Logo Polskiego Radia
Print

У эўразоне пакуль што ня будзе свайго бюджэту

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.12.2012 16:22
Але лідары краінаў зоны адзінай эўрапейскай валюты не адмаўляюцца ад сваёй ідэі.

/

Праблемы зоны эўра, яе рэформа й большая інтэграцыя краін адзінай валюты – гэта сноўныя тэмы двухдзённага саміту Эўрапейскага Зьвязу, які пачаўся ў чацьвер у Брусэлі. Ад Польшчы ў сустрэчы ўдзельнічае прэм’ер-міністар Дональд Туск. Палякаў непакояць пляны рэформы зоны адзінай эўрапейскай валюты, у выніку якой такія дзяржавы, як Польшча, дзе няма эўра, мелі б меншы ўплыў на рашэньні Зьвязу.

Падчас першага дня саміту быў падрыхтаваны плян рэформаў эўразоны, а адмысловы бюджэт для краінаў зоны будзе падрыхтаваны пазьней. Многія палітыкі не згаджаюцца, каб зона эўра мела асобны бюджэт, паколькі, на іхнюю думку, гэта несла б пагрозы адзінству ЭЗ. Нямеччына вырашыла, што гэтае пытаньне неабходна адкласьці на пазьнейшы пэрыяд – перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Б. Пламэцка: Перад выбарамі ў Нямеччыне канцлер Ангела Мэркель не прымае ніякіх прапаноў, якія прадугледжвалі б выдаткоўваньне грошай на банкрутаў у зоне эўра. Таму няма згоды на асобны бюджэт эўразоны. Так што па гэтай справе няма рашэньня, затое працы прасоўваюцца па справе будаваньня банкаўскага зьвязу. Удзельнікі ўжо прынялі рашэньне пра ўвядзеньне эўрапейскага банкаўскага нагляду, а цяпер працягваецца працa над стварэньнем адзінай сыстэмы аздараўленьня банкаў падчас крызысу. Гэта азначае, што за праблемы банкаў ня будуць плаціць падаткаплатнікі, як гэта бывала раней. Прапановы адпаведных законаў Эўрапейская камісія прадставіць у будучым годзе.

Інтэграцыя зоны эўра аддаляе яе ад іншых краін, якія не прынялі адзінай валюты. У адказ Польшча пачынае разважаць пра далучэньне да эўразоны. Тым ня менш, рашэньне пра ўваход у зону – гэта пытаньне гадоў, а не месяцаў. Але плян дзеяньняў неабходна прыняць ужо цяпер, – адзначыў прэм’ер-міністар Дональд Туск.

Д. Туск: Гэтае рашэньне перад намі. Яно ня будзе прынятае заўтра або пасьлязаўтра, але ў недалёкай пэрспэктыве. Неабходна канчаткова вырашыцца, ці мы захочам быць часткай гэтага сэрца Эўропы, якім будзе зьвяз вакол эканамічна-фінансавай восі, дзе адзіная валюта зьяўляецца стрыжнем, ці застанемся хутчэй дзяржавай на ўскраіне. Зразумела, уласная валюта мае як свае пазытыўныя бакі, так і адмоўныя, але нельга забываць, што тады Польшча застанецца ў другім коле.

Польскі прэм’ер выказвае боязі, што эўразона, калі рашыцца прыняць асобны бюджэт і пачаць больш глыбокую інтэграцыю, пачне ўсё больш адрозьнівацца ад іншых краін. Самыя істотныя рашэньні будуць прымацца менавіта ў эўразоне, а астатнія дзяржавы застануцца па-за магчымасьцю ўплыву на гэтыя рашэньні, у выніку чаго яны могуць бяднець і слабей разьвівацца.

Д. Туск: Калі я кажу пра тое, што мы павінны вырашыць, ці хочам быць у сярэдзіне, ці звонку, то маю на ўвазе наш прынцыповы падыход – у які бок мы імкнемся – ці быць валюце эўра ў Польшчы. Вядома, што хутка эўра ў нас не паявіцца, але калі цягам некалькіх бліжэйшых месяцаў мы ня зможам прыняць рашэньня пра напрамак дзейнасьці, то іншыя краіны пойдуць наперад, а мы не. Ніхто ў Эўропе ня будзе доўга чакаць нашага рашэньня.

Адкрываючы саміт, старшыня Рады Эўропы Герман Ван Ромпэй выразіў спадзяваньне, што лідары Эўрапейскага Зьвязу змогуць дамовіцца па пытаньнях далейшых рэформаў у зоне эўра, якая балюча адчувае эканамічны крызыс.

Г. Ромпай: Самае дрэннае ўжо за намі, але шмат яшчэ трэба зрабіць. Я з задавальненем успрыняў рашэньне міністраў фінансаў пра ўвядзеньне банкаўскага нагляду. Гэта сапраўды важны крок дзеля узмацненьня нашага эканамічнага ды валютнага зьвязу. Такі кантроль над банкамі дазволіць працаваць больш стабільна, а гэта, у сваю чаргу, дапаможа ў нашых змаганьнях за рост эканомікі й працаўладкаваньня.

Вядома, што пакуль што ня будзе асобнага бюджэту для эўразоны – пытаньне перанесена на пазьнейшы час, але банкі ахопіць большы кантроль. Краіны эўразоны зрабілі высновы з крызысу. Дзякуючы стварэньню банкаўскага нагляду ўжо ня будзе магчымая палітыка бесклапотнага раздаваньня крэдытаў і рызыкоўных фінансавых апэрацыяў. Пакуль што ідэя стварэньня асобнага бюджэту эўразоны не прайшла, але яе аўтары не адмаўляюцца ад сваёй прапановы. Лідары ЭЗ намераныя вярнуцца да гэтай ідэі ў чэрвені будучага году. А ўдзельнікі саміту ў Брусэлі падчас другога дня паседжаньня заняліся іншымі пытаньнямі – перш за ўсё замежнымі справамі, у прыватнасьці, адносінамі з Сэрбіяй.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт