Logo Polskiego Radia
Print

За еднасьць грамадзянскай супольнасьці!

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 03.12.2012 15:23
  • RuchZaSvabodu.mp3
2 сьнежня ў Менску адбылося пасяджэньне Рады Руху “За Свабоду”.

/



На сустрэчы былі абмеркаваныя сцэнары ўдзелу ў наступных прэзыдэнцкіх і мясцовых выбарах. Рада Руху "За Свабоду" выступіла за еднасьць грамадзянскай супольнасьці, хоць не ўдалося дасягнуць паразуменьня па пытаньні канцэпцыі Нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняга партнэрства".


Нагадаем, Нацыянальная плятформа Форуму грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняга партнэрства" -- гэта беларуская камунікацыйная пляцоўка, адна з шасьці, створаных ў краінах, якія далучыліся да праграмы "Ўсходняга партнэрства". У склад беларускай пляцоўкі ўваходзіць больш за пяцьдзясят грамадзкіх арганізацый -- пастаянных сябраў. Тых, хто падзяляе ідэі аб'яднаньня на базе "Ўсходняга партнэрства", -- крыху болей. Беларуская плятформа дзейнічае з моманту зьяўленьня ініцыятывы "Ўсходняга партнэрства", гэта ўжо чацьвёрты год.

Ратыфікацыя новай канцэпцыі Нацыянальнай плятформы была Радаю Руху "За Свабоду" адкладзеная. Чаму так здарылася, тлумачыць намесьнік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч: Канцэпцыя прадугледжвае пэўныя зьмены. Калі Рух "За Свабоду" прымаў рашэньне пра далучэньне да Нацыянальнай плятформы ўлетку бягучага году, мы сталі падпісантамі мэмарандуму Нацыянальнай плятформы, які прагуледжвае ўзаемадзеяньне, камунікацыю паміж НДА ў кірунку эўрапеізацыі Беларусі. Гэтая пляцоўка дазваляе беларускім НДА быць у большай ступені далучанымі да тых працэсаў, якія адбываюцца ў Эўропе ў грамадзкім сэктары, а таксама прадстаўляць Беларусь. Гэта, дарэчы, адзінае прадстаўніцтва Беларусі ва "Ўсходнім партнэрстве", таму што іншыя каналы камунікацыі, на дзяржаўным узроўні, фактычна не працуюць. Мы падзялялі і падзяляем такія мэты дадзенага аб'яднаньня, аднак, на лістападаўскай канфэрэнцыі была прынятая канцэпцыя, якая прадугледжвае больш шырокія мэты для дадзенай пляцоўкі, фактычна, пераўтвараючы яе ў кааліцыю грамадзкіх аб'яднаньняў. Такая сытуацыя выклікала незадавальненьне шэрагу буйных беларускіх арганізацый. Натуральна, нам хацелася б удзельнічаць у працы тых структураў, якія маюць пэўны ўнутраны кансэнсус, а не ўдзельнічаць у спрэчках. Таму на дадзены момант мы вырашылі правесьці кансультацыі з усімі бакамі, якія выказваюць адрозныя падыходы, і па выніках гэтых кансультацыяў будзем прымаць рашэньне пра ратыфікацыю або нератыфікацыю новай канцэпцыі Нацыянальнай плятформы.

Гэтая тэма, пасьля заслуханай інфармацыі пра супярэчнасьці ўнутры плятформы, выклікала ажыўленую дыскусію. Рада Руху "За Свабоду" выступіла за дасягненьне кампрамісу і захаваньне еднасьці грамадзянскай супольнасьці, кажа намесьнік старшыні "Руху за Свабоду" Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч: Еднасьць як палітычнай пазыцыі, гэтак і грамадзянскай супольнасьці -- гэта адна зь перадумоваў эфэктыўнай дзейнасьці тых сілаў, якія выступаюць за дэмакратычныя перамены ў Беларусі. Калі мы бачым, што па шэрагу пытаньняў ёсьць разыходжаньні ў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, -- тут маецца на ўвазе сытуацыя, калі частка арганізацыяў, якія ўдзельнічаюць у Нацыянальнай плятформе выказалі нязгоду з новай канцэпцыяй, -- то як бы ні было, усе бакі павінны прыйсьці да згоды дзеля таго, каб Беларусь і яе грамадзянская супольнасьць рухалася ў правільным накірунку.

На пасяджэньні было прынятае рашэньне пра стварэньне профільных працоўных камісіяў у межах арганізацыі - у прыватнасьці, праваабарончай, палітычнай, гендэрнай, культурніцкай, адукацыйнай і інфармацыйнай, кажа сябра Руху "За Свабоду" Юрась Меляшківіч.

Юрась Меляшківіч: У нас ёсьць людзі, якія атрымалі пэўны ўзровень падрыхтоўкі ў межах адукацыйных праграмаў, таксама людзі, якія сваёй дзейнасьцю праявілі сябе больш кампэтэнтнымі ў пэўных справах. Цяпер насьпела неабходнасьць структураваць дзейнасьць гэтых людзей і сфармалізаваць іхную прысутнасьць у Руху "За Свабоду". Напрыклад, гендэрная камісія адназначна мае ўжо пэўную гісторыю і пэўныя дасягненьні. Міжнародная камісія, па-мойму, бясспрэчна патрэбная. У нас створана пяць камісій.

Рада таксама прагаласавала за супрацу зь іншымі арганізацыямі па рэалізацыі Нацыянальнай гендэрнай плятформы. На наступным пасяджэньні на пачатку 2013 году будзе абмяркоўвацца пытаньне стварэньня моладзевай камісіі.

На пасяджэньні 2 сьнежня Рада Рух "За Свабоду" прыняла рашэньне пра ўступленьне ў арганізацыю 19 новых сябраў. Пастаўлена задача, каб на канец 2013 году Рух налічваў 1000 чалавек.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт