Logo Polskiego Radia
Print

Раман Кноль – палітык і дыплямат

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 31.05.2019 18:30
  • Раман Кноль.mp3
Варшаўскае МЗС выпусьціла сэрыю біяграфій выбітных дыпляматаў даваеннай Польшчы.
Надзвычайна й паўнамоцны пасол Польшчы ў Італіі Раман Кноль у будынку пасольства ў Рыме (1926-1928 г.г.). Надзвычайна й паўнамоцны пасол Польшчы ў Італіі Раман Кноль у будынку пасольства ў Рыме (1926-1928 г.г.). Narodowe Archiwum Cyfrowe

Нядаўна ў Польшчы выйшла біяграфічная кніга «Раман Кноль – палітык і дыплямат». У ёй можна прачытаць біяграфію Рамана Кноля – польскага палітыка, дыплямата, масона й заснавальніка Нацыянальна-дзяржаўнага зьвязу – партыі, якая цесна супрацоўнічала зь лягерам Юзэфа Пілсудскага.

Нарадзіўся Раман Кноль у 1888 годзе ў польскай сям’і ў Кіеве. Закончыў Кіеўскі ўнівэрсытэт. Ужо будучы студэнтам далучыўся да дзейнасьці польскіх арганізацый. Калі ў 1918 годзе Польшча стала незалежнай краінай, паступіў на службу ў МЗС. Распавядае Пётр Длугалэнцкі з архіву Міністэрства замежных справаў Польшчы.

Пётр Длугалэнцкі: Раман Кноль без сумневаў зьяўляецца адным з важнейшых дыпляматаў міжваеннай Польшчы. Біяграфічная кніга пра Рамана Кноля выйшла ў рамках выдавецкай сэрыі МЗС й Сэйму Польшчы, у якой мы стараемся расказваць пра выбітныя постаці польскай дыпляматыі даваеннай Польшчы. Для прыкладу, ужо выйшлі біяграфіі Міхала Лубеньскага – пасла й бліжэйшага памочніка міністра замежных спраў Польшчы Юзэфа Бэка, а таксама Вацлава Гжыбоўскага, які быў адным з важнейшых польскіх дыпляматаў. Гэта менавіта ён, будучы паслом Польшчы ў Маскве, у верасьні 1939 году адмовіўся прыняць савецкую дыпляматычную ноту, у якой Крэмль абгрунтоўваў агрэсію супраць Польшчы.

Вяртаючыся да Рамана Кноля... Гэта быў адзін з найбольш працавітых дыпляматаў, бо ўжо ў 1917 годзе, калі Польшча станавілася на шлях незалежнасьці, ён працаваў на яе карысьць, а калі краіна стала незалежнай у 1918 годзе, то ён адразу ж паступіў на службу ў МЗС маладой дзяржавы.

З самага пачатку дыпляматычнай кар’еры ён быў зьвязаны з так званым усходнім напрамкам польскай замежнай палітыкі, будучы спэцыялістам па пытаньнях Расеі і Ўкраіны, быў генэральным сакратаром польскай дэлегацыі, якая працавала над Рыскай мірнай дамовай. Быў прадстаўніком Польскай рэгенцыйнай рады ў Расеі, а пазьней – часовым павераным у справаў Польшчы ў Расеі. Але Раман Кноль таксама працаваў у іншых месцах. Для прыкладу, быў афіцыйным прадстаўніком Польшчы ў Турцыі й паслом у Італіі. Дарэчы, менавіта ён адкрыў пасольства Польшчы ў Італіі й там служыў у вельмі цікавы пэрыяд, калі нараджалася дыктатура Мусаліні.

Пасьля Італіі Раман Кноль быў паслом у Нямеччыне (1928 – 1930 г.г.). Дарэчы, часткова хуткую кар’еру Рамана Кноля можна патлумачыць тым, што ён браў удзел у падрыхтоўцы перавароту, які Юзэф Пілсудскі зьдзейсьніў у траўні 1926 году. Пасьля перавароту цягам некалькіх месяцаў займаў пасаду намесьніка міністра замежных справаў Польшчы.

У 1930 годзе быў адпраўлены ў адстаўку за крытыку тагачаснага намесьніка міністра, а з 1932 году міністра замежных спраў Юзэфа Бэка.

Падчас вайны быў у Сэкцыі замежных спраў Прадстаўніцтва эміграцыйнага ўраду ў Польшчы. Пасьля вайны застаўся на радзіме, памёр у Катавіцэ ў 1946 годзе. Паводле сучасьнікаў, Раман Кноль меў фэнамэнальную памяць.

Валеры Саўко

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт