Logo Polskiego Radia
Print

Кіруючая Польшчай партыя рыхтуе стратэгію на выбары

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.06.2019 15:27
На думку палітолягаў, у партыі яшчэ ёсьць рэзэрвы, каб змагацца за лепшы вынік.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

«Dziennik Gazeta Prawna» піша пра сацыялягічнае апытаньне, у якім палякаў спыталі, за каго яны намераныя галасаваць падчас прэзыдэнцкіх выбараў, што адбудуцца прыкладна праз год. Праўда, пакуль што невядома, каго партыі выставяць на выбары, але можна прадугледжваць, што гэта будуць палітычныя лідары груповак. І так, калі б ад партыі Права і справядлівасьць балятаваўся Анджэй Дуда, ад Грамадзянскай плятформы – Дональд Туск, а групоўка Польская сялянская партыя выставіла свайго старшыню Ўладзіслава Касіняка-Камыша, то найбольш галасоў набраў бы дзеючы прэзыдэнт Анджэй Дуда.

Аднак задоўга да выбараў прэзыдэнта адбудзецца галасаваньне, падчас якога грамадзяне Польшчы выберуць сваіх прадстаўнікоў у Сэйм і Сэнат – парлямэнт. Стратэгію на выбары ПіС прыме падчас праграмнага кангрэсу, што адбудзецца 4 і 5 ліпеня. Пакуль што экспэрты аналізуюць вынікі выбараў дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту, каб падрыхтаваць пазьней самую эфэктыўную стратэгію. Аналітыкі партыі правяраюць, у якіх рэгіёнах краіны групоўка атрымала высокую падтрымку, а дзе за яе прадстаўнікоў галасавала менш людзей. З аналізаў можна зрабіць дзьве высновы: па-першае, калі папулярнасьць партыі Яраслава Качыньскага была б падобнай на парлямэнцкіх выбарах, як на эўрапейскіх, тады ПіС атрымаў бы рашучую большасьць галасоў і мог бы кіраваць дзяржавай без неабходнасьці фармаваньня кааліцыі. Па-другое, у партыі яшчэ ёсьць рэзэрвы, каб змагацца за лепшы вынік.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт