункі паміж дзьвюмя дзяржавамі былі вельмі нэрвовымі, але польскія ўлады змаглі аддзяліць непасрэдныя інтарэсы грамадзян ад міждзяржаўных стасункаў. Беларускія ўлады гэтых пытаньняў аддзяліць ня могуць.
Якія ж палітычныя прэтэнзіі мае да Польшчы й Летувы Лукашэнка? На гэтае пытаньне адказвае беларускі аналітык Андрэй Фёдараў.
А. Фёдараў: Гэта падтрымка Польшчай і Летувой грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Гаворка ідзе пра падтрымку апазыцыйных структураў, няўрадавых арганізацыяў і сродкаў масавай інфармацыі. Таксама Менску не падабаецца, што Варшава й Вільня прытрымліваюцца агульнай палітыкі Эўразьвязу ў стасунку да беларускіх уладаў. Я маю на ўвазе прыняцьцё сьпісу неўязных .
Для таго, каб дамова аб малым памежным руху ўступіла ў сілу, патрэбная ўсяго толькі натыфікацыя зь беларускага боку. Аднак уводзіць у дзеяньне гэтую дамову беларускім уладам нявыгадна, як па палітычных, так і эканамічных прычынах, лічыць Андрэй Фёдараў
А. Фёдараў: Менш беларусаў будуць езьдзіць у Польшчу й Летуву, каб набываць таньнейшыя й больш якасныя тавары. Яны будуць пакідаць свае грошы ў Беларусі. Значна менш беларускіх грамадзянаў убачыць жыцьцё ў краінах Эўразьвязу, таму грамадзтве будзе менш жаданьня патрабаваць адпаведных пераменаў у Беларусі.
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што паміж Польшчай і Беларусьсю не вырашаныя пытаньні супрацоўніцтва “спэцыяльных падразьдзяленьняў і спэцслужбаў”. Што гэта значыць? Сілавікі краінаў Эўразьвязу зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з калегамі зь Беларусі, аднак ня могуць яго арганізаваць, бо іх дапамога можа быць выкарыстаная для палітычных рэпрэсіяў. Так лічыць беларускі аналітык Раман Якаўлеўскі.
Фота: euroradio.fm
Р. Якаўлеўскі: Супрацоўніцтва паміж спэцслужбамі ў галіне барацьбы з тэрарызмам, кібэртэрарызмам, нелегальнай міграцыяй павінна разьвівацца. Але беларускі бок выкарыстоўвае гэтае супрацоўніцтва для перасьледу беларускіх апазыцыянэраў. Такая трактоўка супрацоўніцтва непрымальная для дэмакратычных краінаў і сябраў Эўразьвязу, якімі зьяўляюцца і Польшча, і Летува.
Наступным расчараваньнем для польскага боку стала адмова Лукашэнкі запрасіць польскіх экспэртаў дасьледаваць лёс польскіх афіцэраў, якія маглі быць расстраляныя ў Беларусі. “Ніякіх катынскіх сьпісаў у архівах КДБ няма” – катэгарычна заявіў Лукашэнка. Беларускі кіраўнік ня хоча варушыць катынскай праблематыкі, каб не ўскладняць стасункаў з Расеяй – лічыць палітоляг Каміль Клысіньнскі.
К. Клысіньскі: Аляксандар Лукашэнка ня хоча нэрваваць Расеі. Археалягічныя дасьледаваньні, праведзеныя польскімі археолягамі маглі б выкрыць непрыемную для Расеі інфармацыю. Можа аказацца, што й беларускія ўлады затойваюць нейкія факты. Гэта ўсяго толькі мае гіпотэзы. Аднак бачна, што Аляксандар Лукашэнка ня хоча варушыць складаных гістарычных праблемаў, якія супярэчаць афіцыйнай ідэалёгіі. Як вядома, беларускія ўлады пазытыўна ставяцца да савецкага мінулага.
На пытаньне, ці зьбіраецца Менск сумесна з Варшавай ушанаваць памяць паўстанцаў 1863 году, Аляксандар Лукашэнка адказаў, што ён ня супраць, аднак пра падобныя ініцыятывы яму нічога не вядома. Так што прарываў пляне культурных стасункаў у гэтым годзе таксама чакаць ня варта.
Рыторыка Аляксандра Лукашэнкі ў адносінах да Эўразьвязу падчас нядаўняй прэс-канфэрэнцыі была вельмі халоднай. Ніякага пацяпленьня польска-беларускіх стасункаў ў бліжэйшай будучыні чакаць не належыць – лічыць Каміль Клысіньскі. Увогуле прэс-канфэрэнцыя пацьвердзіла, што Аляксандар Лукашэнка не гатовы да пераменаў, баіцца іх і ўсімі сіламі стараецца ўтрымаць цяперашні парадак рэчаў – як у эканоміцы, так і ў палітыцы.
Аляксандар Папко