Logo Polskiego Radia
Print

У 1988 г. заснаваны БНФ "Адраджэньне"

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 18.10.2012 08:00
  • стварэньне БНФ.mp3
Гэта быў беларускі грамадзка-палітычны рух у канцы 1980 - пач. 1990 гг., які стаў першай альтэрнатывай камуністычнай партыі ў БССР

/

19 кастрычніка 1988 зьяўляецца днём заснаваньня Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”. Гэта быў беларускі грамадзка-палітычны рух у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў, які стаў першай альтэрнатывай камуністычнай партыі ў БССР і ўзьнік на хвалі выкліканага Перабудовай нацыянальнага ўздыму.

Грамадзка-палітычная дзейнасьць БНФ, актыўнасьць фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце БССР 12 скліканьня адыгралі важную ролю ў працэсе набыцьця Беларусьсю незалежнасьці ў 1990—1991 гг. БНФ ачольваў масавыя дэманстрацыі ў падтрымку дэмакратычных рэформаў, ініцыяваў прыняцьце шэрагу ключавых законадаўчых актаў на раньнім этапе існаваньня Беларусі ў якасьці сувэрэннай дзяржавы.
Сярод заснавальнікаў і актыўных дзеячаў быў Вінцук Вячорка, які расказвае як сасьпела патрэба ўтварэньня БНФ.

В. Вячорка: Савецкі камунізм і савецкая імпэрыя пачыналі хістацца. І гэта адбывалася ня толькі таму, што яны вычарпалі свой рэсурс, але таму што ўзьнікалі стыхійныя (падрыхтаваныя папярэднімі дзесяцігодзьдзямі) рухі за палітычнае й нацыянальнае вызваленьне. Беларусь не была выняткам. Рухі, якія былі ў Беларусі, патрабавалі выхаду на шырэйшую, сапраўды палітычную сцэну.

Сход арганізацыйнага камітэту фармальна рыхтаваўся як ўстаноўчы сход беларускага гістарычна-асьветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі».

В. Вячорка: Адбываўся ён у Менску, у Чырвоным касьцёле з удзелам некалькіх соцень чалавек. Адразу пасьля публікацыі інфармацыі пра стварэньне Арганізацыйнага камітэту па стварэньні БНФ, паданьня адрасу й тэлефону актыўна пачалі фармавацца гэтак званыя групы падтрымкі БНФ па ўсёй краіне, якіх былі сотні, а прыхільнікаў ідэі БНФ было дзясяткі тысяч. Аднак тагачасная ўлада БССР не змагла зьмірыцца, што ў Камуністычнай партыі адбіраюць рычагі ўплыву на грамадзтва й не дазваляла праводзіць форум і ўстаноўчы зьезд. Вось чаму ён адбыўся ў Вільні.

Зьезд прайшоў 24-25 чэрвеня 1989. На пасаду старшыні БНФ быў абраны Зянон Пазьняк.

Як адзначае Вінцук Вячорка, ужо з 1988 году БНФ дзейнічае на поўную моц.

В. Вячорка: Адным з найважейшых кірункаў працы як раз і было інфармаваньне людзей, фармуляваньне патрабаваньняў, зьвязаных з эканамічнымі й палітычнымі зьменамі, патрабаваньне сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі. Уласна кажучы, без БНФ не было б палітычна афарбаваных палітычных пратэстаў рабочых у 1991-м годзе. Яны мелі антысавецкі й незалежніцкі накірунак. Барацьба за незалежнасьць Беларусі была такой, які ў іншых краінах. Яна не звалілася нам зь неба.

У 1989 годзе шэраг дэмакратычных кандыдатаў пры падтрымцы БНФ абіраюцца ў Вярхоўны Савет СССР. Фракцыя БНФ у парлямэнце, дзе пераважная бальшыня дэпутатаў была камуністамі, утварыла ядро дэмакратычнай апазыцыі. Сябры фракцыі БНФ ініцыююць прыняцьцё Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі, наданьне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы, абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі.

У 1993 годзе адбылася юрыдычная рэструктурызацыя дзейнасьці БНФ. У выніку да гэтага часу дзейнічае дзьве структуры – партыя БНФ і партыя БНФ “Адраджэньне”.

ав/wikipedia.by

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт