Усходняя Афрыка: вайна й бедзтва
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
31.07.2011 05:00
Апошнім часам увагу міжнароднай супольнасьці прыцягваюць падзеі ва Ўсходняй Афрыцы.
Апошнім часам увагу міжнароднай супольнасьці прыцягваюць падзеі ва Ўсходняй Афрыцы. Здавалася б, што гэта далёкі ад Беларусі рэгіён. Гэта сапраўды аддаленыя ад нас краіны, але іх досвед павучальны. Да таго ж Беларусь спрабавала ўсталяваць кантакты зь некаторымі ўсходнеафрыканскімі краінамі.
Усходняя Афрыка, ці больш даклада “афрыканскі рог” – гэта стратэгічны рэгіён, у якім сёньня перакрыжоўваюцца інтарэсы шматлікіх дзяржаваў ды груп. Галоўныя краіны ў гэтым рэгіёне - Самалі ды Эфіёпія. Апошняя мае напружаныя адносіны з Эрытрэяй, а ў Самалі з пачатку 1990-ідзе грамадзяснкая вайна й сёньня там вельмі напружаная сытуацыя. Распавядае Дарэк Сканечка, афрыканіст з Варшаўскага этнаграфічнага музэю.
Дарэк Сканечка: Дзяржавы ў прынцыпе там не існуе з 1991-га году, калі пачалася грамадзянская вайна. Самалі на 98% зьяўляецца мусульманскай краінай. Яна месьціцца ў вельмі важным месцы на сусьветнай мапе – гэта так званы “афрыканскі рог”. Тут не суціхаюць войны паміж Эфіёпіяй ды Эрытрэяй. Вельмі блізка знаходзіцца Арабская паўвыспа, для тэрарыстычных груп – гэта стратэгічнае месца. Два гады таму адбыліся выбары й зьявіўся ўрад Самалі, яго прызнала ААН. І ўрад пачаў ствараць пачаткі дзяржавы з дапамогай ААН, ЭЗ ды ЗША. Але дзейнасьць баявікоў працягваецца, напрыклад, сумнавядомыя пірацкія рэйды, ёсьць мноства дробных бандытаў. Таму ўрад сёньня кантралюе толькі правінцыю Самалілянд, аэрапорт у Магадзіша ды квартал вакол прэзыдэнцкага палацу. Дзяржава там аднаўляецца, але павольна.
Некалькі год таму ў Беларусі гучна абмяркоўвалася сытуацыя ў гэтай краіне. Прычына – найбольш трагічная катастрофа ў гісторыі беларускай авіяцыі. 23 красавіка 2007-га году мясцовымі іслямістамі быў зьбіты самалёт Іл-76 беларускай авіякампаніі “Трансавіяэкспарт”. Увесь экіпаж лайнэра — адзінаццаць грамадзянаў Беларусі – загінуў. Пасьля гэтага беларуская авіякампанія прыпыніла палёты ў гэтую краіну. З таго часу сытуацыя ў Самалі крыху супакоілася. У некаторых раёнах краіны ўрад усталяваў сваю ўладу. Аднак нядаўна гэты рэгіён спазнаў жудаснае прыроднае бедзтва. Распавядае Дарэк Сканечка.
Дарэк Сканечка: Два-тры тыдні таму пачалася засуха, перад гэтым было нашэсьце саранчы й навадненьне. Усё самае дрэннае прыйшло туды ў адначасьсі. Цяпер на днях пачалася вайна з Аль-Каідай. Лічыцца, што ўсе гэтыя праблемы закрануць 3,5 мільёны людзей. Ужо пачалася масавая эміграцыя жыхароў Самалі на поўдзень ў Кэнію, Эфіёпію ды Эрытрэю. На цяперашні час з Самалі ўцяклі ўжо каля 500 тыс чалавек. Гэта вялікая праблема для суседніх краінаў. У Магадзіша, сталіцы Самалі, у лягеры ўцекачоў знаходзяцца ўжо 100 тыс. чалавек. Для іх няма ежы. Самалёты з гуманітарнай дапамогай ня могуць туды даляцець з-за дзеяньняў вайсковай арганізацыі Аль-Шабан, зьвязанай з Аль-Каідай. У Магадзіша пачалася сапраўдная вайна паміж баявікамі ды ўрадавымі войскамі й войскамі ААН. У горад уведзены танкі.
20-га ліпеня ААН заявіла пра катастрафічную сытуацыю ў гэтым рэгіёне, дзе голад і недахоп вады пагражае 11 мільёнам чалавек. ААН заклікала міжнародныя арганізацыі ды дзяржавы прыйсьці на дапамогу. Памер патрэбных сродкаў ацэньваецца на амаль 12 мільярдаў даляраў. Ёсьць пакуль толькі 40%. Якая дапамога там цяпер патрэбная? Пра гэта распавядае Юстына Стэмпень з Польскай гуманітарнай акцыі, якая нядаўна вярнулася з Усходняй Афрыкі.
Юстына Стэмпень: У Афрыцы можна назваць шэраг праблемаў. Найважнейшыя - гэта доступ да вады й адпаведных санітарных умоваў, потым доступ да харчаваньня. Наступная праблема – доступ да адукацыі ды агульнае разьвіцьцё рэгіёну. Гэта памылка, глядзець на гэты рэгіён як на атрымальнікаў дапамогі й абсалютна бездапаможных людзей. Ёсьць там рэгіёны, якія ня выжывуць без дапамогі, а ёсьць рэгіёны з высокімі тэмпамі эканамічнага разьвіцьця. Аднак вельмі высокім застаецца ўзровень беднасьці. Там шмат працы для няўрадавых арганізацыайў ды для міжнароднай супольнасьці, у тым ліку для Эўразьвязу. Цяперашнія ж падзеі ва Ўсходняй Афрыцы – гэта экстрэмальная сытуацыя, бо даўно нічога такога не здаралася, 10 мільёнам чалавек пагражае голад. У іншых частках Афрыкі сытуацыя выглядае лепш.
Мільёнам асобаў пагражае голад у Самалі, краіне, якая спустошаная грамадзянскай вайной ды нядаўняй засухай. Сытуацыя ўскладняецца тым, што розныя групоўкі іслямістаў ды проста мясцовых бандытаў перашкаджаюць аказваць дапамогу. Па гэтай жа прычыне ў 2007 загінў у Самалі беларускі экіпаж. Лідары іслямісцкіх груповак заявілі, што саб’юць любы самалёт, якія зьявіцца ў паветранай прасторы Самалі.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч