У сьвядомасьці беларусаў з усходняе Беласточчыны вясельле лічылася найважнейшым момантам у жыцьці, таму вясельны абрад, які захаваўся па сёньняшні дзень, зьяўляецца разнаколерным і багатым. Дагэтуль мы распавялі пра допыты, сваты, розгляды, лады, заручыны, дзявочнік, каравай, пасад і ўспамаганьне, а сёньня гутарка пойдзе пра шлюб, вясельную бяседу, перапіваньне, прыданьне, ўпавіваньне й перажовіны.
Пасьля ўспамаганьня маладую благаславілі бацькі, а дружка й старшы сват разам з маладою сядалі на ўпрыгожаны зеленьню воз, запрэжаны ў пару коней. Іншыя вясельнікі таксама сядалі на такія прыгожыя вазы ды ехалі ў царкву, дзе маладая сустракалася з маладым. У царкву ўводзіў іх сьвятар, які даваў шлюб. Існаваў цэлы шэраг павер’яў, напрыклад: хто першы паставіць нагу на дываніку перад алтаром, у таго будзе дамінуючая пазыцыя дома; маладая цягнула за сабою белы ручнічок, што павінна спрыяць хуткаму выхаду замуж ейных сябровак; калі сьвечкі, якія маладыя трымалі ў руках, пахіліліся да сябе, гэта азначала трывалае каханьне, у адваротным выпадку – варожасьць; сваты, якія трымалі вянцы над галовамі, стараліся не мяняць рук, каб не паўплываць на зьменлівасьць лёсаў сужонкаў і г.д.
Пасьля шлюбу маладажонаў сустракалі бацькі маладое. Віталі сужонкаў хлебам, сольлю ды чаркай квасу ці гарэлкі, гаворачы: Спатыкаем вас, дзетачкі, з хлебам і солею, з шчасьцем і долею – піша Алесь Барскі (Аляксандр Баршчэўскі) у працы Беларуская абраднасьць і фальклёр усходняе Беласточчыны (Białoruska obrzędowość i folklor wschodniej Białostocczyzny, Беласток 1990). Пасьля прывітаньня вялі маладых у камору, дзе яны сілкаваліся, бо перад выездам у царкву нічога ня елі з увагі на прычасьце.
Потым маладыя сядалі за стол пад іконамі, і разам з імі ўсе вясельныя госьці ды пачыналася вясельная бяседа. Здаралася аднак, што гэтае месца ўжо было занятае пераапранутымі за маладых мужчынамі, і месца трэба было выкупіць, найчасьцей плацячы гарэлкай і цукеркамі. Маладая на момант сядала на калені мужу, бо гэта сымбалізавала, што муж цэлае жыцьцё будзе насіць яе на руках; таксама прысядала сабе толькі пальцаў, колькі хацела мець дзяцей.
Істотную ролю ў вясельнай бяседзе адыгрывалі г.зв. запарожнікі – незапрошаныя госьці, якія запаўнялі сені, стаялі пад вокнамі ды атрымоўвалі сымбалічны пачастунак.
Прыблізна праз гадзіну ад пачатку бяседы пачыналася перапіваньне. Гэты рытуал пачынаўся ад унясеньня каравая. Гасьцей да перапіваньня заклікаў маршалак, просячы не шкадаваць грошай. На пачатак выклікаў бацькоў, затым хросных, кузінаў, і так па чарзе ўсіх вясельнікаў. Выкліканыя дарылі падарункі ці грошы, а маладыя частавалі іх караваем і гарэлкаю. У некаторых мясцовасьцях перапіваньне адбывалася ў панядзелак, перад выездам да дому маладога – успамінае Валеыя Скепка зь Міхнаўкі, што ў Гайнаўскім павеце:
– То прыедут із шлюбу, сядалі за стуол і то ўжэ пасідзят, тады ўжэ забава, танцуют, а назаўтрэ прыходзят дарыць ужэ маладых. Прыходзят ужэ, ну, сходзіцца ўсё васеле, і зноŭ сядают за стуол, тады ўжэ начынают дарыць падарак.
– А што дараць? Грошы больш?
– Хто што. Не, і калісь, і цяпэр мусі, ні знаю, тэж е шчэ прэзэнты якіесь купляют, але калісь якіе там падаркі былі. Пара злоты хто, а не, то там паўтара мэтра якогось матар'ялу там на блюзачку, о, такіе былі прэзэнты, чы ручніка якось кусочак. О, так о так дарылі, бо такі час быў.
– Ці якую жывёліну дарылі?
– А хто, было, было, так што, як ужэ там бацько хрышчоны, то чымсь там дарыць, чы авэчкаю, чы парасятко якоесь. Было так, было. Посьле ўжэ занікло. І то ўжэ падарат, і тады ўжэ малады забірае маладую да сябэ, бо то тут васеле ў маладое было, у нідзелю і ў панідзелок шчэ пака падарат. Забірают, і тады едут. Маладзёж пшэважне ехала з маладымі, а тады ўжэ за якісе час прыдане ехало, бо вэзьлі куфэрка маладой.
– А што ў куфэрку было?
– Ну, тое, што маладуой, ужэ там дываны якіесь там мама ёй панаткала, ну, такое о ўжэ, такі і пасьцель бэрут, то ўжэ тэж. Дружбанты выкупоўвают пасьцель, і ўзвязвалі ў простыню там падушкі, коўдра, што там шчэ, хто мо пірыну меў. Зьвязвалі, то то ўжо прыдане ехало і куфэрка вазлі. Ну, і тады ўжэ там шчэ ў маладого пагасьцюют і ўжэ разьежджаюцца. То такое тры дне было, бо начыналосе субота, нідзеля і панідзелак.
На прывезенай пасьцелі спалі маладажоны. Муж павінен быў зьняць жонцы сукенку, каб роды былі лёгкія. Спалі вельмі мала, бо існавала перакананьне, што хто першы засьне, той раней памрэ. Калі маладыя задоўга не ўставалі, заходзілі да іх старэйшыя жанчыны, каб праверыць сьляды на пасьцелі, ці маладая не згубіла „свайго вяночка”.
Перадпошнім актам вясельнага цырыманіялу зьяўляецца ўпавіваньне – танец маладой са сьвякроўю, якіх старшая сванька накрывае белай плахтай. Танцавалі яны ў такт мэлёдыі Зялёны дуб альбо Завіваньне капусты, што мела спрыяць добраму ўраджаю ды добрым адносінамі паміж абедзьвюма жанчынамі. Пасьля заканчэньня танца маладая пад гэтай плахтай пераапраналася: з дапамогаю дружак здымала шлюбную сукню й вэлюм ды апранала штодзённую жаночую вопратку й чапец. Калісьці падчас упавіваньня абрэзвалі маладой валасы на такую даўжыню, каб не змагла заплесьці касу. З гэтага моманту называлі яе ўжо не маладухаю, але маладзіцаю. Зьняты з галавы вэлюм маладуха кідала ў бок дружак, і кожная з іх старалася першаю яго злавіць, каб хутка выйсьці замуж.
Канцавым акордам цэлага вясельнага спэктаклю былі г.зв. перажовіны, якія сьвяткавалі двойчы, запрашаючы сямейнікаў на пачастунак раней да дому маладога – у чацьвер, а затым да дому бацькоў маладое – у суботу.
Усім рытуалам вясельнае абраднасьці спадарожнічала спантанная экспрэсія ды музычны фальклёр.
Ніна Баршчэўская