Беларускіх дасьледчых цэнтраў становіцца больш. Нядаўна ў Варшаве прайшло адкрыцьцё аналітычнага цэнтру “Беларуская аналітычная майстэрня” пад кіраўніцтвам сацыёляга Андрэя Вардамацкага. Пра тое, чым новы дасьледчы інстытут зьбіраецца займацца й чым ён адрозьнівацца ад калегаў, нам распавядаюць стваральнікі “Аналітычнай майстэрні” – Андрэй Вардамацкі ды Леанід Злотнікаў.
“Беларуская аналітычная майстэрня” намераная рыхтаваць “глыбокія навуковыя ды аналітычныя дасьледваньні ў галіне палітычных, сацыяльных і эканамічных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі” – гаворыцца ў першым прэс-рэлізе ўстановы. Стваральнікамі навуковага цэнтру сталі доктар сацыялягічных навук Андрэй Вардамацкі, кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў і доктар палітычных навук Павал Усаў.
Да адкрыцьця ўласнага дасьледчага цэнтру экспэртаў падштурхнула жаданьне навуковай самарэалізацыі, а таксама попыт на веды аб Беларусі - тлумачыць Андрэй Вардамацкі. Беларуская аналітычная майстэрня будзе працаваць як з замежнымі аналітычнымі цэнтрамі, так і з прыватнымі кампаніямі. Экспэрты будуць імкнуцца фінансаваць сваю дзейнасьць не за кошт грантаў на дасьледваньні, якія выдаюць розныя ўстановы. Яны будуць намагацца прадаваць аналітычныя матэрыялы й зарабляць на гэтым грошы. Попыт будзе – перакананы Андрэй Вардамацкі.
Фота: svaboda.org
А. Вардамацкі: Як бы там ні было, ведаў пра Беларусь ўсё яшчэ мала. Гэты рынак не запоўнены. Мы плянуем рабіць ня толькі агульна-сацыяльныя дасьледваньні, але й практычныя маркетынгавыя рэчы для бізнэсу.
Беларусь па-ранейшаму застаецца “terra incognita” як для эўрапейскіх палітыкаў, так і для бізнэсу. “Беларуская аналітычная майстэрня” будзе тлумачыць, як насамрэч функцыянуе беларуская эканоміка, палітыка й грамадзтва – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.
Фота: belsat.eu
Л. Злотнікаў: Беларусь аказалася чымсьці нечаканым для Эўразьвязу. Палітыкі не разумеюць, чаму ім не ўдаецца знайсьці паразуменьня, схемаў узаемадзеяньня. Па-другое, беларуская эканамічная мадэль ня вельмі зразумелая для назіральніка з па-за Беларусі. У нас нібыта ёсьць акцыянэрныя таварыствы й прадпрымальнікі, але эканоміка ўсё роўна ня рынкавая. Некаторым падаецца, што нашая эканоміка такога ж тыпу, як і расейская. Аднак эканамічныя й палітычныя мадэлі ў Беларусі ды ў Расеі розныя.
Чым “Беларуская аналітычная майстэрня “ будзе вылучацца на фоне іншых дасьледчых цэнтраў, такіх як НІСЭПД, BISS ці ІПМ? Экспэрты ня будуць канцэнтравацца толькі на эканоміцы ці сацыялягічных дасьледваньнях – пераконвае Андрэй Вардамацкі. У сваіх дасьледваньнях яны будуць спалучаць розныя падыходы.
А. Вардамацкі: Ані сацыялёгія, ані эканоміка ці чыстая паліталёгія ня будуць у нас дамінаваць. Асноўная задумка – у сынтэзе гэтых галінаў. І гэта дасьць кумулятыўны эфэкт, інавацыйнасьць.
Ад іншых дасьледчых цэнтраў “Беларускую аналітычную майстэрню” будзе адрозьніваць больш глыбокі навуковы падыход – лічыць Леанід Злотнікаў.
Л. Злотнікаў: Мы сабралі перадусім навукоўцаў. Андрэй Вардамацкі – гэта ня проста аналітык. Ён доктар сацыялягічных навук, мае кантакты з фірмамі, якія праводзяць у Беларусі сацыялягічныя дасьледваньні. Без паглыбленага аналізу інтэрпрэтаваць вынікі сацыялягічных апытаньняў цяжка. Што тычыцца мяне – то я таксама навуковец. Выкладаю макраэканоміку ва ўнівэрсытэце, маю вялікі практычны досьвед у бізнэсе. Я гляджу на эканамічныя працэсы ў Беларусі з пэрспэктывы навукоўца.
“Беларуская аналітычная майстэрня” ўжо выпусьціла свой першы навуковы бюлетэнь. Хутка павінен запрацаваць ВЭБ-сайт – абяцае Андрэй Вардамацкі.
Аляксандар Папко