Logo Polskiego Radia
Print

Вясельны абрад – заручыны, дзявочнік, каравай, пасад і ўспамаганьне

PR dla Zagranicy
Nina Barszczewska 22.06.2019 12:36
Адным з найбольш архаічных абрадаў быў г.зв. пасад, які адбываўся больш-менш за гадзіну да выезду маладых да шлюбу.
Здымак мае ілюстрацыйны характарЗдымак мае ілюстрацыйны характарPexels/pixabay.com/Public Domain CC0

У сьвядомасьці беларусаў з усходняе Беласточчыны вясельле лічылася найважнейшым момантам у жыцьці, таму вясельны абрад, які захаваўся па сёньняшні дзень, зьяўляецца разнаколерным і багатым. Тыдзень таму мы распавялі пра допыты, сваты, розгляды і лады, а сёньня гутарка пойдзе пра заручыны, дзявочнік, каравай, пасад і ўспамаганьне.

Заручыны адбываліся найчасьцей у доме маладой, за тыдзень да вясельля. Бралі ў іх удзел маладая і ейныя дружкі ды малады са старшым сватам. Падчас абраду маладых саджалі за стол на покуці, г. зн. у куце пад іконамі. Старшая дружка расьсьцілала перад імі ручнік і клала начаты хлеб. Чаму начаты? Таму што раней маці маладое адкроіла з гэтае буханкі лусту хлеба, якую пераламала напалову й пачаставала маладых. Маладым трэба было пакласьці на гэты хлеб рукі, якія маршалак зьвязваў ручніком. У гэтым часе сабраныя сьпявалі песьню з просьбаю аб благаславеньні. Тады бацька падходзіў да маладых і казаў ім: Благаславі вас, Божа. Дай Бог вам шчасьліва да шлюбу дачакаць і павянчацца. Пасьля гэтых слоў маладыя выцягвалі далікатна рукі з ручніка, каб не разьвязаць вузла, бо гэта магло б азначаць распад сужонства – піша Алесь Барскі (Аляксандр Баршчэўскі) у працы Беларуская абраднасьць і фальклёр усходняе Беласточчыны (Białoruska obrzędowość i folklor wschodniej Białostocczyzny, Беласток 1990).

Адным з апошніх дашлюбных рытуалаў быў паненскі вечар, які адбываўся ў перадвясельную суботу й часта называўся таксама дзявочнікам. Бралі ў ім удзел хлопцы й дзяўчаты, запрошаныя на вясельле. Падчас дзявочніка сьпяваліся песьні з намёкам пра разлуку маладой з добрай мамай і сустрэчу з дрэннай сьвякрухай, што даводзіла маладую да сьлёз. Адным з калярытных вобразаў быў рытуал куплі кашулі, падчас якога дружкі выводзілі маладую да кухні ці каморы, а самі па чарзе прыкідваліся маладою. І толькі пасьля гэтага малады й сват пачыналі таргавацца, каб выкупіць падрыхтаваныя маладою кашулю й падштанікі, плацячы найчасьцей цукеркамі.

Аднак найбольш вобразным быў рытуал падрыхтоўкі каравая, да якога запрашала жанчын маці маладое. Жанчыны доўга супольна мылі рукі й дзяжу, у якой потым мясілі цеста на каравай. Рытуал працягваўся доўга, бо цеста павінна быць цьвёрдае й пругкае. Затым саджалі яго ў печ, а самі пачыналі гасьцяваць – кажуць Вера Осяк і Люба Адамсакая зь вёкі Падляўкове, што ў Гайнаўскім павеце:

