Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь і Ўкраіна – што будзе далей?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.11.2012 13:37
  • Беларусь што будзе далей.mp3
На канфэрэнцыі ва Ўроцлаве экспэрты ацанілі пэрспэктывы для абедзьвюх краінаў.
Wikipedia

Надоечы ва Ўроцлаве адбылася штогадовая канфэрэнцыя пад назвай „Польская ўсходняя палітыка-2012”.

Мерапрыемства арганізаваў Калегіюм Усходняй Эўропы імя Яна Новака-Езёранскага.

Гэта была восьмая па ліку канфэрэнцыя, прысьвечаная ўсходняй палітыцы краіны. Мерапрыемства праходзіла пад ганаровым патранатам міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага.

Сустрэча была падзеленая на восем панэльных дыскусій. Адна зь іх датычыла будучыні Беларусі і Ўкраіны.

Польшча знаходзіцца ў стане халоднай вайны зь Беларусяй, - лічыць незалежны экспэрт Бартламей Сянкевіч. Ён нагадвае, што Беларусь - гэта апошняя дыктатура Эўропы, але ў дарозьненьні ад Захаду, палякі не зрабілі стаўкі на Лукашэнку.

Бартламей Сянкевіч: Гэта значыць, мы не зрабілі таго, што рабілі французы, італьянцы, немцы ды іншыя, хто мае буйныя грошы, з брытанцамі на чале. Палякі не пасябравалі з Лукашэнкам. Не адкрылі банкаўскіх рахункаў у Варшаве ні яму, ні ягоным памагатым, якія займаюцца ліквідацыяй беларускай апазыцыі.

- лічыць Бартламей Сянкевіч.

Асноўная праблема Эўропы зь Беларусяй - гэта факт, што, у адрозьненьні ад Украіны, яна ня хоча ў Эўразьвяз. У гэтым аспэкце Беларусь - гэта курыёз сусьветнага маштабу, - лічыць Войцех Каноньчук з Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў імя Марэка Карпа ў Варшаве.

Войцех Каноньчук: Беларусь ня толькі не заяўляе пра намер далучыцца да Эўразьвязу, яна ня хоча нават набліжацца да эўрапейскай супольнасьці ў эканамічным пляне. Нават некаторыя арабскія краіны Паўночнай Афрыкі маюць больш прасунутыя дамовы аб свабодным гандлі з ЭЗ, чым Беларусь.

Гэта карысна для Расеі, падтрымкай якой беларускія ўлады могуць пастаянна карыстацца амаль без абмежаваньняў.

Апрача таго, частка эўрапейцаў ужо страціла надзею на заканчэньне ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

Войцех Каноньчук: Цяпер ужо мала хто ў Польшчы спадзяецца, што ўлада Лукашэнкі хутка закончыцца. Здаецца, што такіх ілюзіяў на ўзроўні польскіх уладаў ужо няма.

- лічыць Войцех Каноньчук.

У сваю чаргу Войцех Бародзіч-Смаліньскі з Цэнтру міжнародных зносінаў сумняецца, ці сама адстаўка Лукашэнкі была б дастатковай у цяперашняй сытуацыі Беларусі.

Войцех Бародзіч-Смалінскі: Справа ня ў тым, ці мы памяняем Лукашэнку ці не. Нават, калі памяняем Лукашэнку, то застаецца беларускае грамадзтва са сваімі прывычкамі, непрыстасаваньнем да ўмоваў свабоднага рынку й без знаёмства прынцыпаў, якія на ім абавязваюць. Таму можа аказацца, што неўзабаве на месцы Лукашэнкі паявіцца нехта іншы, але вельмі на яго падобны.

- перасьцерагае Войцех Бародзіч-Смалінскі.

Тым часам, нягледзячы на тое, што сытуацыя ва Ўкраіне ўскладнілася асабліва пасьля парлямэнцкіх выбараў, у ацэнцы экспэртаў Украіна ня пойдзе па прыкладзе Беларусі. У гэтым перакананы, між іншым, Анджэй Шэптыцкі з Варшаўскага Ўнівэрсытэту.

Анджэй Шэптыцкі: Ці Ўкраіна пойдзе па шляху Беларусі? Рашуча не! 18 гадоў таму, калі Кучма й Лукашэнка выйгралі на выбарах, таксама ўзьнікалі гэткія боязі, якія ўсё ж ня спраўдзіліся. Ва Ўкраіне прайшлі часткова добрасумленныя выбары, дзейнічае плюралістычная палітычная сцана, ёсьць адносна моцная постсавецкая грамадзянская супольнасьць.

- нагадваў Анджэй Шэптыцкі.

Нягледзячы на тое, як сытуацыя ва Ўкраіне й Беларусі будзе разьвівацца далей, палякі не павінны адракацца ад прамоцыі сваёй культуры на Ўсходзе. Тым больш, што попыт на польскую культуру й ўзаемны культурніцкі абмен выразна бачны, - кажа Агнешка Рамашэўска-Гузы, дырэктарка беларускамоўнай тэлевізіі Белсат. Паводле яе словаў, польскія культурніцкія інвэстыцыі й заангажаваньне на Ўсходзе дадуць станоўчыя вынікі таксама на Захадзе.

Агнешка Рамашэўска-Гузы: Тое, як бачаць Польшчу на Захадзе - гэта непасрэдная рэфлексія таго, што Польшча можа. Чым большы будзе ўплыў і дасягненьні Польшчы на Ўсходзе, тым лепшая ейная пазыцыя на Захадзе. Таму, паводле мяне, трэба інвэставаць на Ўсходзе, каб павялічыць сваё значэньне на Захадзе. Гэта нашая роля ў Эўразьвязе.

- кажа дырэктарка Белсату.

Удзельнікі ўроцлаўскай канфэрэнцыі, апрача бягучай сытуацыі ў Беларусі, Расеі, Грузіі й ва Ўкраіне, абмяркоўвалі таксама вынікі польскай усходняй палітыкі ці эканамічнае супрацоўніцтва на постсавецкай прасторы. Цягам трохдзённых дыскусіяў закраналася таксама культурная палітыка Польшчы на тэрыторыі былога Савецкага Саюза.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт