Logo Polskiego Radia
Print

Менск “гуляе” сьмерцю Лепэра

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.08.2011 16:10
Штодзёнка “Gazeta Wyborcza” піша сёньня пра тое, што афіцыйны Менск “гуляе” сьмерцю Анджэя Лепэра, лідара партыі “Самаабарона”.

/

Польская газэта нагадвае, што беларуская прапаганда выкарыстоўвала Лепэра пры жыцьці, каб выстаўляць Захад у дрэнным сьвятле. Напрыклад, падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, 19-га сьнежня мінулага году, Анджэй Лепэр быў у Менску ў якасьці назіральніка. Ён не заўважыў аніякіх злоўжываньняў ды заявіў, што ў Беларусі прайшлі справядлівыя ды дэмакратычныя выбары. Гэтыя камэнтары польскага палітыка не сыходзілі тады з экранаў беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў, узгадвае журналіст выданьня Анджэй Пачобут.

Сёньня афіцыйны Менск выкарыстоўвае сьмерць Лепэра. Беларускія рэжымныя СМІ ставяць пад сумнеў тэзіс пра самагубства лідара “Самаабароны”, намякаючы, што яго забілі па палітычных матывах.

Ягоную сьмерць беларускія прапагандысты прадстаўляюць, як праяву перасьледу апазыцыі на Захадзе. Беларускі палітоляг Валер Карбалевіч сказаў польскаму выданью, што гэта гульня для ўнутранага карыстаньня з боку беларускіх уладаў, якія імкнуцца паказаць, што ў суседзяў адбываюцца жудасныя рэчы й толькі ў Беларусі спакой ды стабільнасьць.

/

Штодзёнка “Gazeta Wyborcza” камэнтуе сёньня арышт Алеся Беляцкага ды пазыцыю Летувы, яка спрычынілася да гэтага. Газэта зазначае, што Летува каецца за дапамогу беларускаму рэжыму. У Вільні створана спэцыяльная урадавая камісія. Яна зоймецца выяўленьнем абставінаў перадачы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі дадзеных пра банкаўскія рахункі старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага. Менавіта гэтыя дадзеныя сталі падставай для арышту беларускага праваабаронцы. Камісія высьветліць, як гэта здарылася, хто вінаваты ды што трэба рабіць, каб у будучыні не паўтарылася такая сытуацыя?

/

Штодзёнка “Dziennik Gazeta prawna” піша сёньня пра тое, што ўсё больш і больш замежнікаў прыязджаюць на працу ў Польшчу. Польскія фірмы, сяляне ды польскі сем’і нанялі на сэзонныя працы ў гэтым годзе ў два разы больш украінцаў, беларусаў ды расейцаў. Гэта вынікае з таго, што фірмы шукаюць танейшых працаўнікоў. Палякі ня хочуць ісьці на нізка аплочваемую працу ў сельскай гаспадарцы ды пры будаўніцтве дарогаў у Польшчы, а едуць на гэту ж працу ў Нямеччыну альбо Вялікабрытанію, дзе вышэйшыя стаўкі. У першым квартале бягучага году фірмы-пасярэднікі атрымалі амаль 164 тысяч заявак ад наймальнікаў з намерам узяць на працу замежных грамадзянаў з Усходняй Эўропы. За ўвесь мінулы год такіх заявак было 180 тысяч.

Паводле ацэнак экспэртаў, у гэтым годзе на працу ў Польшчы праедзе ажно 300 чалавек з Усходняй Эўропы.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт