Logo Polskiego Radia
Print

Беларускаму цэнтру ў Познані 10 гадоў

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 15.11.2012 15:21
  • Беларускаму цэнтру ў Познані 10 гадоў.mp3
Ужо 10 гадоў існуе культурна-асьветніцкая, няўрадавая арганізыцыя Беларускі культурна-асьветніцкі цэнтар у Познані.

/



Цэнтар быў заснаваны 15 лістапада 2002 году.

Мэты арганізацыі — заахвочваньне студэнтаў да працы на карысьць разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі, пашырэньне беларускай культуры, мовы й ведаў пра Беларусь у студэнцкім асяродзьдзі Познані, сярод палякаў і замежнікаў, папулярызацыя Беларусі ў Эўропе й дэмакратычным сьвеце, а таксама спрыяньне стварэньню будучых, добра адукаваных элітаў Беларусі.

Пра пачаткі й актуальную дзейнасьць беларускага цэнтра ў Познані мы размаўляем са старшынём арганізацыі Віталём Воранавым.

Узгадайце пра пачаткі? З чаго вынікала такая патрэба?

В. Воранаў: Я вучыўся ў Познані й даведаўся, што адбудзецца канцэрт гурта “Ліцьвіны”. Там я сустрэў аднадумцаў. Мы пачалі абмяркоўваць стварэньне арганізацыі, якая магла б дапамагчы наладзіць беларускае жыцьцё ў Познані. Беларусы Падляшша дапамаглі напісаць нам статут, сабралі групу зацікаўленых людзей, правялі ўстаноўчы сход, падалі на рэгістрацыю. Дзень заснаваньня – 15 лістапада 2002, а 23 красавіка 2003 года нас зарэгістраваў Познаньскі раённы суд.

Якой дзейнасьцю займаўся й далей займаецца цэнтар?

В. Воранаў: Назва гаворыць сама за сябе – культурна-асьветніцкі цэнтар. На працягу гадоў асноўныя прыярытэты мяняліся. Напачатку мы рабілі стаўку на беларускую аўдыторыю, беларускіх студэнтаў. Потым мы пераключыліся на нашых польскіх сяброў. А на апошнім этапе нашай дзейнасьці мы прыйшлі да высновы, што самай карыснай зьяўляецца дзейнасьць, якая дае канкрэтныя плёны. І мы заняліся выдавецкай дзейнасьцю. Да гэтага часу мы выдалі чатыры кнігі й спадзяемся, што на гэтым ня спынімся.

Адным з апошніх дасягненьняў цэнтра зьяўляюцца курсы беларускай мовы ў Познані. Як Вам гэта ўдалося?

В. Воранаў: На самым пачатку мы выкладалі беларускую мову як валянтэры. Але пасьля гэтая практыка закончылася. У Інстытуце Ўсходазнаўства ніколі не выкладалі беларускай мовы. Мы вырашылі сабраць подпісы студэнтаў, а пасьля даслалі іх ва ўстанову, якая адказная за выкладаньне моваў у гэтым інстытуце. Там пагадзіліся. Цяпер выкладаньне адбываецца афіцыйна ня толькі ў Інстытуце Ўсходазнаўства, але таксама на факультэце расейскай мовы. Агулам каля 40-50 чалавек вывучаюць беларускую мову ў Познані.

Якія ў цэнтра пляны на будучыню?

В. Воранаў: Асноўны прыярэтыт – гэта выдавецкая дзейнасьць. Гэта культурны складнік нашай дзейнасьці. Магчыма, што ў апошнія гады мы мала ўвагі прысьвячалі асьветніцкай ды навуковай дзейнасьці. На гэта мы будзем зьвяртаць увагу ў будучыні.

Дзякую за размову!

Цэлую размову зь Віталём Воранавым слухайце ў далучаным гукавым файле.

ав


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт