Сэпаратысты спакушаюць Крэмль
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
01.08.2012 15:05
Сэпаратысты зь непрызнанай Прыднястроўскай Рэспублікі запрашаюць Маскву стварыць у іх вайсковую базу.
Ці Крэмль пагодзіцца на чарговую геапалітычную авантуру, піша штодзёнка “Rzeczpospolita”.
Пасьля распаду Савецкага Саюза ў межах Малдовы існуе нікім не прызнаная аўтаномная тэрыторыя – Прыднястроўская Рэспубліка. З тых жа часоў у Прыднястроўі месьціцца былая савецкая 14 армія. Сёньня гэта больш за тысячу расейскіх жаўнераў, якія, паводле Масквы, выконваюць там ролю міратворцаў. Аднак сэпаратыстам гэтага мала, піша польскае выданьне.
Тыраспаль прапануе Маскве стварыць на тэрыторыі рэспублікі вайсковую базу ўзамен за “фінансавую падтрымку”, якую прыднястроўскія ўлады хочуць прызначыць на ўмацаваньне бясьпекі. Прыднястроўскія палітыкі непакояцца, што цяперашні румынскі прэзыдэнт, які нядаўна цудам пазьбег адстаўкі, паспрабуе аб’яднаць Малдову з Румыніяй, як гэта было да 1940 году. Нягледзячы на тое, што афіцыйны Тыраспаль аспрэчвае інфармацыю пра вайсковую базу, большасьць экспэртаў лічыць яе вартай даверу, зазначае польскае выданьне.
Усё залежыць ад таго, як захоча разыграць дадзеную сытуацыю Масква. Крэмль здаўна спрабуе адыгрываць першую ролю на мірных перамовах па пытаньні прыднястроўскага канфлікту, якія вядуцца з удзелам ЭЗ ды ЗША. Аднак Малдова – гэта не Каўказ, кажа польскаму выданьню аглядальнік "Радыё Свабода" Віталь Портнікаў. Ён перакананы, што Крэмль ня пойдзе на экспэрымэнт з вайсковай базай на мяжы Ўкраіны ды Малдовы. Гэта не Каўказ, дзе расейцы доўгія гады пасьпяхова дэстабілізуюць сытуацыю, піша польская штодзёнка.
юл