Logo Polskiego Radia
Print

Сьвет праз прызму 11-га верасьня 2001

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.09.2011 22:30
У дзесятую гадавіны тэракту 11 верасьня 2001 году экспэрты разважаюць пра тое, як гэтая падзея паўплывала на сытуацыю ў сьвеце.

/

Сёньня мы размаўляем пра гэта зь беларускім палітолягам, экспэртам ў галіне міжнародных адносінаў ды міжнароднай бясьпекі Вячаславам Пазьнякам.

11-га верасьня 2001 году ў ЗША група злаўмысьнікаў захапіла 4 пасажырскія самалёты ды скіравала іх у дзяржаўныя будынкі. 2 самалёты ўдарылі ў хмарачосы Сусьветнага гандлёвага цэнтра ў Нью-Ёрку, трэці самалёт урэзаўся ў будынак Пэнтагону ў Вашынгтоне, а чацьвёрты разьбіўся ў полі, не даляцеўшы да мэты, якой па ўсёй верагоднасьці быў Белы дом. Гэтыя напады паказалі тэлеканалы ўсёй плянэты. Такім чынам, 11 верасьня тэрарызм увайшоў у кожны дом. З іншага боку, скэптыкі нагадваюць, што тэрарыстычная пагроза існавала заўсёды, яна ўзмацняласся разам з ростам палітычнага напружаньня ў сьвеце або зьменаў структуры заможнасьці. Нават першая сусьветная вайна пачалася з тэракту. Ці сёньня пагроза тэрарызму ўзрасла?

Вячаслаў Пазьняк: Сапраўды статыстыка тэрактаў паказвае, што не назіраецца дынамічнага росту тэрактаў. Маштабныя тэракты ўвогуле адзінкавыя. У сувязі з гэтым шэраг экспэртаў выступаюць з рэзкай крытыкай празьмерных затратаў ды раздуваньня бюджэтаў на барацьбу з тэрарызмам, і ў сувязі з гэтым неабгрунтаванага ўмяшальніцтва ў прыватнае жыцьцё грамадзянаў. Яны крытыкуюць спробы стварэньня базаў дадзеных, які могуць быць выкарастаныя ў розных неправавых мэтах.

Разам з тым, з іншага боку тэрарызм вельмі небясьпечны, асабліва тэракты-катастрафы. Напрыклад, некалькі год абсурднай здавалася пагроза таго, што тэрарысты могуць захапіць ядзерныя зарады ды сродкі іх дастаўкі. Сёньня гэта нельга выключыць. Таму рэакцыя ўрадаў ды службаў бясьпекі на гэту пагрозу павінна быць адэкватнай, зазначае экспэрт.

Вячаслаў Пазьняк: Пры ўсім гэтым небясьпека тэрарызму вельмі вялікая, асабліва тэрактаў катастрафічнага маштабу. Яны могуць прывесьці ня толькі да масавай гібелі людзей, але могуць пашкодзіць інфраструктуру ды сыстэмы жыцьцязабесьпячэньня гарадоў ды цэлых рэгіёнаў. У выпадку тэрактаў або дывэрсіяў на таме ці атамнай станцыі цяжка ўявіць сабе наступствы. Фукусіма паказвае, што можа здарыцца ў выпадку катастрофы. Такім чынам, пытаньне пра маштабы ды прапарцыянальнасьць рэакцыі на пагрозу тэрарызму – гэта праблема, якая павінна быць вырашана на ўзроўні ўрадаў, аналітыкаў ды спэцслужбаў.

Пасьля падзеяў 11-га верасьня 2001-га году, што ў першую чаргу зьмянілася ў сьвеце, у плане міжнародных адносінаў?

Вячаслаў Пазьняк: Перад усім мы ўбачылі зьмену некалькіх парадыгмаў барацьбы з тэрарызмам. Гэтая барацьба можа ісьці па трох напрамках. Першы – паліцэскія сродкі, удзел спэцслужбаў ды маніторынг за патэнцыйнымі тэрарыстамі. Другі напрамак – вайсковыя сродкі ды зьнішчэньне тэрарыстычных груповак. Трэці напрамак, найбольш складаны ды пэрспэктыўны, пераўтварэньне асяродзьдзя, каб яно не магло параждаць тэрарыстаў. Гэта значыць, разьвіцьцё сацыяльнай інфраструктуры, барацьба зь беднасьцю, павышэньне адукаванасьці, сацыяльная інтэграцыя. Цягам гэтага дзесяцігодзьдзя першай рэакцыяй на тэракты стала “вайна супраць тэрарызму”. Націск робіцца на сілавую барацьбу з гэтай бядой.

Некаторыя экспэрты зазначаюць, што тэракты 11-га верасьня паказалі слабасьць заходняй цывілізацыі, што Захад прайграў вайну з тэрорам?

Вячаслаў Пазьняк: Ня толькі заходняя цывілізацыя надзвычай слабая. Уся чалавечая цывілізацыя падатлівая на тэрарызм. Мы сёньня жывем у цывілізацыі рызыкі. Узаемазалежнасьць настолькі высокая, што падатлівыя на напады ня толькі разьвітыя грамадзтвы, але й менш разьвітыя. Слабасьць Захаду – высокая тэхналягічнасьць ды залежнасьць ад інфрастуктуры, рэсурсаў, інжфнерных ды камунікацыйных сетак. Пашкоджаньне адной з падсыстэмаў можа прывесьці да паралічу жыцьцязабесьпячэньня. Але наколькі непадатлівае на пагрозы менш прасунутае грамадзтва? Напрыклад, Блізкі Ўсход, парушэньне паставак вады пагражае сьмерцю вялікай колькасьці людзей. Насамрэч ва ўмовах глябальнага грамадзтва рызыкі,праблемы ды слабасьці агульныя для ўсіх.

Беларусь не патрапіла ў эпіцэнтар тэрарыстычнай барацьбы, тут не было вялізарных тэрактаў параўнальных з тым, што здарылася ў ЗША. Аднак афіцыйны Менск далучыўся да міжнароднай барацьбы з тэрарызмам. Гэта мае свае плюсы й мінусы, зазначае наш суразмоўца.

Вячаслаў Пазьняк: Беларусь ня мела дычыненьня з тэрактамі, падобнымі да тых, якія здарыліся ў ЗША, Вялікабрытаніі або Гішпаніі. Гэта не азначае, што ў нас усё абсалютна спакойна. Беларусь, як іншыя краіны, на дзяржаўным узроўні пачала актыўна далучацца да новапаўсталых структураў міжнароднага супрацьдзеяньня тэраразыму. Тут ёсьць плюсы але й праблемы. Высьвятлілася, што маніторынг ды кантроль можа выкарыстоўвацца ня толькі дзеля барацьбы з тэрарыстамі, але й дзеля таго, каб ціснуць на апазыцыйныя сілы, у палітычных мэтах.

Тэрарызм стаў сёньня глябальнай пагрозай, лічыць наш суразмоўца, экспэрт па пытаньнях міжнароднай бясьпекі Вячаслаў Пазьняк. Аднак гэта ня столькі пагроза колькасная, колькі якасная. Справ ў тым, што тэрактаў не стала значна больш, але яны могуць здарыцца дзе заўгодна й не выключаны іх катастрафічны характар. Пачалася міжнародная вайна з тэрарызмам, гэта вынік выбухаў 11 верасьня 2001-га году ў ЗША.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт