Надоечы палякі адсьвяткавалі 40-ую гадавіну першага паломніцтва папы рымскага Яна Паўла ІІ на Айчыну. Той візыт, які працягваўся 9 дзён, адкрыў палякам шлях да свабоды, ён зьмяніў ход гісторыі. Які быў уплыў навучаньня Караля Вайтылы на палякаў, на тое, як прачнуўся свабодалюбівы дух у польскім грамадзтве?
Калі Караль Вайтыла быў абраны галавой каталіцкага касьцёла ў кастрычніку 1978 году, падпарадкаваныя Савецкаму Саюзу ўлады Польшчы яшчэ, бадай, да канца не разумелі, які вялікі ўплыў новы папа рымскі можа аказаць на польскае грамадзтва. Аднак праз паўгоду пасьля выбару, калі 2 чэрвеня 1979 году папа паставіў нагу на польскай зямлі, яны ўжо добра ведалі, наколькі небясьпечны для іх панаваньня ўплыў можа аказаць Ян Павал ІІ на людзей у Польшчы. У часе першага паломніцтва камуністычныя ўлады ўбачылі адраджэньне свабодалюбівых памкненьняў палякаў. На думку гісторыка, сэнатара Яна Жарына, не было б свабоднай Польшчы без Яна Паўла ІІ.
Ян Жарын: Не было б незалежнай Польшчы без Яна Паўла ІІ. Асабліва гэтае першае паломніцтва было вельмі істотным. Тады палякі ўбачылі, колькі суайчыньнікаў прыходзіць на сустрэчы з папам рымскім, што ў народзе ёсьць сіла, каталіцкі дух не загінуў. Гэта, канешне, таксама вялікая заслуга прымаса Стэфана Вышыньскага. Аднак тады, 2 чэрвеня і ў наступныя дні грамадзтва ўзбадзёрыла тое, колькі людзей навокал, якія думаюць аднолькава. І гэта заслуга Яна Паўла ІІ.
Падчас першага паломніцтва Ян Павал 2 наведаў Варшаву, Гнезна, Чанстахову, Кракаў, Кальварыю Зэбжыдоўскую, Вадавіцэ, Асьвенцім і Новы Тарг. Паводле падлікаў гісторыкаў Інстытуту нацыянальнай памяці, на сустрэчы са Сьвятым Айцом агулам прыйшло каля 10 млн. жыхароў Польшчы, гэта значыць, прыкладна кожны чацьвёрты паляк. Словы папы рымскага траплялі глыбока ў сэрцы людзей, ён прыгожай, простай мовай выражаў памкненьні і мары палякаў, – адзначае Ян Жарын.
Ян Жарын: Папа рымскі быў на той час адзіным чалавекам, з якім поўнасьцю ідэнтыфікавалі сябе палякі. Як ён сам пазьней сказаў, у 1987-ым годзе, ён зьвяртаўся «да нас і за нас». І гэтае «да нас і за нас» было з аднаго боку вялікім урокам самасьвядомасьці народу, а з іншага боку гэта была аграмадная доза інфармацыі для ўладаў камуністычнай Польшчы, што каталіцкі касьцёл у краіне зьяўляецца магутнай структурай. І што гэта сіла, якая прэзэнтуе сабою сапраўдныя інтарэсы польскай нацыі.
Неўзабаве пасьля першага паломніцтва папы рымскага ў Польшчу нарадзіўся незалежны прафсаюз «Салідарнасьць», які стаў магутнай сілаю, якая змагалася з камуністычнымі ўладамі. Ён уцягнуў у свае шэрагі мільёны палякаў. Меркаваньнем старшыні прафсаюзу Пятра Дуды, не было б «Салідарнасьці» без паломніцтва Яна Паўла ІІ у Польшчу. Выступаючы на сьвяткаваньні 40-ой гадавіны візыту Сьвятога Айца, Пётр Дуда казаў, што падчас візыту ў Польшчу Ян Павал ІІ разбудзіў у паляках салідарнасьць, гонар і пачуцьцё ўласнай годнасьці.
П. Дуда: Тое, што стала пазьней, у жніўні 1980 году, падзеі, якія пачаліся па ўсёй краіне, былі наступствам словаў Сьвятога Айца Яна Паўла ІІ. Без яго не было б незалежнага прафэсійнага саюзу «Салідарнасьць», не было б забастовак рабочых у 1988 годзе, не было б такой важнай падзеі, як круглы стол уладаў з апазыцыяй, а таксама часткова свабодных выбараў 4 чэрвеня 1989 году, не было б гэтага ўсяго, калі б не паломніцтва і словы Сьвятога Айца Яна Паўла ІІ.
У гэтыя дні палякі шырока адзначаюць 40-ую гадавіну першага, самага важнага паломніцтва папы рымскага ў Польшчу. У Гданьску сьвяткаваньне зладзіў прафсаюз «Салідарнасьць». Ва ўрачыстасьцях удзельнічалі прадстаўнікі ўраду, у тым ліку прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.
ПР/нг