Ідзецца пра стварэньне плятформы па супрацоўніцтву паміж дзяржаўнымі ўстановамі, няўрадавым сэктарам ды бізнэсам.
11 чэрвеня ў мястэчку Надажын пад Варшавай пачалася міжнародная выстава «Варшаўскі гуманітарны кірмаш». Мерапрыемства будзе доўжыцца тры дні і завершыцца 13 чэрвеня. Удзел у выставе бяруць міжнародныя арганізацыі, у тым ліку агенцтвы ААН, прадстаўнікі Сусьветнага банку, міжнароднага «Чырвонага крыжа», няўрадавыя арганізацыі з розных краін сьвету, як CARE International, Médecins sans Frontières, PAH, прадстаўнікі польскіх дзяржаўных устаноў, навуковыя ды ўнівэрсытэцкія колы, а таксама прадпрымальнікі з розных краін Эўропы.
Галоўнай мэтай сустрэчы названа спрыяньне зацікаўленасьці бізнэсу ўдзелам у аказаньні гуманітарнай дапамогі ды ўстойлівам разьвіцьці. Больш падрабязна пра хаду выставы распавядае карэспандэнт Польскага Радыё Караль Дармарос.
Караль Дармарос: Гуманітарная ды эканамічная дапамога – гэта ня толькі перавод грошаў паміж дзяржавамі ды арганізацыямі, якія займаюцца дадзенымі пытаньнямі. Гэта вялізарныя рынкі, дзе можна браць удзел у тэндэрах ды зарабляць. Пра гэта ішла размова на Варшаўскім кірмашы з палітыкамі. Апроч таго, у рамках выставы ладзяцца заняткі ды сэмінары міжнароднымі экспэртамі па пытаньнях аказаньня гуманітарнай дапамогі. Таксама дзейнічае выстава, падзеленая на абшары: мэдыцыны, лягістыкі, камунікацыі, складаваньня прадуктаў. На кірмашы арганізавана таксама Гуманітарнае мястэчка.
Адным з арганізатараў выставы зьяўляецца Міністэрства замежнай спраў Польшчы. Для дыпляматаў важным аспэктам Кірмашу стаў запуск плятформы міжсэктарнай супрацы паміж урадам, бізнэсам ды НДА ў справе аказаньня гуманітарнай дапамогі. Для Польшчы гэта важнае пытаньне. Пра гэта казаў падчас цырымоніі адкрыцьця Варшаўскага гуманітарнага кірмашу прэзыдэнт краіны Анджэй Дуда.
Анджэй Дуда: Я ганаруся тым, што Польшча так пасьпяхова разьвіваецца пасьля выхаду са змрочнай эры камунізму. Цягам апошніх 20 год Польшча стала донарам гуманітарнай эканамічнай дапамогі. Мы можам пахваліцца выдзяленьнем штогод 2,5 мільярдаў злотых на такую дапамогу. З аднаго боку, наша дапамога трапляе ў такія аддаленыя закуткі сьвету як М'янма ці Танзанія. Зь іншага боку, мы моцна падтрымліваем суседнія нам дзяржавы, як Украіну ці Беларусь. Я хацеў бы, каб гэтая супольна створаная плятформа дыялёгу ўмацавала супрацоўніцтва паміж фірмамі, НДА ды публічнай адміністрацыяй. Каб яна стала чарговым крокам на шляху разьвіцьця гуманітарнай дапамогі. Каб прыватны сэктар пачаў больш актыўна далучацца. Да такога супрацоўніцтва сардэчна запрашаю.
У сваю чаргу міністар замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч зазначыў, што Польшча безупынна павялічвае наклады на гуманітарную дапамогу. Сёлета польскі ўрад прызначыў на гуманітарную дапамогу 128 мільёнаў злотых. Апроч фінансавага ўнёску, краіна, як часовы чалец Рады бясьпекі ААН, адсочвае выкананьне міжнароднага гуманітарнага права.
Яцэк Чапутовіч: З 2015 году мы павялічылі ў шэсьць разоў маштабы нашай гуманітарнай дапамогі. Зразумела, што ў параўнаньні з багацейшымі краінамі, гэта невялікія сумы, але для Польшчы – гэта сапраўдная праява салідарнасьці з тымі, хто ў патрэбе. Гэта паспрыяла падрыхтоўцы нашай гуманітарнай каманды, каб яна дасягнула міжнародных стандартаў. Была здольная адказваць любым будучым выклікам на адпаведным узроўні ў сыстэме гуманітарнай дапамогі. Пасьля выставы мы прыкладзем намаганьні, каб узмацніць нацыянальную сыстэму дапамогі.
На выставе можна пазнаёміцца з дзейнасьцю дзясяткаў польскіх арганізацый ды фірм, якія займаюцца гуманітарнай дапамогай. Польшча аказвае гуманітарную дапамогу ў розных абшарах у такіх краінах як Лібан, Ірак, Ярданія, Сырыя ды Ўкраіна.
У гуманітарных місіях за мяжой бярэ ўдзел Войска Польскае. Распавядае Камэндант Цэнтра падрыхтоўкі да замежных місій палкоўнік Павал Хабэрскі.
Павал Хабэрскі: Мы паказваем тэхніку, якая была выкарыстаная ў міжнародных гуманітарных місія. Таксама паказваем дасягненьні польскіх жаўнераў падчас замежных місій. Нашай задачай часта зьяўляецца аказаньне дапамогі мясцовым жыхарам пры разьмініраваньні тэрыторыі.
Тры гады таму Польшча выдзяляла на міжнародную гуманітарную дапамогу 1.6 мільярдаў злотых. Летась маштаб польскай гуманітарнай дапамогі перавысіў 2,8 мільярды злотых. Для Польшчы – гэта вельмі важнае пытаньне.
Юры Ліхтаровіч