Logo Polskiego Radia
Print

Абрады, звязаныя са сьмерцю й паховінамі

PR dla Zagranicy
Nina Barszczewska 07.07.2019 16:27
Крыху менш за 60% апытаных шчыра вераць у замагільнае жыцьцё ды Апошні Суд.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: summa/pixabay.com/CC0 Public Domain

Вераваньні й легенды, зьвязаныя са сьмерцю чалавека – гэта сьведчаньне роздумаў пра сэнс чалавечага жыцьця, сьмяротнасьць цела й несьмяротнасьць душы, формы існаваньня пасьля сьмерці ды ўзьдзеяньня памерлых на жывых. Менавіта гэтыя ды іншыя пытаньні знайшлі сваё адлюстраваньне ў беларускіх абрадах на Беласточчыне.

Амаль 20% апытаных перакананыя, што памерлы чалавек перастае існаваць у якой-колечы жывой форме. Гэтыя асобы поўнасьцю адкідаюць думку пра магчымасьць уваскрасеньня. На пытаньне, што станецца з чалавекам пасьля сьмерці, найчасьцей адказваюць: „нічого, згніе ды й толькі”. Паводле іх, рай альбо пекла знаходзяцца тут – на зямлі. Адмаўленьне ў існаваньні замагільнага жыцьця не заўсёды атаясамліваецца з адсутнасьцю веры ў Бога. Амаль 90% апытаных вераць у Бога, але толькі ў яго ўзьдзеяньне выключна на жывых – піша Алесь Барскі ў працы Беларуская абраднасьць і фальклёр усходняе Беласточчыны (Białoruska obrzędowość i folklor wschodniej Białostocczyzny, Беласток 1990).

Сярод апытаных больш за 20% пазьбягалі адназначнага адказу пра замагільнае жыцьцё, найчасьцей гаворачы: „А хто яго ведае, як там е”. „Вы лепш пайдзіце да папа, ён вам скажа”.

Крыху менш за 60% апытаных шчыра вераць у замагільнае жыцьцё ды Апошні Суд. Сваю пазыцыю абгрунтоўваюць тым, што такое недасканалае жыцьцё на зямлі ня мела б сэнсу, калі б не было працягу ў наступным жыцьці, у вечнай шчасьлівасьці, прычым ступень гэтага шчасьця залежыць ад ступені цярпеньня ў сьмяротным жыцьці.

І менавіта ў гэтым народным разуменьні чалавечага жыцьця на зямлі й пасьля сьмерці, у веры ў існаваньне замагільнага жыцьця ды ў спосабе яго выяўленьня трэба бачыць галоўныя крыніцы пахавальных абрадаў.

Людзі перакананыя, што існуюць розныя прарочыя сымптомы, якія прадказваюць надыход сьмерці. Асаблівую ролю адыгрываюць сны. Прадвесьнікамі сьмерці зьяўляюцца наступныя вобразы, убачаныя ў сьне: разваленая печ, пашкоджаная сьцяна, дзірка ў столі, страчаны пярэдні зуб, абрэзаны палец, белы конь, Багародзіца, белы абрусак, пара маладажонаў, якія другі раз вянчаюцца, а таксама памерлы, які хапае за руку жывога ды крычыць: хадзі са мною. Прадвесьнікамі сьмерці зьяўляюцца таксама паводзіны птушак і жывёлы: пастуканьне чорнае птушкі ў вакно хаты, працяглае кукарэканьне курэй, выцьцё сабакі. Пра яе набліжэньне могуць гаварыць карты ці недасеяны загон збожжа.

Найстарэйшыя інфарматары вераць, што сьмерць паказваецца паміраючым у выглядзе белае пані ці страшнае бабы з касою. Іншыя заяўляюць, што сьмерць ня мае ніякага кшталту ні выгляду. Затое адны й другія згодна сьцьвярджаюць, што яна выключна справядлівая й непадкупная, аднолькава трактуе людзей розных расаў і веравызнаньняў, бедных і багатых.

У ацэнцы падляскіх беларусаў, самы шчасьлівы той чалавек, які сьвядомы набліжэньня сьмерці і ўспрымае гэта вельмі спакойна. Гэта дар ад Бога, і чалавек, які заслужыў на такую ласку, можа разьлічыцца са свайго жыцьця на гэтым сьвеце, разьвітацца з роднымі, з жывёлаю, аддаць усе даўгі й пайсьці да споведзі. Добрыя людзі паміраюць лёгка, мучацца дрэнныя, таму што церпяць за свае грахі.

Найстарэйшыя жыхары падляскіх вёсак заўчасу выбіраюць месца на могілках ды рыхтуюць сабе адзеньне на сьмерць, а нават труну – кажа Валерыя Скепка зь Міхнаўкі ў Гайнаўскім павеце:

Ні было, ні было такіх о, як то цяпэр, закладаў пагжэбовых. Ужэ самы труну рабілі. Ужэ мусілі быць доскі ў хаці заўшэ, бо то ж нівідома, калі тая гадзіна такая кепска прыдзе, і на каго вана прыдзе: чы на старого, чы на маладого, усяляк жэ бывае. То ўжэ доскі былі, ну, і такіе людзі былі сталераваты, такіе сталярэ, то ўжэ прасілі іх, чы ваны самы прыізджалі, чы прывозілі. І рабілі труны самы. Шчэ хто хацеў такіе дубовы доскі ўжэ, коб моцнейша, доўшэ трымала труна.

Паміраючаму даюць у рукі запаленую сьвечку, якая ў разуменьні людзей ачышчае цела, выводзіць душу зь цела, адпалохвае шатанскія сілы, спальвае грахі і, дагараючы, выклікае сьмерць. Яна зьяўляецца сьвятлістым знакам, інфармуючым Бога пра сыход чалавека. Сьвечку клалі таксама ў труну. Гэтая сьвечка павінна быць Грамнічнай – гаворыць Яўгеньня Кердэлевіч з Чаромхі ў Гайнаўскім павеце:

Пуд рукы клалы іконку. І часом сьвічку клалі, то хто так о клав збоку, ну, як хто, знаетэ. Але сьвічка й ікона то мусыла буты. І сьвічка нэ то што там, оно стараецця кажды, коб міты, котора на Грумныці высьвэшчана. Воны всі высвэшчаны в цэрквы, але то коб грумнычна була.

Калі ў нейкім доме знаходзіцца пакойнік, у варотах родныя ставяць харугвы, але пра гэта ўжо слухайце праз тыдзень.

Ніна Баршчэўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт