Logo Polskiego Radia
Print

“За 10 гадоў на карупцыю мы патрацілі 10 бюджэтаў краіны”

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 05.03.2012 14:37
  • За 10 гадоў на карупцыю мы патрацілі 10 бюджэтаў краіны.mp3
Пра выклікі, якія стаяць перад пуцінскай Расеяй, расказвае вядомы расейскі палітоляг Лілія Шаўцова.

Фота:
Фота: kprf.ru

Які працэнт расейцаў рэальна падтрымлівае Ўладзімера Пуціна? Якія праблемы стаяць перад расейскай эканомікай і ці зможа Пуцін іх вырашыць? Нарэшце, як пераабраньне Пуціна паўплывае на Беларусь? На гэтыя пытаньні нам адказвае вядомы расейскі палітоляг, навуковы супрацоўнік маскоўскага Цэнтру Карнэгі Лілія Шаўцова.

Колькі людзей рэальна падтрымлівае Ўладзімера Пуціна? Ці не зьяўляюцца грамадзкія пратэсты апошняга часу ўсяго толькі бунтам багатых піцерцаў ды масквічоў?

Рэальная падтрымка Пуціна нашмат меншая за 60% - кажа Лілія Шаўцова.

Л. Шаўцова: Калі сацыёлягі задавалі пытаньне: “За каго б Вы прагаласавалі, калі б выбары адбыліся ў бліжэйшую нядзелю?”, то 47% адказвалі, што прагаласавалі б за Пуціна. А калі прапанавалі сьпіс з зацьверджанымі прозьвішчамі кандыдатаў, то ўжо каля 66% казалі, што выберуць Пуціна. Такім чынам, лічба ў 47% - максымум 50% найбольш верагодная. Хутчэй за ўсё, менавіта столькі людзей галасавала за Пуціна. Усё астатняе было наступствам несумленных выбараў, адміністрацыйнага ціску, “каруселяў”, укідваньняў і г.д.

Ці пачне Ўладзімер Пуцін “закручваць гайкі” ды набліжаць Расею да беларускай мадэлі? Не – кажа Лілія Шаўцова. Расейская ўлада ня хоча ператвараць краіну ў новую Паўночную Карэю, але разам з тым рыхтуецца абараняць сябе.

Л. Шаўцова: Расейская палітычная эліта занадта моцна інтэграваная ў заходняе грамадзтва. Там іх дзеці, сем’і, банкаўскія рахункі. Ніякім чынам нельга лічыць, што пуцінская каманда настолькі крыважэрная, што хоча ператварыць Расею ў сёньняшнюю Беларусь. Пуцін паспрабуе зьняць напружанасьць праз “выпуск пары”: уключэньне апазыцыйных лідараў ва ўладныя структуры, подкуп прадстаўнікоў інтэлігенцыі, праз прыадчыненьне форткі. Напрыклад, будзе спрошчана рэгістрацыя партыяў. Хутка партыю зможа стварыць кожны, хто знойдзе 500 прыхільнікаў. Будуць створаныя сотні партыяў, на фоне якіх “Адзіная Расея” будзе выглядаць сапраўдным волатам. Адак калі вы паглядзіце на расейскі бюджэт 2012-2014 гадоў, то ўбачыце, што 1/3 гэтага бюджэту прызначаная на армію, спэцслужбы, МУС. Гэта значыць, што расейская ўлада загадзя думае, як сябе абараніць рэпрэсіўнымі мэтадамі. Калі не дапаможа мяккая палітыка, то пачнуць ужывацца рэпрэсіўныя захады – спачатку выбарачныя, а затым, магчыма, усё больш жорсткія.

У найгоршым выпадку, Пуцін сапраўды можа пачаць збліжэньне са сваім значна больш жорсткім аўтарытарным таварышам – Лукашэнкам, не выключае Лілія Шаўцова.

Якую зьнешнюю палітыку будзе праводзіць Расея й якая будучыня чакае Эўразійскі Зьвяз? На гэтыя пытаньні палітоляг адказвае наступае.

Л. Шаўцова: Пуцін будзе працягваць зьнешнюю палітыку, якую ён праводзіў да гэтай пары. Яе можна ахарактарызаваць наступным чынам: быць разам з Захадам, унутры Захаду й быць супраць Захаду. Гэта спалучэньне прагматызму й ваяўнічасьці. Апошняя можа спатрэбіцца, каб мабілізаваць насельніцтва, ужываючы антызаходнюю рыторыку. Ня выключана, што Пуцін возьме больш жорсткі тон у стасунку да NATO й ЗША. Калі казаць пра Эўразійскі Зьвяз – то гэта, у прынцыпе, вялікая хімэра. Наўрад ці Лукашэнка й іншыя аўтарытарныя лідары згодзяцца абмежаваць свой сувэрэнітэт. Ён можа быць жыцьцяздольны толькі ў адным выпадку: калі адзін з гэтых рэжымаў адчуе сваю нестабільнасьць. Тады Эўразійскі Зьвяз, аб’ядноўваючы свае вайсковыя рэсурсы, зможа прыйсьці яму на выручку.

Які лёс чакае расейскую эканоміку? Цана на нафту падаць не зьбіраецца. Ці сапраўды ёсьць прычыны для непакою?

Л. Шаўцова: Мы сапраўды залежым ад цэнаў на нафту. І збалянсаваць бюджэт пры такіх велізарных выдатках на вайсковыя патрэбы й пры такіх шчодрых перадвыбарчых абяцаньнях будзе вельмі складана. Аб’ём перадвыбарчых абяцаньняў Пуціна ўкладваецца ў лічбу 160 мільярдаў даляраў. Ніякі бюджэт, нават пры велізарных цэнах на нафту, ня можа вытрымаць такі аб’ём абяцаньняў. Пры коштах на нафту ў 110 даляраў за барэль у нас ужо будзе ўтварацца дэфіцыт бюджэту. Яшчэ адна праблема – дэградацыя савецкай індустрыяльнай структуры, якая складае аснову расейскай эканомікі. Мы не пабудавалі новых прадпрыемстваў, мы не будуем новых дарог, у нас няма новых тэхналёгіяў. Мы трымаемся на прадпрыемствах, якія былі пабудаваныя ў 60-я ды 70-я гады. Яны сталі паступова развальвацца.

Сярод іншых расейскіх праблемаў Лілія Шаўцова называе Паўночны Каўказ, куды ўкладаюцца велізарныя грошы, але які становіцца цывілізацыйна чужы Расеі, а таксама карупцыю.

Л. Шаўцова: Памер карупцыі жахлівы. Некалькі гадоў таму праводзіліся дасьледаваньні, згодна зь якімі карупцыя складае каля 300 мільярдаў даляраў за год. Згодна зь іншымі дадзенымі, за апошнія 10 гадоў на карупцыйныя мэты мы птрацілі каля 10 гадавых бюджэтаў Расеі. Карупцыю Пуцін перамагчы ня можа, бо яна зьяўляецца сыстэмным складнікам яго палітычнага рэжыму. Карупцыю можна перамагчы толькі пры свабоднай эканамічнай і палітычнай канкурэнцыі, дэманапалізацыі ўлады, вяртаньня незалежнасьці парлямэнту, свабоды СМІ. Пры пэрсаніфікаванай уладзе, якая ёсьць сёньня ў Расеі, вырашыць гэтую праблему немагчыма.

Ніякай перабудовы ад Пуціна й яго каманды чакаць не належыць, лічыць Лілія Шаўцова. Аднак у самім грамадзтве, пад покрывам удаванага цынізму, прагматызму й абыякавасьці, насьпяваюць радыкальныя зрухі, якія рана ці позна выйдуць на паверхню – падкрэсьлівае палітоляг.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт