Для сучаснай эканомікі вельмі важная інавацыйнасьць
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
28.06.2019 14:43
Кожны мільён злотых, прызначаны на інавацыйныя праекты, дае 14 мільёнаў прыбытку.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain
Выданьне «Dziennik Gazeta Prawna» прысьвячае дзьве паласы на падсумаваньне панэльнай дыскусіі «Крыніцы фінансаваньня эканамічнага разьвіцьця», якая адбылася падчас Форуму «Бачаньне разьвіцьця» у Гдыні.
Для сучаснай эканомікі вельмі важная інавацыйнасьць, у гэтым няма сумненьняў. У Польшчы мала сродкаў на інвэстыцыі ды інавацыю з уласных крыніц, паколькі польскія кампаніі маюць няшмат зьберажэньняў, таму як правіла інвэстыцыі ў краіне рэалізуюць заходнія фірмы, і, адпаведна, яны атрымліваюць большасьць даходу. Каб сродкаў на інвэстыцыі было больш, асабліва тады, калі закончацца грошы з Эўрапейскага Зьвязу, польскія прадпрыемствы павінны ўводзіць праграмы ашчаднасьцяў. Адна з важнейшых задач, якая стаіць перад дзяржавай – заахвоціць людзей адкладваць частку грошай, асабліва эканоміць на пэнсію.
Для разьвіцьця эканомікі самыя важныя інвэстыцыі ды інавацыі. Паводле словаў старшыні Польскага агенцтва разьвіцьця прадпрымальніцтва Малгажаты Алешчук, кожны мільён злотых, прызначаны на інавацыйныя праекты, дае 14 мільёнаў прыбытку. Гэта грошы, якія дазваляюць фірмам разьвівацца. У Польшчы ёсьць нямала праграм падтрымкі прадпрыемстваў, асабліва малых і сярэдніх. У сваю чаргу Агенцтва разьвіцьця прамысловасьці стварыла адмысловыя пункты падтрымкі для тых кампаній, якія хацелі б выйсьці на замежныя рынкі. Дзякуючы такім пунктам бізнэсмэны ў адным месцы могуць атрымаць усю інфармацыю пра магчымасьці фінансаваньня экспартнай дзейнасьці. Таксама ўрадавыя праграмы станоўча ўплываюць на разьвіцьцё эканомікі, напрыклад, дзякуючы праграме 500+, у рамках якой сем’і атрымліваюць фінансавую дапамогу на дзяцей, павышаецца пакупніцкая здольнасьць жыхароў Польшчы, а гэта спрыяе разьвіцьцю эканомікі.
Dziennik Gazeta Prawna/нг