- О, як той каравай ужэ ўсадзіцца, то тагды каравайніцоў садавят за стол, ставят водку і каравайніцы сьпявают і п'ют, і закуска, і тагды, як ужэ падап'ют, но то тагды трэба каравай вымаці ўжэ. Вымут каравай, вынясут яго ўжэ да каморы, бо так было заўшэ. А гусок такіх наробят, што каждуй каравайніцы мусіт быць і гусачка яшчэ дахаты. І тых гусачок наробят, і ўжэ тагды як трохі вынялі, паелі, падпілі, ну, і пайшлі гуляць з маладзёжаю. Ужо тагды мужчыны ні гэты, ні тортуруют мукою, ано ўсе гуляют. Файно. І на другі ўжэ дзень, як распачынаецца вясельле, то той каравай шчэ стаіт, ніц з ім не робят. А ўжэ як будут дарыці, то тагды гэты маршалок, ён парапасаны такім ручніком, і то самы водзірэй, і он прыходзіт да каравайніц і ўгаваруецца, колькі заплаціць за гэты каравай. Ну, а каравайніцы, як каравайніцы, таргуюцца і сьпявают:

Ой, каравай, наш каравай высокі,

Бо высокіе каравайнічкі гібалі.

Ой, цыцаты наш каравай, цыцаты,

Бо цыцатые каравайнічкі гібалі.

Ой, шырокі наш каравай, шырокі,

Бо шырокіе каравайнічкі гібалі.

Выгляд каравая паказваў, якім будзе сужонства: румяны й высокі сьведчыў пра шчасьлівае жыцьцё, а прыгарэлы й патрэсканы – пра няўдачы.

Кульмінацыйным актам вясельнага абраду быў шлюб, які адбываўся ў нядзелю. Маладую да шлюбу дапамагалі апрануць ейныя дружкі. Найчасьцей адбывалася гэта ў каморы, дзе маладая сядзела на дзежцы, накрытай кажухам.

Адным з найбольш архаічных абрадаў быў г.зв. пасад, які адбываўся больш-менш за гадзіну да выезду маладых да шлюбу, і да якога права мелі толькі тыя, якія захавалі нявіннасьць. Маршалак разам са старшым сватам прыносілі з каморы дзежку й ставілі яе пасярэдзіне пакоя, накрываючы кажухам, адвернутым воўнаю ўверх. Кажух быў сымбалем дастатку й цяпла, а сяданьне на дзежцы сьведчыла пра тое, што сужонкі ўсё жыцьцё будуць „сядзець на хлебе”.

Бацька маладое браў ікону, падходзіў да дачкі й гаварыў: Няхай Бог благаславіць. Дачка цалавала ікону й сядала на дзежцы. Тады падходзіў да яе брат альбо старшы сват і расплятаў касу. Стужку нявеста перадавала сваёй сястры альбо старшай дружцы, што сымбалізавала хуткі выхад замуж. Потым дружкі накладалі маладой на галаву чуб, вянок альбо вэлюм. Сёньня гэты звычай ужо не выступае, але тэрмін пасад застаўся – маладая сядае за стол пад іконамі.

Пасьля пасаду распачынаецца абрад успамаганьня, да якога заклікае маршалак словамі: Дарагі ойча, дарагая маці і вы, госьці – егомосьці, прашу вас маладую ўспамагаці. Да маладой па чарзе падходзілі: бацька, маці, хросныя ды ўсе вясельнікі і на талерку, накрытую гафтаванаю хустачкаю, клалі грошы. Затым дружка завязвала рагі хустачкі ды клала яе за пазуху маладой. У Чаромсе на Гайнаўшчыне захавалася песьня, якую сьпявалі падчас успамаганьня:

Ой, родэ, родэ, родэ богаты,

Ой, родэ, родэ, родэ богаты,

Кінтэ Манёцці на спомагане

Кінтэ Манёцці на спомагане.

Вітэ, браточкі, хоць по злотому,

Вітэ, браточкі, хоць по злотому.

А ты, матінко, хоч на корову

А ты, матінко, хоч на корову.

Сьпявалі жанчыны з Чаромхі: Марыя Кердэлевіч, Анна Бацюк ды Надзея й Марыя Ўнучка. Працяг гэмы слухайце праз тыдзень.

Ніна Баршчэўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт